— З радасці пабяжы-ыш.
…Магдаліна ішла, і трывога яе рабілася нясцерпная. Што ж, урэшце, здарылася? Яна раптам адчула самоту і жах. Ёй хацелася хутчэй дабрацца да тых, каго яна гадзіну назад ледзь не аддала ў рукі святой службы. З імі не так небяспечна, яны нешта прыдумаюць.
Гатычныя, папярочна-смугастыя дамы навісалі над ёю, здаецца, сачылі вострымі маленькімі акенцамі, прыціхлі. Яна фізічна адчувала, што за кожным рогам яе чакае небяспека.
Урэшце ў самым канцы вулачкі яна ўбачыла на прыступках храма Хрыста з хаўруснікамі, адчула гэта з раптоўнай радасцю і… стала.
Паміж ёю і Хрыстом стаяў і глядзеў на яе невялічкі, пераважна жаночы, натоўп. Былі тут касцельныя жоўтыя дэвоткі і чырвоныя маладзіцы з тупымі і злоснымі вачыма, былі вечныя «дзяўчаты» з вуліцы святой Цэцыліі, што глядзелі прагна, з адчуваннем сваёй бяспекі, было некалькі пажылых мужыкоў у пераломным узросце і манахаў з блудлівымі зрэнкамі. Было нават некалькі няпростых кабет у багатых сукнях.
Яе вочы з дзіўнай рэзкасцю бачылі ўсё гэта.
А наперадзе стаяла мажная кабета ў дзявочым шлягавым вянку. Расставіла ногі, склала на грудзях пачварнай магутнасці рукі. Грыбасты рот усміхаўся.
«Ганорыя з Валевічаў, — зразумела яна. — Усё. Адкрыў ёй стары хрэн ваявода».
Яна аглядала агульную і Ратмаву нявесту і міжволі іранічна думала: «Бедны Ратмір. Ну, гэтая яго навучыць».
— Вядзьмарка! — кінула Ганорыя ціхім голасам. — Абпаіла д'яблавым зеллем. Спакушальніца…
Магдаліна рушыла наперад, гледзячы ёй у вочы. Тая сумелася, і таму, здаецца, нахабства яе яшчэ ўзрасло.
— Ну, — сказала Магдаліна, — ачысці дарогу.
Натоўп па-ханжаску маўчаў. Баяўся смелых вачэй.
— Распусніца, — хавала вочы Ганорыя. — Самадайка. Вядзьмарка. Тварына. Жаніхоў чужых зводзіць?…
— Ты ўжо хто? — з усмешкай сказала «лілея». — Дарога кірмашная.
Яна адставіла клетку, каб часам не растапталі.
— Прыходзяць тут гнілыя… Хамка… На дваран замахваешся? Не па чыне.
— Адыдзі.
Голас быў такі ўладны, што нахабная бабішча адступіла была, з уласцівай усім такім подлай баязлівасцю, але вакол зашапталі:
— Не пускай… Не пускай.
Магдаліна зразумела: прайсці не выйдзе. Цяпер трэба было ўчыніць вялізную сварку — можа, пачуюць свае і вызваляць, пакуль не пабілі.
— Чарадзейка… Атрутніца… Вочы выдзеру, шлюха ты, — кідала Ганорыя.
— Маўчы, грамадская студня… Зажыва гніеш, а на маладога рыцара брудным вокам кідаеш… З турэмшчыкамі табе спаць, з пракажонымі, з катамі! І ён яшчэ з табою пойдзе, святы хлопец? А дулю.
— З табою хіба, з шалавай? — спытала гаспадыня Валевічаў.
— А і са мною. Арол такой гусі бруднахвостай не пара.
— А ты хто, хлопка?
— Ды ўжо ж не ты. Да чыйго дома ў горадзе самы біты шлях? — яна выдумвала, але ведала: з гэтай усё будзе — праўда. — Ці ёсць у Наваградку такі хаўрус, які б цябе «нашымі жорначкамі» не называў? Ды ў яго, калі ён дурань будзе, шыя зломіцца ад тых падарункаў, што ты яму да шлюбу назапасіла!
— Дрэнь! Чарнакніжніца! Ерэтычка!
— Ад каго браты зажыва засмярдзелі ды Божага царства пайшлі шукаць?! Хто ва ўласнай маткі ў дванаццаць год законнае права жонкі адабраў?
Удар нечакана трапіў у цэль. Ганорыя задыхнулася.
— У студні закінутай у яе пашукайце, — цадзіла Магдаліна (яна добра ведала норавы жанчын такога тыпу). — Бачыце, айцы святыя непарочнай яе агаласілі. За колькі? Ці мо натурай заплаціла? Можна і гэтак. Тыя казлы згодзяцца. Дзявочы вянок беднаму добраму Ратму. Ды табе б ганебны каўпак, ды прыпол абрэзаць, ды — віцамі! А лепей крыж забараніць насіць, ды радзюгу нашыць на плашч, лапічак, ды бранзалет на нагу*.
* Сярэдневяковыя адзнакі дзяўчат пэўнай прафесіі, спайманых на рабунку гасцей, дужа ўжо нізкапробнай распусце, брудзе або хваробе.
— Ды што?! — не знайшлася шляхцянка. — Біце яе! За распусту бязбожную! На Евангеллі ў чысціні паклянуся!
Яны ўчапіліся адна ў адну. Магдаліна першым чынам збіла з галавы Ганорыі вянок. Абедзве валтузіліся. І тут нейкі клірык, з жоўтым, як чэрап, тварам і чорнымі вачыма, сказаў:
— Стой! Ну! Вы што, ля студні? А між тым яна ж царкву абразіла! Абразіла! Слова, якім касцёл заступіўся за цноту гэтай дзяўчыны. Чаму? Ачараваўшы ваяводскага сынка, жадала на іншых свае правіны скінуць. Між тым гэта адна з самых страшных кабет Гародні.
Магдаліна магла яшчэ выцягнуь знак, ладанку, дадзеную Лотрам. Але пры ўсіх гэтага нельга было рабіць. Смерць без суда. Чаму яна загадзя не паказала яе дамініканцам?
Читать дальше