У міжчасе ў Менску савецкім падпольлем быў забіты генэральны камісар Беларусі Вільгэльм Кубэ. Спачатку пасьля забойства Кубэ Немцы спрабавалі ізноў свой германскі мэтад, заснаваны на веры, што самым тэрорам ды страхам можна супакоіць іншыя народы. За сьмерць Кубэ яны загадалі павесіць у Менску ды іншых местах ня менш 200 чалавек, падазроных у сувязі з партызанамі. Менск быў завешаны схопленымі, віннымі й нявіннымі, ахвярамі, кожны з таблічкай пра вялікія быццам яго злачынствы. У Баранавічах была таксама праведзеная вялікая акцыя арыштаў. Каля 150 чалавек тады загналі ў Калдычаўскі лягер без аніякае іх сувязі з забойствам Кубэ. Нашым прадстаўніком у СД удалося вырваць адтуль 50 чалавек. Іншыя былі высланыя ў канцэнтрацыйныя лягеры Нямеччыны.
Пасьля сьмерці Кубэ на галоўнага камісара Беларусі Гітлер паставіў генэрала СС у Менску фон Готбэрга. Усе чакалі, што цяпер настане жудасная пара нямецкага тэрору, у чым, як ведама, нямецкія гестапаўцы й СД не адставалі ад бальшавіцкага Чэка, ГПУ, НКВД. Ды да гэтага не дайшло, Гітлер вызначыў фон Готбэрга камісарам Беларусі відавочна таму, што ён, як галава СД у Беларусі, найлепш знаў мясцовае палажэньне, усьведамляў увесь сплёт дзейнасьці розных, варожых Немцам, сілаў. Гэтым часам Гітлер, ходам ваенных падзеяў, быў змушаны ўжо зрачыся свайго народагубнага пляну зь 17 ліпеня 1941 году, паводле якога Беларусь, разам з Прыбалтыкай, мела стацца «жыцьцёвай прасторай» Немцаў, а мясцовае жыхарства мела быць пераселенае недзе аж за Маскву.
Беларускую прастору цяпер Гітлер трактаваў толькі як памост на Ўсход ды месца, дзе меў быць дадзены «ўзорны» паказ нямецкай «новай нацыянальнай палітыкі». У гэтым часе Гітлер выдаў загад усім штабам усіх арміяў на ўсходзе ў ніякім выпадку не адступаць з тэрыторыі Беларусі, бараніць яе гэтак, як і тэрыторыю Райху. Мела, пэўне-ж, тут сваё значаньне й тое, што непадалёк, у Балтыйскім моры, знаходзіліся нямецкія базы падводных лодак, ды што ў нямецкай Прыбалтыцы дзень і ноч працавалі засакрэчаныя хвабрыкі ракетнай й ядровай зброі.
Вось галоўныя прычыны таго, што Готбэрг, як генэральны камісар Беларусі, быў больш уступлівым беларускім нацыянальным патрэбам. Ды й цяпер Немцы сваёй антыславянскай псыхалёгіі зьмяніць не маглі. Яны нават ня верылі ў антыбальшавіцкасьць беларускага вызвольнага руху, усюды падазравалі змову супроць іхных інтарэсаў. Не зважаючы на цяжкія паразы, усьцяж заставаліся ў засьляпленьні свае расавае «вышэйшасьці».
У палове сьнежня 1943 году, у будынку гэбітскамісарыяту ў Баранавічах, адбыўся сход беларускіх дзеячаў у ліку 45 чалавек. Сярод іх быў і Радаслаў Астроўскі. На гэтым сходзе быў і я, ды меў магчымасьць назіраць прапаганду нямецкае палітыкі «пратэкцыі» Беларусаў. Акруговы камісар Вэрнэр заклікаў Беларусаў да супрацоўніцтва зь Немцамі, якія вызвалілі Беларусь ды ўсімі сіламі яе цяпер бароняць на фроньце ад варожых атакаў. Ён асьветчыў, што Фюрэр цэніць наш народ ды гатовы даць і дзяржаўныя канцэсіі, калі толькі Беларусы будуць дапамагаць у змаганьні з бальшавізмам.
Хоць ужо кс. В. Гадлеўскі станоўча адмовіўся ад беззасьцярэжнага супрацоўніцтва зь Немцамі, прысутныя прапагандыстыя з табару Акінчыца — Гарбуноў, Бядрыцкі, Шпак, ды іншыя — выступалі цяпер з рабскімі прамовамі, заклікалі Беларусаў стаяць цьвёрда пры Немцах, быць ім паслухмянымі, бо інакш мы загубім свой народ. Ужо на эміграцыі, з бальшавіцкіх публікацыяў, я даведаўся, што Бядрыцкі з сваёй хэўрай, у мэмарыяле на нямецкі заказ, дамагаўся крывавай расправы зь беларускімі патрыётамі, якія, будучы безнадзейнымі «дэмакратамі» ды тайнымі супрацоўнікамі Аліянтаў, служаць не справе нямецкай перамогі, але працуюць для нямецкае загубы.
Выглядае, што Немцы ацэньвалі тады палажэньне ўсё-ж больш рэалістычна, бо ня далі послуху рабскім салаўіным трэлям Акінчыцавых вучняў. З прамовай выступіў Р. Астроўскі. Ён не пагаджаўся з прапагандыстамі Акінчыца. У сваім выступленьні Астроўскі даводзіў, што беларускі народ ня верыць Немцам, хоць і ўскладаў на іх вялікія надзеі, бо Немцы й дасюль не далі згоды на адміністрацыйна-дзяржаўныя формы самакіраваньня. Цяпер, у пару вельмі крытычную, калі й Масква, і Аліянты намагаюцца зламаць Нямеччыну, час урэшце даць беларускаму народу канцэсіі ў галіне яго дзяржаўнага самакіраўніцтва.
Пасьля Астроўскага выступалі й іншыя прамоўцы. Усе яны падмацоўвалі пагляд Астроўскага. Я асабіста быў супроць бліжэйшага супрацоўніцтва зь Немцамі.
Читать дальше