Жамойцкія нацыяналісты страту самастойнасьці хацелі ратаваць сталінскай палітурай. Пад яе шуміху яны далей жамойдзілі Вільню, апанавалі ўнівэрсытэт, камсамол, паліцыю, залезьлі ў НКВД. Сваю адданасьць лютай бальшавіцкай сталінскай дыктатуры яны дэманстравалі пры ўсякіх нагодах, асабліва на кастрычніцкіх ды першамайскіх сьвяткаваньнях, калі танцавалі на вуліцах.
Сярод беларускага грамадзтва места наступіла зацішша. Трэба было выдатнейшым дзеячам шукаць выхаду ў вабліччы жамойцкага наступу. Адзінымі беларускімі ўстановамі ў Вільні цяпер былі: Беларуская Гімназія, Беларускі Музэй, ды пры прафсаюзным Доме Культуры існаваў Беларускі Аддзел, што раней быў пры жамойцкай управе Культуры. Галоўнымі рэпрэзэнтантамі беларускай культуры ў гэтым аддзеле былі хоры: П. Родзевіча, Мацьвійца з Траецкага Сабору, ды жаночы квартэт пад кіраўніцтвам В. Фёдаравай. Вось гэтыя хоры ў Вільні, хор-жа Рыгора Шырмы ў іншых акругах Заходняй Беларусі, фактычна рэпрэзэнтавалі й дэманстравалі беларускую вакальную культуру на землях Заходняй Беларусі.
Меркаваньні пра канчатковы вынік вайны сярод Беларусаў былі розныя. Адны спадзяваліся, што выйграюць дзяржавы Восі, іншыя, што Антанта з Амэрыкай. Амаль ніхто ня верыў, што савецкая Расея.
Бальшавікі тымчасам сваю ўладу ў Вільні замацавалі. Турмы былі запоўненыя зьняволенымі. Тавары з крамаў прапалі. А за гэтым прыйшла даражыня. Чорны гандаль шалеў. Людзі перасталі быць у гутарках адкрытымі й з сваімі знаёмымі, бо бальшавікі ўсюды насаджвалі агентаў. Па памяшканьнях хадзіла процьма наведвальнікаў: адны мерылі жыльлёвую плошчу, каб каго-небудзь усяліць, другія шацавалі падатак, іншыя шукалі беспрацоўных, яшчэ іншыя кантралявалі электрыку. Жыльлёвая плошча была зьведзеная да 4 кв. м. на галаву, харчовы недастатак стаўся катастрафічным.
У сваёй эканамічнай адсталасьці бальшавікі ніяк не маглі наладзіць забясьпечаньня жыхароў патрэбнымі прадуктамі й таварамі, а ў сваёй прапагандзе адначасна ўвесь час трубілі, быццам яны разьвязалі гаспадарчую праблему. Дзеля гэтага былі супроць харчовай рэглемэнтацыі. Для пануючай партыйнай клікі былі створаныя адумысныя крамы з таварамі па паніжаных цэнах ды па партыйным разьмеркавальніку. Усё-ж іншае жыхарства ўважалася за няважнае. Яно забясьпечвалася як нявольнікі, каб толькі ня вымерла.
Вільня з жыхарствам 240 000 за два гады вырасла ў места зь лікам жыхароў 340 000, ня лічачы дзясяткаў тысячаў зьняволеных па турмах. Усе памяшканьні былі перапоўненыя. Усе працавалі намінальна 8 гадзінаў, плату-ж даставалі мізэрную, каб можна было справіцца з патрэбамі сям'і. Адпачынку ніколі ня было, бо ўвесь час зганялі людзей на мітынгі, сходы, курсы, дзе, як правіла, выступалі агітатары (у бальшыні жыдоўскага паходжаньня), якія славілі бальшавіцкую сыстэму як збаўленьне для ўсіх народаў.
Часта на гэткія сходы ці мітынгі агітатар прыходзіў з падрыхтаванай рэзалюцыяй, якую пры канцы прачытваў ды пытаўся: «Ну, хто супроць?» Кожнаму было ясна, што настаўлялася пастка. Таму людзі маўчалі, або той ці іншы цынічна яшчэ падгукваў у чэсьць Сталіна ды камуністычнае хэўры. Што-ж ім было рабіць іншае?
АБАРОНА НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ПРАВОЎ
Змаганьне за нацыянальныя правы ў Вільні пры новай уладзе адбывалася даволі заўзята. Кожная нацыянальнасьць намагалася здабыць сабе больш пазіцыяў. Урэшце была прынятая рэзалюцыя, што на выяўленьне сваіх нацыянальных асаблівасьцяў маюць права пяць нацыянальнасцяў: Беларусы, Палякі, Жыды, Расейцы ды Жамойцы.
Беларусы стараліся выкарыстаць усе магчымасьці, што вынікалі з гэтае пастановы. Ды ў гэтым нялёгка было дайсьці да нейкага паразуменьня зь летувіскімі шавіністамі ды маскоўскімі нацыянал-камуністамі. Трэба прызнаць, што за правы Беларусаў душой стаялі заўсёды выхадцы з Польшчы, ведамыя яшчэ пры польскай уладзе віленскія «лявіцоўцы» — Ендрыхоўскі, Дэмбінскі, Друтас, Жэромская й Дзявіцкая.
У выніку гэтых ходаньняў М. Пяцюкевіч, Багушэўскі й я перанялі беларускую сэкцыю радыя (60 хвілінаў на дзень). Любіч-Маеўскі, а. Коўш і Войцік занялі пасады ў адміністрацыі. На хвалу Любіч-Маеўскага выпала правесьці школьны плебісцыт у Вільні. Паводле гэтага плебісцыту вынікала, што:
- польскіх школаў жадае 50%
- расейскіх 20%
- беларускіх 12%
- жыдоўскіх 10%
- летувіскіх 8%
Гэта быў цікавы плебісцыт, за які ягонаму ініцыятару давялося пры Немцах, праз варожую правакацыю, прыплаціць жыцьцём. Папраўдзе, вынікі плебісцыту ня былі аб'ектыўнаю выяваю нацыянальных дачыненьняў у Вільні, але больш паказнікам тагачасных у месьце настрояў. Усё-ж вынікала, што ў другой палове 1940 году летувіская сіла лікам вырасла да 8 %, ці была на 6 % большаю, як у годзе 1939. Гэта паказвала, што Жамойцы за гэты час навязьлі ў места 6 % жыхарства.
Читать дальше