Ды былі й абаронныя вёскі-цьвярдыні, якія мужна бараніліся ад нападаў бальшавіцкіх бандаў. Вось, недзе ў палове траўня 1944 году, камэндант нямецкай паліцыі ў Вялейцы Бэнцаль зьвярнуўся да мяне, ці я не хацеў-бы заўтра зраньня наведаць абаронную вёску Касьцяневічы, якая ў Вялейскай акрузе была наўзорнаю.
Назаўтра раніцай нашая маторная калёна ў сіле 30 беларускіх паліцыянтаў рушыла ў намечаную вёску. Спыніліся мы ў хаце бязьдзетных сялянаў. Наш гаспадар з сьлязьмі ў вачох апавядаў, як бальшавікі, заняўшы Заходнюю Беларусь, прызналі яго «кулаком», хоць ён цэлае сваё жыцьцё сам працаваў на сваёй зямлі бязь ніякае наёмнае сілы й нікога не «эксплуатаваў». Пазабіралі яму каровы й коні, а сам ён стаяў на сьпіску ў Сібір.
Зьведалі мы пасьля акружаную баёвымі бункерамі абаронную вёску. Пасярэдзіне быў зроблены аграмадны крыты схоў для жывёлы, куды нанач заганялі кароў — каля 150 галоў, — каб банды не маглі іх схапіць. У бункерах была сталая абаронная служба, нанач узмоцненая. Апрача гэтага ўдзень патрулі самааховы кантралявалі прастору вёскі радыюсам у тры кілямэтры.
Баявая сіла вёскі выстраілася, на нашае прывітаньне, у рады. Было каля 85 чалавек. Я з гэбітскамісарам і начальнікам паліцыі Вэнцэлем прывіталіся з камандуючымі гэтае цьвярдыні, перайшлі перад выстраенымі абаронцамі, зь некаторымі гаварылі. Дух у людзей быў бадзёры, але яны прасілі прыслаць больш паліцыі й жаўнераў, а таксама зброі, амуніцыі й іншага выснашчэньня, ды асабліва цяжкой зброі, бо партызаны такую маюць, — кулямёты, лятучыя міны, мартыры. Прасілі таксама, каб прыслалі ім у вёску беларускага ксяндза. Школа ў вёсцы працавала, але нехапала настаўнікаў. Моладзь была сарганізаваная ў СБМ ды прэзэнтавалася вельмі добра.
Калі мы вярнуліся з агляду да нашай гасподы, дзе мы затрымаліся, дык гаспадар меў ужо засланы, з багатай пачосткай, стол. Немцы былі захопленыя арганізацыяй абароны ў вёсцы. Гэбітскамісар выступіў з прамовай, хваліў гаспадара ды ўсю вёску за парадак, за антыкамуністычны настрой, за стойкасьць у абароне народу. Сваю прамову ён закончыў гэткімі словамі:
— Вы ўсе атрымаеце зямлю на собскасьць. Ваш край будзе свабодны. Трымайцеся далей дружна й стойка, а Фюрэр вас не забудзе!..
Ведама, гэта была звычайная нямецкая прапаганда. Ды ў ёй ужо ня было ранейшага нахабства ды застрашваньня народу «нямецкай сілай», ня было старой тупалобасьці, якая вяла да вынішчэньня жыхарства. Цяпер яны ўжо ня мелі веры, што выйдуць «татальнымі» пераможцамі з вайны. Бачылі цяпер і яны, што трэба шукаць сабе саюзьнікаў і сярод Славянаў.
У паваротнай дарозе я думаў і аб тым, што Немцы ўсёж такі зусім ня ведаюць нашага народу ні псыхікі селяніна. У сваёй прапагандзе яны, на падабенства бальшавікоў, трызьняць аб тым, быццам Беларус ніколі ня меў свае зямлі, і што быццам гэта яны, панявольнікі гэтага народу, гэтую зямлю дадуць. Як раней бальшавікі ашуквалі народ гэткай прапагандай, так цяпер тое самае балбаталі новыя акупанты.
Яны нейк ніяк не маглі бачыць таго, што Беларус ад веку жыў на сваёй а не на чужой зямлі, і толькі розныя панявольнікі ягоную зямлю ад яго адбіралі. І ўсіх перавысілі бальшавікі, бо адабралі ўсю бяз рэшты зямлю ды сялян загналі ў прыгон, у свае калгасы ці саўгасы пад клічам: «Уся зямля сялянам!» Які жудасны цынізм! Немцы цяпер таксама цешаць селяніна: «Вы дастанеце зямлю!» Чыю зямлю? Зь якое ласкі? Якім правам? У якім выглядзе? Ці ня будзе гэта новы прыгон? Селянін, слухаючы нямецкую прапаганду «Вас чакае зямля!» прыгаварваў: «Два мэтры на адзін!»
Аднак у Немцаў усё-ж былі большыя намёкі на права селяніна на ягоную зямлю. Тыдні два пасьля, з загаду галоўнага камісара Беларусі, гэбітскамісары паслалі раздаваць сялянам граматы, што з волі Фюрэра беларускія сяляне, якія былі загнаныя бальшавікамі ў калгасы, а таксама ацалелыя адзіночкі й хутаране, і тыя, што ўжо ў часе вайны падзялілі міжсобку калгасную зямлю, становяцца ўласьнікамі гэтае зямлі на якой сядзяць ды якую зь дзеда-прадзеда апрацоўваюць. Яны адно ня маюць права зямлю гэтую прадаць, або дзяліць, без дазволу дзяржаўных уладаў Беларусі. Зямельная рэформа, з адпаведнымі прырэзамі зямлі, прадбачвалася толькі пасьля вайны…
Ганарова першыя гэткія граматы атрымалі сяляне абароннай вёскі Касьцяневічы з рук кіраўніка вялейскай акругі Чалоўская, які выступаў ад імя вялейскага гэбітскамісара.
Напачатку чэрвеня 1944 году гэбітскамісар ізноў выклікаў мяне на паездку да Даўгінава для інспэкцыі тамашняга палажэньня. Дзеля нарастаючай актыўнасьці савецкай дывэрсіі, мы выехалі пад большай аховай. Перад намі ехала грузавое аўта з 12 добра ўзброенымі беларускімі паліцыянтамі, ззаду-ж другое, пад камандай начальніка Вэнцэля.
Читать дальше