Бляск быў вядомы сярод беднаты ва ўсім горадзе. У яго не было права весці практыку, але да яго звярталіся ва ўсіх цяжкіх выпадках, і Бляск дапамагаў там, дзе лекары апускалі рукі. Магчыма, у гэтым было шмат удачы. Мяркую, вялікае значэнне тут мела ўнушэнне, бо Бляск лячыў і замовамі… Ён абследаваў хворага вельмі старанна, часам па некалькі разоў, урэшце даваў лекі, якія сам і гатаваў, пераважна з зёлак. Бляск ваўчуком змагаўся з найцяжэйшымі хваробамі кішэчніка, печані і страўніка, серай з зёлкамі цалкам паспяхова і хутка лячыў язвы, хваробы скуры і абмен рэчываў. На сухоты прапісваў даўжэйшае піццё выцяжак саломы (якая гатавалася гадзінамі), алоэ і мёду. Вапну здабываў з тоўчанага на муку яечнага шкарлупіння. Часам карыстаўся дзіўнымі і рызыкоўнымі сродкамі, напрыклад, некалькі разоў вылекаваў цяжкае запаленне лёгкіх простым абкладаннем хворага кіслай капустай. Пасля працэдуры даваў піць гарэлку і гарбату.
Не было такога выпадку, каб Бляск адмовіў у дапамозе, нават калі гэта было незаконна.
Аднойчы яго паклікалі да жонкі мясцовага саноўніка, якая шмат гадоў ездзіла па санаторыях і модных лекарах. Яна хварэла на адсутнасць апетыту, бяссонне, кепскі абмен рэчываў і «нервы». Бляск старанна абследаваў хворую і сур’ёзна сказаў:
— Калі ласка, цягам першага месяца лячэння наогул не ежце мяса. Далей так: апошні прыём ежы можа быць не пазней як за чатыры гадзіны перад сном. Акрамя гэтага, штодня з раніцы вы павінны галяком паўгадзіны хадзіць на карачках па садзе або па добра праветраным пакоі, а непасрэдна перад сном прашу вас прымаць пятнаццаціхвілінную гарачую ванну. Лекі я дашлю вам заўтра. Калі ласка, прымайце сталовую лыжку перад кожным прыёмам ежы.
Гэта была моцная палыноўка.
Саноўнічыха была крыху шакаваная такімі рэкамендацыямі лекара, але ўпэўненасць і сур’ёзнасць Бляска так на яе паўздзейнічалі, што хоць і з пэўным недаверам, але ўказанні яна выконвала.
Праз месяц Бляск наведаў сваю пацыентку. Выявілася, што паненка да свайго вялікага задавальнення згубіла ў вазе некалькі кілаграмаў, добра спала і да яе вярнуўся апетыт.
Да злодзеяў у Бляска быў асаблівы сантымент. Магчыма, на яго паўплывалі некалькі год знаходжання ў турме. Лекар дапамагаў блатным ва ўсім і меў у іх, акрамя «Бляска», яшчэ адну мянушку — «Бацька». Здаралася, што злодзеі кіраваліся да яго са сваімі звадкамі як да арбітра ці суддзі. У такіх выпадках Бляск заўжды справядліва і бесстаронна вырашаў пытанне, і злодзеі безапеляцыйна прымалі яго прысуд.
Алік дастаў з кішэні партманэ і хацеў заплаціць Бляску за перавязку, але заўважыў, што грошай у яго няма. Ён зусім забыў пра гэта і моцна збянтэжыўся. Жыццё яго складалася так, што адсутнасць грошай ён лічыў ганьбай. «Не можа зарабіць або шпанюган, або той, хто дрэйфіць».
Бляск заўважыў замяшанне Аліка і сказаў лагодна, беручы яго за руку:
— Ведаеце што, пане Аляксандр, не хадзіце нікуды, а застаньцеся ў мяне на пару дзён. Рана ваша несур’ёзная, але патрабуе спакою, бо страта крыві была вялікая. У мяне ёсць вольны пакойчык, адпачняце там, і ўсё будзе бляск. Разумееце?
І Баран, зломлены фізічна і маральна, застаўся ў Бляска, які клапатліва заапекаваўся пацыентам.
Увечары Бляск прыходзіў да Аліка, і яны маленькімі кілішкамі пілі гарэлку. Бляск хутка напіваўся і тады распавядаў Аліку пра Сібір:
— Ведаеце што, пане Аляксандр, няма на свеце прыгажэйшага, багацейшага і цудоўнейшага краю. Там па золаце ходзяць, а навокал дзівосы дзеяцца. Кажу вам, пане, не жыццё — проста бляск. А што за людзі! Бескарыслівая, смелыя, з гонарам… Кожны, як кароль, — бляск! Едзьце, пане Аляксандр, у Сібір, жыццё там — бляск… У нас ікру з кеты па рублі за кіло прадаюць, а там мільёны пудоў у прытоках Амура гінулі. Не было каму — бляск — эксплуатаваць… А якія багацці ў гарах, лясах, рэках… Тут чалавек з чалавекам за аб’едкі б’юцца, а там мільярды пад нагамі ляжаць… Там свабода, там сыць, там… гэх, бляск, бляск!.. Мёд там бочкамі, масла бочкамі, футра задарма, звярыны мноства! А зямля!.. Абы-як заарэш: пшаніца — што тое золата… Сяляне быдла не лічаць… Коней сотнямі і тысячамі ганяюць!.. Рыбы ў азёрах ажно густа!
На чацвёрты дзень побыту Аліка ў Бляска да фельчара прыйшоў Філіп Лысы. Ён прывітаўся і, пранізліва пазяхаючы, сказаў, быццам бы абыякава:
— Хачу з вамі, Бацюхна, параіцца ў справе валасоў… Мажу, мажу рознымі мазямі столькі гадоў. Кучу форсы растраціў, і нічога, — Філіп пазяхнуў. — Што б з гэтым зрабіць?
Читать дальше