— Як добра, што мы ўсе пойдзем у царкву! — сьпяшалася Рэчыца. — У царкве адразу сьветла робіцца на душы. Там пяюць так ціха і хораша…
— Замоўч! — цыкнуў на яе бацька. — Мы, ёрш цябе забяры, самі вырашым.
І сказаў цьвёрда:
– Ідзем у царкву. Можа, вялікая княгіня нас заўважыць ды нешта зробіць для цябе, зяцёк… Хаця ты ў нас і так высака ўзьляцеў.
І ён ласкава пагладзіў Няжылу па плячу, з задавальненьнем адчуўшы цьвёрдыя мускулы і ўсю надзейную сілу маладога прыдворнага. Яму на імгненьне памроіліся сьветлыя, як у яго, і цёмнарусыя, як у жонкі, валасы будучых унукаў. Жыцьцё наперадзе было ясным і такім жа надзейным, як гэтае цьвёрдае маладое мужчынскае плячо пад рукой. Адно на імгненьне азмрочыла добры настрой Баравіка: раптоўна з грукатам бяз дай прычыны ўпаў з бажніцы драўляны Род. Яго паднялі, і, пацалаваўшы, паставілі зноў на ільсьняную ад ільнянога ахвярнага масла дошчачку — хай беражэ ён і там, у бязьмежным Ірыі, дзядоў-прадзедаў, расказвае ім аб тых, хто жыве пакуль што на зямлі. І не скупіцца на клопат аб будучых пакаленьнях непераводнага крывіцкага роду, часьцінка якога — ягоная дзяўчына — ласкава глядзіць на чужога ім па крыві, але ўжо бязьмерна блізкага і любага ёй хлопца, чыя кроў-руда заструменіцца ў жылах ягоных, Баравіка, унуках.
Яны сьмяяліся і гаманілі, а Род змрочна глядзеў на іх раўнадушна-далёкімі вачыма, зазіраючы ў невядомую пакуль для іх сьцяжынку жыцьця, дзе атожылак роду Баравіка не буяў на галіне радаводнага дрэва, а ляжаў, перарублены і пакрышаны сілай, якая непадуладная людзям і якая завецца ў іх Лёсам….
Вялікая жрыца Нара хуталася ў шэрую пушыстую хусту, ляніва варушыла пальцамі ног у мяккіх, мехам унутр, цёплых боціках. На ейных каленьках, абцягнутых доўгай ваўнянай спадніцай, ляжала белая вязаная падушачка, пасярэдзіне якой чырванела выява Лады. Размова доўжылася трэцюю гадзіну, і хаця печ напалілі з самай раніцы, ад вакна, зацягненага сьлюдой, дзьмула, і жанчына час ад часу закідвала назад галаву з пышнымі бялявымі валасамі, каб ня ныла шыя, а яе сінія вочы прымружваліся, як у вялікай, сытай кошкі, якая схавала пад пульхнымі падушачкамі лапак гострыя кіпцюры.
Толькі нядаўна стала яна адчуваць, што цела, здавалася б, яшчэ па-юначы маладое і пругкае, усё ж пачынае няўлоўна стамляцца як пасьля шалёных оргіяў у гонар багіні каханьня Лады, так і падчас сур’ёзных бяседаў, калі яна разам з іншымі вялікімі жрацамі Вільні вызначала агульную палітыку язычаства і ягоныя патрабаваньні да вялікага князя. У глыбіні сьвятога дубовага гаю, адрокшыся ад сьвету і яго спакусаў, сем вешчых старцаў вызначалі тую палітыку для вялікіх жрацоў, а ўжо тыя несьлі яе далей, да людства і ўлады.
Але сёньняшняя размова, хаця і ішла яна пра лёс Княства і вялікую палітыку, вялася ў храме Лады, у асабістых пакоях вялікай жрыцы, што дазваляла жанчыне паўляжаць у высокім крэсьле, сярод аксамітавых падушак. Звычайна ж у такіх выпадках даводзілася сядзець у сьвяцілішчы вешчуноў, выпрастаўшыся, высока ўзьняўшы галаву, сярод сьсівелых нямоглых старцаў. Замест утульнай хатняй адзежыны яна мусіла быць у доўгай белай сукні і сярэбраным вянку, з калінавым кіем у руцэ і ў жрэчаскім каўпаку, чаго жрыца моцна не любіла: каўпак той выразна старыў ейны твар.
У пакоі, дзе задушліва пахла сушанай мятай, і дзе лавы былі абцягнутыя зялёным сукном, а курыльніцы ледзь улоўна дыміліся пахкасьцямі, месьціліся, таксама зручна ўладкаваўшыся на лавах і абклаўшыся падушкамі, тыя, хто дапамагаў Нары ў яе нялёгкім жыцьці вялікай жрыцы: ейны дзядзька, кашталян Нарбут, вярхоўны служка Лады Лелюш і ягоная каханка Гайна — пакаёўка старэйшай князёўны, жрэц Мікша. Наводдаль, на такім жа высокім, як у Нары, крэсьле сядзеў галоўны жрэц Перуна Бурыла. Яго твар, плоскі і расьцягнуты, як у жабы-рапухі, быў сур’ёзны, вузкаватыя зялёныя вочы глядзелі ўладна і пагрозьліва. Ён зьвяртаўся да прысутных, нібыта папракаючы іх кожным сваім словам:
— Нашы сьвяцільні пачынаюць чадзець, а нашы старажытныя багі дзень за днём губляюць тое, што ім належыць ад веку — чалавечыя душы. Хрысьціянскі бог, бог мёртвых і нямоглых, авалодвае імі. Распаленымі сякерамі трэба адсякаць адступнікаў, каб гніль не пайшла далей!
— Чаму ж вы ўсе не адстоялі Рагуціса? — з горыччу прашаптаў як бы пра сябе Мікша. Але Бурыла не прамінуў і гэтага ціхага шэпту:
— Таму што ты тады не насьмеліўся на тое, чаго я патрабаваў у цябе перад галоўнымі жрацамі, і на што тады не рашыліся і яны!
Читать дальше