Мы бачылі, што зь Немцам завязваюцца людзкія дачыненні. Ды гэны Немец хутка выехаў, з сьлязьмі, на ўсходні фронт.
Сустрэча з камісарам нямецкай акруговай паліцыі, капітанам Вэнцэлем, была сухая, датычыла адно стравы барацьбы з партызанамі. У маім першым выступе ў ролі намесьніка БЦР на Вялейскую акругу я заклікаў, каб нямецкія сілы й беларуская акруговая паліцыя, разам з БКА, разьбіваючы бальшавіцкія банды, стараліся ахоўваць ды бараніць нашыя вёскі й мястэчкі, якія, з прычыны паслабленьня нямецкае аховы апынуліся ў партызанскіх зонах. Я казаў, што нямецкія спробы запалохаць жыхарства нішчаньнем нявінных ахвяраў савецкай правакацыі не дадуць ніякіх пазытыўных вынікаў для нашай і нямецкай бясьпекі.
Нямецкі начальнік паліцыі прырок, што гэта больш не паўторыцца. Абмяркоўваліся далей справы мабілізацыі беларускага войска, вышкаленьня адпаведных кадраў, вайсковага забясьпечаньня. Капітан Вэнцаль выявіўся перад намі як чалавек абазнаны з вайсковымі справамі ды спрыяльны нашым беларускім патрэбам.
Іншым прыхільным нам Немцам, якога я пазнаў у гэтым часе, быў акруговы кіраўнік нямецкай нацыскай партыі на Вялейскую акругу. Быў гэта чалавек гадоў 30-ці, па прозьвішчы Мантольд. Ён зырка сачыў усю беларускую дзейнасьць. Мяне ён толькі раз наведаў у маім акруговым намесьніцкім урадзе. Мне не выпадала хадзіць да яго па нарады, я высылаў заўсёды свайго заступніка Бабіна.
Пасьля нейкага часу склаў я візыту акруговаму шэфу СД, обэрштурмфюрэру Гравэ, якога я знаў з ранейшых падзеяў. Пасьля афіцыйных «гучных» словаў, я задаў простае пытаньне пра лёс П. Родзевіча ды А Калодкі. Гравэ замоўк, пачырванеў, сьсінеў, неапанавана стукнуў кулаком у стол ды закрычаў:
— Паследній раз прашчаю таму, кто поднімает этот вопрос!
На стук кулака ў канцылярыю ўскочыў ягоны заступнік Дуклявэ.
— Это дело давно закончено! — прадаўжаў ён.
— Простіте, сударь, — сказаў я, — я хацеў спытацца, што сталася зь імі? — Гаварыў я ўжо пабеларуску.
— Палучылі что нада! — крыху паніжаным голасам казаў Гравэ. — А что, вам, Белорусам, не было ізвестно, что Родзевіч был польскім агентом?
— Нет, нам не было ізвестно.
— Вредный польскій тіп. Он не хотел подчініться немецкім властям. Он нашел свое место…
— А Калодка? — пытаюся.
— Калодка самопроізвольно організовал паліцію і руководілся незавісімой белоруской політікой. Я ему простіл это, но он здесь не нужен…
Я ўстаў і сказаў спакойна, хоць у душы кіпела:
— Ізвініте… До свіданія…
— До свіданія. Мы ешчо встретімся, — коса гледзячы на мяне, адказаў Гравэ.
Пасьля гутаркі з Гравэ ў мяне засталося перакананьне, што ў арышце Родзевіча й Калодкі мачалі свае брудныя рукі «пакравітелі православія»: перамыкіны, касякі ды іншыя нямецкія агенты, якія ў Беларусах-каталіках усюды бачылі скрытых «Палякаў», ды ў часе, калі польскае падпольле разьвівалася ў Віленшчыне. А грубая гутарка са мной начальніка СД паказвала, што гэты Немец не давярае й мне, паколькі ведае, што й я каталік.
У хуткім часе мы дасталі дом пад намесьніцтва БЦР. Вывесілі шыльду з Пагоняй ды надпісам лацініцай: «НАМЕСЬНІК БЕЛАРУСКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ НА ВЯЛЕЙСКУЮ АКРУГУ». Ведама, беларуская лацінка таксама калола вочы чорнай сотні, але мусілі маўчаць, бо лацінку ўвялі ў беларускія школы Немцы. Перад фронтам намесьніцтва на высокай машце лунаў беларускі сьцяг. Тут было бюро намесьніцтва ды ахова ў сіле 8 чалавек.
Працы ў арганізаваньні намесьніцтва было шмат. Перш трэба было зарыентавацца ў людзях. Тут у запраўднасьці існавалі дзьве беларускія групы. Першая лучыла старэйшых дзеячаў, якія, супрацоўнічаючы зь Немцамі, стараліся адначасна ўсімі сіламі стварыць у акрузе асновы для беларускае нацыянальнае дзяржаўнае працы. Да яе, у ролі вядучай, належалі Родзевіч, Скабей, Калодка, Кунцэвіч, Найдзюк, Бабіч, Кажан. Да другой — апазыцыянеры, пераважна тыя праваслаўныя, што ненавідзілі каталікоў, адкідалі ўсю вялікую гісторыю нашага народу ў выглядзе Вялікага Княства Літоўскага, як нашай дзяржавы, рух беларускі бачылі адно ў дзейнасьці праваслаўя й праваслаўных. Галоўнымі прадстаўнікамі гэтае групы былі Касякі й Саўчыц.
Аднойчы выпадкова сустрэў я К. Касяка. Быў гэта дзяцюк гадоў 26, вёрткі ў гутарцы, але бясхрыбетны ў справах нацыянальных. Рабіў уражаньне поўінтэлігента, які пры дапамозе інтрыганства пнецца здабыць давер у Немцаў ды выплыць на шырэйшыя воды. Сваім супрацоўнікам я сказаў ігнараваць гэтага чалавека ды рабіць сваю нацыянальную справу.
Читать дальше