Цікава й дарэчы гаварыў прэзыдэнт кангрэсу Я. Кіпель, Ён казаў:
«Мы сабраліся на гэтым кангрэсе ў надзвычайна адказны гістарычны момант: на ўсім сьвеце ідзе вайна, вырашаецца лёс народаў на доўгія гады. Беларусь цяпер ніяк ня можа заставацца бязьдзейнай. Мы мусім самі ўзяцца за будаўніцтва свае будучыні.
Ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія верхаводы ў суполцы з англа-амэрыканскімі магнатамі, што патакуюць маскоўскаму імпэрыялізму. Яны ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу. На нашыя землі прэтэндуюць таксама польскія нацыяналісты, што падтрымоўваюцца ўсходня-заходняй хэўрай. І вось таму ў так важны час мы павінны голасна сказаць усяму сьвету: хто мы й чаго мы хочам!
Першы раз беларускі народ меў магчымасьць сабрацца тут у Менску, у гэтым будынку, дваццаць шэсьць гадоў таму назад. Гэта быў першы Ўсебеларускі Кангрэс. Ён выбраў Раду Кангрэсу, якая ў 1918 годзе, 25 сакавіка, вынесла свае агністыя пастановы аб лёсе Беларусі й беларускага народу. Гэтыя пастановы не спадабаліся бальшавіком, дык яны разагналі Першы наш Кангрэс, а пасьля на працягу дваццаці шасьцёх гадоў аблівалі яго пастановы ня толькі памыямі й гразёй, але й крывёй лепшых сыноў нашага народу… Аднак, сваімі подлымі ўчынкамі, бальшавікі ня здолелі зацьміць пастановаў Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, бо яны зіхацяць аж па сёньня ды вабяць да сябе ўсё лепшае, што ёсьць у беларускім народзе…»
Было й шмат іншых прывітальных прамоваў: кап. Чабатарэвіча ад Беларускай Краёвай Абароны, М. Галька ад Саюзу Беларускай Моладзі, Л. Савёнка ад імя сялянаў і работнікаў, архіяпіскапа Філафея ад Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы, а. П. Татарыновіча ад Беларусаў-каталікоў, ды іншыя. Ува ўсіх прамоўцаў гучэў моцна галоўны кліч:
«Няхай жыве Незалежная Беларусь!»
Галоўны даклад і на галоўную тэму — пра адхіленьне права чужынцам вырашаць аб лёсе беларускага народу й Беларусі, ануляваньне ўсіх няпрыгодных законаў, трактатаў, угодаў, накінутых беларускаму народу, — меў М. Шкялёнак. Ён шырока прадставіў самапраўства Палякаў у пасяганьні на Заходнюю Беларусь, якую яны захапілі ды замацавалі Рыскім трактатам з бальшавіцкай Расеяй 1921 году, ды ад якой не адказваюцца й сёньня, трубячы аб «легальнай» польскай граніцы на Ўсходзе згодна з названым разбойніцкім падзелам беларускай адроджанай дзяржавы БНР, якую абодва агрэсары зьнішчылі.
Пасьля гэтага дакладчык яскрава прадставіў маскоўскага чырвонага агрэсара, што ніколі не прызнаваў і не прызнае права на самавызначэньне паняволеных Масквой народаў, а права гэтае замяняе маной, подступам, хітрыкамі, сілай, тэрорам ды пакіданьнем сваёй бальшавіцкай крывавай дыктатуры. Цяпер гэтая-ж крывавая Масква выступае, у змове з сваімі заходнімі саюзьнікамі, як «гаспадар» Беларусі, як «апякун» беларускага народу. «Хто даў маскоўскім разбойнікам права быць панам жыцьця й сьмерці нашага народу?» — пытаўся дакладчык у дэлегатаў кангрэсу.
«Ці ня той гэта “праўны гаспадар”, які “дзеля дабра беларускага народу” загадаў сваім бальшавіцкім бандам разагнаць Першы Ўсебеларускі Кангрэс 1917 году, а ў 1920 годзе зьнішчыць беларускую незалежную дзяржаву БНР, створаную воляй усяго беларускага народу?
Ці гэта той самы “праўны гаспадар”, які ў 1921 годзе ў Рызе, супольна з польскімі агрэсарамі, для “дабра” таго-ж беларускага народу парэзаў цела сялянска-работніцкае Беларусі ды гандляваў яе тэрыторыяй як хацеў і зь кім хацеў?
Ці гэта ня той самы “праўны гаспадар”, які ізноў-жа “для дабра беларускага народу” закатаваў 1 800 000 найлепшых беларускіх сялян і работнікаў, зьнішчыў дзясяткі тысяч беларускае інтэлігенцыі, разбурыў беларускую гаспадарку, давёў край і народ да поўнай руіны й галечы?
Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які разбурыў найкаштоўнёйшыя помнікі нашай слаўнай культуры, нашыя сьвятыні, атручваў душы нашых дзяцей сваёй бязбожнай бандыцкай маральлю, ізноў-жа для “дабра” беларускага народу?
Ці гэта ня той самы “гаспадар”, які пакрыў беларускі край засьценкамі НКВД, у падзямельлях якіх крывавіліся ў муках тысячы Беларусаў за імкненьне да свабоды й абарону чалавечых правоў і годнасьці?..
Хто й калі даў вам права выступаць ад імя беларускага народу перад сьветам — вам, ягоным забойцам?..»
Свой даклад М. Шкялёнак закончыў заклікам:
«Думаю, што сярод вас, прадстаўнікоў беларускага народу, ня знойдуцца такія, што баранілі-б, або падтрымоўвалі тыя ўсе ланцугі, тыя дагаворы й пастановы нашых ворагаў, якімі яны нас мучылі, а цяпер і надалей хочуць узаконіць наглую няволю.
Читать дальше