Дзён колькі пазьней сустрэў я свайго сябру В. П., які мне перадаў, што СД па ўсіх сваіх установах у Беларусі зьбірае апінію [24] Пункт погляду.
пра Р. Астроўскага.
— А ці ты ведаеш пра сход Беларусаў у акруговага камісара? — спытаўся я.
— Ведаю, але ня ў дэталях. Што-ж там было?
— Былі там цікавыя гутаркі. Немцы загаманілі аб канечнасьці палітычнага супрацоўніцтва Беларусаў зь Немцамі.
— Дык можа яны хочуць абаперціся на Астроўскага?
— Цяжка сказаць. Астроўскі якраз крытыкаваў Немцаў. А што ты напісаў?
— Я таксама быў зьбянтэжаны, думаў, што Немцы хочуць яго пакрыўдзіць ды абаперціся на бядрыцкіх. Таму схарактарызаваў яго як здольнага, з багатым мінулым, чалавека.
Тыдзень пазьней, 21 сьнежня, на выклік галоўнага камісара фон Готбэрга, да Менску зьехалася каля 200 беларускіх дзеячаў зь Беларускае Акругі. Фон Готбэрг увайшоў у залю ў асысьце Ю. Сабалеўскага ды Р. Астроўскага. Зайграла аркестра Беларускага Тэатру ў Менску пад кіраўніцтвам М. Шчаглова, усе ўсталі, паднялі правыя рукі. На трыбуну ўзышоў фон Готбэрг. Ёй коратка гаварыў аб цяжкім змаганьні нямецкага жаўнера на фронце, пасьля ўспомніў пра жудаснае палажэньне беларускага народу пад камуністычнай тыраніяй, і ўрэшце заявіў, што Немцы хочуць палепшыць долю беларускага народу. Як падала 25 сьнежня 1943 году «Баранавіцкая газэта», фон Готбэрг пасьля гэтага заявіў:
«Я наважыўся даць Радзе Даверу жывую форму, пераканстытуаваць яе ў Беларускую Цэнтральную Раду. Яна згуртуе ў сабе найдастайнейшых, найзаслужнейшых і найздольнейшых прадстаўнікоў беларускага народу. Як ейнага прэзыдэнта я вызначыў на прапанову прадстаўнікоў Беларусаў сп. дырэктара Р. Астроўскага. Маю цяпер гонар, мае спадары, прадстаўнікі беларускага народу, абвесьціць вам мною ўстаноўлены статут Беларускай Цэнтральнай Рады:
1. БЦР зьяўляецца прадстаўніцтвам беларускага народу, пакліканым у межах нададзенага яму самаўраду.
2. БЦР мае заданьне мабілізаваць усе сілы беларускага народу для зьнішчэньня бальшавізму й прычыніцца гэтым да канчатковага вызваленьня беларускага народу з-пад ярма крывавага бальшавіцкага панаваньня.
3. БЦР мае права й абавязак складаць дзеля гэтага нямецкаму кіраўніцтву ўсе неабходныя й адпаведныя прапановы. У межах пастаўленых ёй заданьняў яна будзе самастойна вырашаць і праводзіць усе неабходныя мерапрыемствы ў галінах сацыяльнага, культурнага й школьнага жыцьця. Беларускім арганізацыям і згуртаваньням яна мае права даваць дырэктывы.
4. На чале БЦР стаіць прэзыдэнт, які вызначаецца й адклікаецца Генэральным Камісарам. Іншых сяброў вызначае Галоўны Камісар на прапанову Прэзыдэнта.
5. Статут БЦР набірае моцы адразу.
Генэрал СС фон Готбэрг».
З зьместу статуту БЦР ня вынікала, што былі прызнаныя ўжо нейкія формы беларускае дзяржаўнасьці, бо канчатковая ўставадаўчая й выканаўчая ўлада заставалася й далей у нямецкіх руках. Ды некаторыя элемэнты аўтаноміі дзяржаўнага характару былі ўсё-ж Статутам ужо прызнаныя.
Галоўнае заданьне — мабілізаваць жыхарства на барацьбу за вызваленьне беларускага народу, тэарэтычна давала магчымасьць стварэньня беларускай збройнай сілы. Пры дапамозе-ж яе лягчэй, пры ўсякіх умовах, бараніць ды разбудоўваць сваю дзяржаўнасьць. Вось чаму Беларусы дружна тады падтрымалі БЦР і Астроўскага, бо бачылі, што ў дадзеных гістарычных абставінах гэткае становішча з гледзішча палітычна-нацыянальнага правільнае.
На загад Прэзыдэнта БЦР зь 10 сакавіка 1944 году адбылася мабілізацыя колькіх гадавікоў у рады Беларускае Краёвае Абароны (БКА), у выніку якое было сабрана да 100 тысячаў жаўнераў і афіцэраў. Зь іх было створана 80 батальёнаў па 1200 чалавек у сярэднім. Быў адначасна створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт Абароны, як галоўны ворган для каардынацыі спраў беларускага войска. Паводле дамоўленасьці зь Немцамі, абмундзіроўка, узбраеньне й харчаваньне войска мела быць забясьпечанае імі, паколькі яны ў ваенным часе кантралявалі ўсю эканоміку краю.
Як хутка выявілася, насуперак дамоўленасьці, нямецкія ўлады выдзялялі для змабілізаванага беларускага войска адно некаторы кантынгент харчоў ды выдалі па колькі сотняў на батальён устарэлых савецкіх стрэльбаў з абмежанай колькасьцю амуніцыі для самаабароны ў выпадку партызанскага нападу. А пасьля пачалася валакіта ў Бэрліне ў нямецкім галоўным штабе, што ім рабіць, — даць ці ня даць зброю Беларусам? Гэта-ж 100 тысячная армія, добра ўзброеная, у гэтым важным стратэгічна краі, дамовіўшыся з Аліянтамі, можа лёгка перарэзаць Немцам дарогу на фронт і з фронту. А ў гэтым якраз часе, пасьля Тэгэранскае дамовы Аліянтаў з Саветамі, рыхтаваліся ўжо англа-амэрыканскія высадкі ў Францыі й Італіі.
Читать дальше