Цяпер гэтая ідэя была Немцам прыемлівая. І генэральны камісар, з згодай Бэрліну й Гітлера, даў дазвол склікаць гэткі кангрэс 27 чэрвеня 1944 году.
Часу ня было шмат, бо бальшавікі прабіваліся ўсё глыбей і глыбей у кірунку на Менск. Праз кур'ера я атрымаў загад прэзыдэнта Астроўскага: на 27 чэрвеня прыслаць зь Вялейскай акругі на кангрэс 40 дэлегатаў, выбіраючы з паветаў і валасьцей знатнейшых Беларусаў розных заняткаў і рознага становішча. Адпаведны загад па акрузе я выдаў. Усе дэлегаты 26 чэрвеня мелі быць у Вялейцы, на вызначаным месцы, для супольнага ад'езду. Транспарт давалі Немцы. Да Вялейкі прыбылі аднак-жа ня ўсе дэлегаты. Некаторым зручней было ехаць адразу да Менску й там мы зь імі сустрэліся. Зьехалася ў Менску каля 1250 чалавек з усіх куткоў Беларусі, уключна зь Вільняй і Беластокам.
Зьезд-Кангрэс адбываўся ўрачыста ды пры належнай бясьпецы. Будынак менскага тэатру ўжо ад раньня быў абстаўлены беларускімі збройнымі сіламі, каб супроцьдзеіць усякай магчымай дывэрсіі. Сам будынак быў дакладна перагледжаны адмыслоўцамі ад узрыўных матар'ялаў. Пры ўваходзе беларуская служба бясьпекі спраўджала мандаты дэлегатаў ды пільнавала, каб ніхто ня меў з сабой зброі ці нейкіх пакункаў. Заля тэатру была ўдэкараваная беларускімі сьцягамі й вялізнай Пагоняй.
Сябры Беларускай Цэнтральнай Рады, з прэзыдэнтам Р. Астроўскім на чале, занялі правы задні балькон, упрыгожаны беларускімі сьцяжкамі ды зеленьню. На левым бальконе сядзелі прадстаўнікі генэральнага камісарыяту Беларусі — Фішэр, Сэп, Сівіца, зь ген. фон Готбэргам на чале. Рэшту залі ды бочныя бальконы запоўўнілі дэлегаты зьезду. На сцэне засела прэзыдыя кангрэсу пад старшынствам Я. Кіпеля.
Праграма й парадак былі дакладна падрыхтаваныя адмысловай камісіяй зьезду, былі вызначаныя нават і галоўныя прамоўцы. Сярод іх голас быў прызначаны й для «апазыцыі» да пануючага рэжыму, галоўна для крытыкі нямецкае палітыкі ў Беларусі. Адзін з паплечнікаў Р. Астроўскага сказаў мне, што я маю прамаўляць у справе беларускай замежнай палітыкі. Было гэта мне сказана коратка перад адкрыцьцём кангрэсу. Да такога выступу я ня быў падрыхтаваны, тымбольш у ўмовах нямецкай кантролі. Таму я запытаўся, што маю гаварыць. Мне радзілі сказаць аб тым, што ўсім кангрэсам мы павінны ануляваць усе варожыя для беларускага народу трактаты, пачынаючы ад Рыскага 1921 году, на які спасылаецца ўвесь час польскі эміграцыйны ўрад у сваіх прэтэнзіях на землі Заходняе Беларусі, ды канчаючы Тэгэранскім 1943 году тройкі Сталін, Рузвэльт і Чэрчыль, які перадае чырвонай Маскве ўсю Беларусь.
Далей я меў адзначыць тое, што мы, як прадстаўнікі беларускага народу, выражаем яго волю, выказаную на Першым Усебеларускім Кангрэсе 1917 году аб самастойнасьці Беларусі, што тады было ўкаранавана Актам 25 Сакавіка 1918 году. Я згадзіўся з прапановай арганізатараў зьезду, бо думкі былі талковыя, карысныя. Ведаў я таксама, што палажэньне на фронце не дазваляе на шырокую дыскусію, што зьезд павінен вырашыць толькі найбольш істотныя пытаньні нашага жыцьця й будучыні, і як найхутчэй, магчыма за адзін дзень. Дзеля гэтага й прэзыдэнтам кангрэсу выбраны быў Я. Кіпель, ведамы мянчук, былы дзеяч савецкіх прафсаюзаў, праз аклямацыю.
А восьмай гадзіне на трыбуну ўзышоў прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі, які адкрыў зьезд кароткай прамовай, у якой ён казаў:
— Вітаю вас, як прадстаўнікоў беларускага народу ў сталіцы Беларусі, што сабраліся для вырашэньня важных праблемаў будучыні нашага народу й бацькаўшчыны. Жадаю вам адначасна ад імя БЦР посьпехаў у вашай працы…
Цікава адцеміць тэкст прывітаньня генэральнага камісара Беларусі фон Готбэрга на гэтым кангрэсе:
«Вітаю гэтым Усебеларускі Кангрэс і веру, што беларускі народ будзе рашуча, супольна зь нямецкім народам, змагацца супроць бальшавіцкае небясьпекі й за вызваленьне Эўропы, і што ён узмацуе ды аддасьць на гэта ўсе свае сілы. Тады гэтае цяжкое змаганьне дасьць перамогу, якая й беларускаму народу прынясе шчасьлівую будучыню.
Фон Готбэрг,
Генэральны Камісар Беларусі».
З гэтага прывітаньня вынікае, што Немцы, падтрымоўваючы цяпер імкненьні Беларусаў да свабоды, хоць ішлі цяжкія баі на тэрыторыі Беларусі, яшчэ верылі, што ўсёж такі ім удасца спыніць бальшавіцкую навалу, калі не на тэрыторыі Беларусі, дык у сярэдняй Эўропе. А тады, на юрыдычнай аснове пастановаў кангрэсу, ужо ў перамовах аб супакоі, яны змогуць Беларусь ды Прыбалтыку мець як прыязныя сабе краіны. Цікава таксама, што камісар фон Готбэрг не гаварыў цяпер аб «Новай Эўропе», але аб «вызваленьні Эўропы ад бальшавіцкай небясьпекі»!
Читать дальше