— Як часта адбываліся ў лягеры расстрэлы засуджаных?
— Вельмі рэдка. Да сёньня там было расстраляна нябольш 50 чалавек, гэта значыць за гады 1942–1943.
— А якія ў вас заняткі цяпер?
— Я тут у Вялейцы маю колькі гадзінаў інструктажу ў тутэйшай Падафіцэрскай Школе. Вось гэта здаровы беларускі матар'ял на нашае войска.
— А ведаюць, за што ідуць змагацца?
— Думаю, што так. Нацыянальная стойкасьць у іх відавочная.
23 гады пазьней гэтага С. Бобку польскія камуністы выкрылі ў Вроцлаве, дзе ён апынуўся, ня маючы змогі ўцячы на Захад.
А вось зусім іншы абразок. У вялейскае намесьніцтва аднойчы зьявіўся рослы мужчына гадоў 34, з-пад Ільлі родам, які расказаў мне аб сваёй бядзе.
— Я, спадар намесьнік, працую ў кравецкай майстэрні БКА краўцом на сваёй машыне. Шыем для беларускага войска мундзіры з палатна. Але ў мяне вялікае гора!..
— Што такое? — пытаюся.
— Бяда! — кажа. — Мая жонка прапала!
— Як прапала?
— Раскажу вам усё, як было. Тыдні два таму назад, калі я быў у вёсцы, увалілася да нас у хату двух партызанаў ды крычаць: «Хадзі з намі, кулацкі сын!» Я стаў бараніцца, адгаворвацца, што я толькі кравец, а не які кулак. Адзін зь іх казаў мне, пад дулам стрэльбы, трымаць узьнятыя рукі, другі-ж перарыў усё ў хаце, але нічога не знайшоў. Жонкі тады дома ня было, большая дзяўчынка была ў школе, а меншая пры мне. Яна, спуджаная, галасіла. Тады камуністы павялі мяне ў кірунку лесу. Прайшлі мы колькі кілямэтраў побач хутароў. Калі-ж міналі вёску, дык адзін з партызанаў пайшоў у вёску, а другі гнаў мяне да лесу. Я наважыў бараніцца за ўсякую цану. У нагрудным кішэні ў мяне быў кравецкі нож, якім я спорваў швы. Я пастанавіў заатакаваць бандыта. Вось я звольніў ходу. Партызан таўчэ мяне дулам у плечы, а я ў гэты момант выхапіў свой нож ды дзеўбануў ім бандыту проста ў вока. Ёй завішчаў ды пакаціўся. Я тады вырваў зь ягоных рук стрэльбу, ды ходу. Вёску я мінуў бокам, каб ня сустрэцца з другім бандытам, ды прыбег дадому. І тут… Божа мой! Ад дачок я даведаўся, што мая жонка, калі прыйшла дамоў, ды пачула, што мяне пагналі бандыты, наказала дзецям сядзець спакойна дома ды чакаць, а сама пабегла шукаць мяне. Ад гэтага часу пра яе й сьлед прапаў… Мне ня было іншага выхаду, як з дачушкамі ды машынай на плячох уцякаць да Вялейкі. Ці немагчыма, спадар намесьнік, выратаваць маю жонку?
— Вашае гора запраўцы вялікае! — сказаў я ды загадаў майму сакратару сьпісаць усю справу й перадаць беларускай паліцыі й СД усе падрабязнасьці выпадку з заданьнем выведаць аб лёсе жонкі гэтага беларускага патрыёты.
Краўцу-ж гэтаму сказаў:
— Цяжкая вашая справа! Ды мы зробім усё, каб дапамагчы вам у вашым горы, каб вашую жонку расшукаць!..
Абаронныя вёскі былі арганізаваныя ў 1943 годзе. Гэта была першая нямецкая спроба здабыць дапамогу ад беларускага сялянства ў змаганьні з савецкай партызаншчынай. Для вёскі ў лясным прасторы Немцы давалі пару дзясяткаў старых савецкіх стрэльбаў, зь невялікім запасам амуніцыі, з загадам адбіваць партызанскія напады ды вылоўліваць паадзіночных дывэрсантаў.
Напачатку гэта давала некаторы вынік, але з ростам партызаншчыны, што была кіраваная адмысловым бальшавіцкім штабам пры галоўнай кватэры Сталіна ды пад начальствам Панамарэнка, пры вялікіх ськідах парашутыстых ды вайсковага матар'ялу, абаронныя вёскі ня былі ў сілах бараніцца ад лепш узброенага ды вялікага лікам ворага. Цяпер яны сталі адно правакацыяй для нішчэньня бальшавіцкімі бандамі беларускага жыхарства.
У сувязі з гэтым, Р. Астроўскі, як прэзыдэнт БЦР, 25.5.1944 году зьвярнуўся да генэральнага камісара Беларусі з гэткім мэмар'ялам:
«Высокапаважаны Генэральны Камісар Беларусі!
Будучы ў Слуцку, я даведаўся, што тамашнія “Узброеныя вёскі” ня могуць выканаць свайго заданьня, бо іх узбраеньне, колькі вінтовак, ня можа даць адпору добра ўзброеным партызанскім савецкім аддзелам, кіраваным камандзірамі-спэцыялістамі, ськінутымі на парашутах. У выніку, гінуць ня толькі добраахвотнікі, якія спрабуюць супроцьстаўляцца, але й іх сем'і. Таму ветліва прашу Вас, сп. Генэрал, спыніць акцыю абаронных вёсак, а я дам загад па лініі БЦР і БКА, каб у заложаныя партызанамі вёскі Акруговы Камандзір БКА Слуцкае Акругі, у паразуменьні з Гэбітскамісарам, выслаў адпаведна ўзброеныя аддзелы БКА.
Р. Астроўскі».
І гэтак абаронныя вёскі ня толькі ў Случчыне, але й у іншых раёнах былі зьліквідаваныя, каб, пры немагчымасьці самаабароны, не правакаваць іх на напады партызанскіх бандаў.
Читать дальше