У гэтыя змрочныя дні Вільні беларускае грамадзтва места пачало аглядацца, для абароны сваіх правоў, на Беларускі Нацыянальны Камітэт, што мясьціўся пры вуліцы Завальная 1. БНК — старая беларуская арганізацыя — ходаўся цяпер з новымі захопнікамі, каб аблегчыць долю сваіх суродзічаў. Беларусаў Жамойцы больш баяліся чым Палякаў. Калі БНК зьвярнуўся да старшыні места Сташыса, які дружыў зь беларускімі дзеячамі ў часы польскае ўлады, ён цынічна сказаў: «Шляхі нашыя разышліся. Мы дапялі свайго, дасталі Вільню, а вы ідзіце да свае мэты…» Гэткая была філязофія жамойцкага дзеяча, які, як і ўсе іншыя ягоныя пабратымцы, цешыўся з сталінскага падарунку беларускай Вільні.
Трэба было выявіць ды ўзяць на ўлік сьвядомы беларускі элемэнт у гэтым старым беларускім месьце. У памяшканьні БНК пачалася рэгістрацыя Беларусаў. Калі ў першым тыдні зарэгістравалася больш 5000 Беларусаў, жамойцкія ўлады выклікалі да сябе старшыню БНК, інж. Адольфа Клімовіча, ды загадалі яму спыніць «варожую» дзейнасьць. Пасьля доўгіх перамоваў наезьнікі ўрэшце абяцалі, што ня будуць выкідаць Беларусаў з урадаў, прадпрыемстваў і ўстановаў места Вільні дзеля іхняй беларускасьці. Нават абяцалі дазволіць беларускае школьніцтва. Ды гэта былі толькі абяцанкі. За кожную справу даводзілася, і цімала, змагацца. Мне самому давялося абіваць парогі ў летувіскім міністэрстве культуры й асьветы ў змаганьні за беларускія школы.
А было гэтак. Дзякуючы няўтомным стараньням а. Адама Станкевіча, А. Сакаловай, М. Анцукевіча і М. Пацюкевіча, за Беларусамі ўдалося затрымаць стары будынак Віленскай Беларускай Гімназіі ды адчыніць колькі беларускіх пачатковых школаў у Вільні й у Ашмяншчыне. Беларуская гімназія хутка скамплетавала 3 і 4 клясы, кожная па 40 вучняў. Але, калі дзеля вялікага ліку кандыдатаў, дырэкцыя гімнамі хацела адкрыць паралельныя клясы, Летувісы, відавочна, спалохаліся ды забаранілі прыймаць у адну клясу больш як па 40 вучняў.
Жамойцкі шавінізм шалеў па ўсёй Вільні, супроць Беларусаў асабліва. Жамойцы намагаліся захапіць Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча. Трывала доўгае й заўзятае змаганьне. Беларусы не здаліся: музэй застаўся ў іхных руках.
Жамойцы да таго былі асьлепленыя перадачаю ім Сталінам Вільні, што прымалі пакорна штораз новыя пасяганьні Масквы на іхнюю «незалежнасьць». Іхны прэм'ер Мэркіс толькі езьдзіў туды, каб падпісваць бальшавіцкія вымаганьні ў выглядзе «догавараў»! І бальшавікі ў Вільні і ўва ўсёй жамойцкай «дзяржаве» чуліся як у сябе дома. Савецкае пасольства на Вялікай Пагулянцы было закулісным «босам» усяе Жамойці. Туды ў 1940 годзе пайшла першамайская дэманстрацыя зь лёзунгамі супроць жамойцкай марыянеткі. Савецкія ваенныя базы разрасталіся да памераў шмат большых, чымся яны мелі быць паводле «дагаворанасьці».
ГУТАРКА З АЙЗІКАМ КУЧАРАМ
У сакавіку 1941 году, разам зь іншымі культурнымі дзеячамі БССР, Вільню наведаў і літаратурны крытык Алесь Айзік Кучар. Зьявіўся ён насамперш у Беларускі Музэй да Марыяна Пяцюкевіча, які тады быў дырэктарам музэю, ды выказаў жаданьне сустрэцца зь беларускімі дзеячамі. Сустрэча адбылася ў маім памяшканьні, на Кальварыйскай вуліцы. Былі прысутныя, апрача Кучара ды мяне, М. Пяцюкевіч, Ул. Казлоўскі, Ч. Будзька. Гутарка праходзіла ў атмасфэры шчырай, бяседнай.
Найперш мы хвалілі Кучара за ягоную стройную беларускую мову ды за працу на беларускай ніве, раўнуючы яго да Зьмітрака Бядулі. Я пры гэтым сказаў:
— Вы хоць і жыдоўскага паходжаньня, але добра заслужыліся для нас Беларусаў. Таму асаблівую чарку вып'ем за вашае здароўе!
Кучар не разгубіўся, падзякаваў, ды з свайго боку хваліў заходніх Беларусаў за тое, што вытрывалі польскую акупацыю. Годныя ўвагі былі словы Кучара па адрасу прысутнага Ў. Казлоўскага (Казлоўшчыка). Сваю характарыстыку гэтага паэты-пісьменьніка Кучар пачаў даволі дасьціпна.
— Мы ў БССР пра Казлоўшчыка думалі як пра нейкага амэрыканскага каўбоя, што абвешаны разбойнымі нажамі ды наганамі. А тут — вельмі сымпатычны чалавек. Мы крыху знаем вашую творчасьць, яна даволі арыгінальная й цікавая, народная.
Казлоўшчык пасьля гэтага чытаў свае паэтычныя, патрыятычнае тэматыкі, творы. Гэта яшчэ больш раззброіла бальшавіцкую настарожанасьць Кучара. Кучар тады зьвярнуўся да Казлоўшчыка з пытаньнем, ці гэта ён быў аўтарам 12-ці антыжыдоўскіх пунктаў, якія былі надрукаваныя ў нацыянал-сацыялістычным часопісе «Новы шлях»?
Казлоўшчык меў адвагу прызнацца:
Читать дальше