КРЫВАВЫЯ ПАРАЗІТЫ НА НАШЫМ ЦЕЛЕ
Калі Немцы 22 чэрвеня 1941 году рынулі на Усход — чаго не спадзяваўся Сталін, а аб чым даўно ведала ўся Эўропа, — дык мелі яны свой вельмі просты «плян». Як Гітлер выказаўся ў сваім «Майн Кампф» — «нямецкія калёніі ляжаць на ўсходзе». Гітлер спадзяваўся, што ў хуткім часе скрышыць бальшавіцкую аружную сілу, забярэ Маскву, Ленінград і Ўкраіну, і тады падыктуе камуністам умовы міру.
Прыбалтыйскія дзяржаўкі як невялікія жыхарствам ды зь гістарычнай традыцыяй нямецкае экспансіі, мелі быць цалкам зьяднаныя з Райхам. Жыхары мелі стацца Немцамі ці павандраваць на ўсход. Украінцы, дзеля таго, што іх зямля вельмі ўраджайная, ды там калісьці, больш тысячы гадоў таму, праходзілі Готы, мелі стацца працоўным рэзэрвуарам для Немцаў. Толькі малы працэнт мог бы быць прыняты ў «фольксдойчы». Беларусам, дзеля іхняй менш ураджайнай зямлі ды цішэйшага характару, меўся быць пакінуты супакой на гадоў 50. Немцы тады яшчэ ня ведалі, што і ў зямельных нетрах Беларусі ёсьць нафта, магутныя слаі солі, ды іншыя багацьці.
Хутка пасьля пачатку вайны на ўсходзе, у Беларусі й Украіне, зьявіліся генэральныя камісары, пад імі былі гэбітскамісары. У прыбалтыйскіх дзяржавах былі ўжо толькі гарадзкія ды акружныя камісары. У рамках гэтае схэмы Ўкраіна, Летува, Латвія й Эстонія былі зусім пазбаўленыя адміністрацыйнае завязі свае дзяржаўнасьці. Толькі Беларусам былі зробленыя некаторыя ўступкі ў адміністрацыі, школьніцтве, самапомачы й нават у вайсковай галіне арганізацыяй Самааховы.
Варта тут успомніць, што, паводле расказаў уласьнікаў, у Харкаве й Кіеве генэральны камісар Кох палкай набіў тых украінскіх прадстаўнікоў, якія прасілі дазволу на арганізацыю народнага школьніцтва.
Тымчасам, хоць бальшавікі й мелі вялікія страты, ды ўсё ж не распаліся. Яны адбілі ад Масквы нямецкія атакі ды прымусілі Немцаў залегчы ў сьнягі й балоты ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Характар і ход вайны зьмяніўся на некарысьць Немцаў. У іх паўстала аграмаднае неспакойнае заплечча, якое трэба было нейк арганізаваць для эксплянтацыі ў зацяжной вайне.
На ўсіх франтах Гітлер траціў мільён людзей у год. Таму ён раптоўна стаў шукаць сабе «саюзьнікаў» для забясьпечаньня тылоў, ды асабліва гэткіх «саюзьнікаў», якія не маглі вязаць Немцаў ніякімі палітычнымі ўмовамі.
Першымі з гэткіх нямецкіх «саюзьнікаў» зьявіліся ў Беларусі аддзелы Латышоў і Летувісаў. Латышы пераважна панавалі Жыдоў па геттах ды памагалі Немцам праводзіць крывавыя пацыфікацыі мясцовага жыхарства. Летувісы, у сіле пару батальёнаў атаўбаваліся ў Менску, Горадні, пад Слонімам, а пасьля ў Жодзішках. Летувісы на нашых землях вялі сябе прыкладна ды супрацоўнічалі зь беларускімі вайсковымі адзінкамі, за выняткам Вільні ды ўспомненай ужо крывавай акцыі ў Новых Сьвяньцянах.
Другімі памагатымі Немцаў на нашых землях былі польскія вайсковыя адзінкі, польская паліцыя ды рознага тыпу ўрадаўцы. Хоць польскі ўрад у Лёндане ды польскае падпольле ў Генэральнай Губэрні вялі вайну зь Немцамі, ды на землях Заходняе Беларусі яны пастанавілі зь Немцамі супрацоўнічаць. Імкнуліся гэтак апанаваць адміністрацыю ды пад пратэкцыяй Немцаў тварыць свае вайсковыя адзінкі, як гэта ў Першую Сусьветную вайну рабіў Я. Пілсудскі.
Польскія ўзброеныя сілы на тэрыторыі Беларусі прыблізна лічылі: у Горадзеншчыне 200 чалавек, у Лідчыне 250–300 чалавек з «штабам» у Варанове, у Налібоках — 250, у Стоўбцах 150, у Рубяжэвічах — 100, у Гарадзішчы Баранавіцкай акругі 150, у Вялейшчыне 150 і ў Віленшчыне — 350. Усяго 1600–2000 чалавек. Да вясны 1944 году Немцы давалі ім харч, узбраеньне, рыштунак, транспарт і інструкцыі дзеяньня, ды іх не чапалі, калі яны, насупроць дамоўленасьці, нападалі не на камуністычных партызанаў, а на беларускіх культурных і грамадзкіх дзеячаў, якіх стралялі пераважна з-за вугла.
Толькі вясной 1944 году, калі Мікалайчык дамовіўся з Сталінам, а чырвоная армія з пракамуністычнымі аддзеламі польскай дывізіі «Косьцюшко», заняўшы ўсю Украіну, стаяла на паўдні ўжо на польскім паграніччы, генэрал Бор-Камароўскі, як правадыр польскае кансьпірацыі, даў загад усім сваім аддзелам у Заходняй Беларусі слухаць загадаў штабу Арміі Краёвай (АК), павялічыць свае баявыя сілы ды наносіць удары на тылох нямецкае арміі.
Тады Немцы, разам зь Беларусамі, паразьбівалі апорныя пункты польскай дывэрсіі. Пасьля гэтага толькі малая частка Палякаў засталася на службе ў Немцаў. Іншыя пайшлі ў партызаншчыну ды стараліся лучыцца з камуністычнымі бандамі.
Читать дальше