…Яны павольна ехалі берагам Нёмана. Сонца было ў зеніце і паліла няшчадна і нелітасціва.
— Я, брат, чалавека ведаю да апошняга, — разважаў кат. — Як ніхто больш. Работа ў мяне старадрэўняя, пачэсная, ганаровая. З усімі вялікімі людзьмі, ужо не кажучы пра ўсіх разумных, знаёмы.
І раптам ганец зноў убачыў на катавым твары расчараванне і меланхолію.
— Але работа ў мяне няўдзячная. Гандляр, скажам, дагодзіць пакупцу — яму рукі ціснуць, у наступны раз да яго прыйдуць. А да мяне? Лекару ад таго, хто ачуняе — падарункі. — Кат усхліпнуў. — А я стараюся, начэй не сплю для агульнай, для грамадскай карысці, а мне — ну хоць бы хто. Айцы царквы, вядома, не ў лік, іх можна не браць пад увагу. Але нічога я так не хачу, як чалавечай падзякі. Мне — ад людзей бы дзякуй. Ну, сказаў бы хаця адзін: вось, братка, здорава ты з мяне галаву знёс. Я проста цяперака на сёмым небе. Дык не… Сёння хаця каго? Чаго гэта ўвесь сінедрыён сабраўся?
— Хрыста з апосталамі смерцю караць.
Кат спыніў каня.
— Жартуеш, ці што?
— Ды не, праўда.
— Б-бацюхны, — глухім голасам сказаў кат. — В-вой!
— Што, не любіш?
— Ды не… Не! Выпадак які рэдкі! Шчасце, шчасце якое прываліла!
Кат задумліва ўсміхнуўся сонцу і жаўрукам. Яны набліжаліся да брамы ў валу.
— Лічыну апусці.
— Не лічыну, а забрала… Для барацьбы за справядлівасць. — Кат апусціў чырвоную маску. — Пане мой Божа, шчасце якое. Слухай, няўжо грамада не падзякуе, не адзначыць маёй працы, доўгай маёй працы? І ён… Слухай, яму ж усё адно ўваскрасаць — можа, і пахваліць?
— А можа…
— Хутчэй, братка, хутчэй.
Яны пусцілі коней наўскапыт.
…Калі яны праязджалі праз Ростань, рэдкія людзі былога натоўпу яшчэ аставаліся на ёй. Сядзелі ля ратушы, маўчалі. І маўчанне стала яшчэ больш хмурнае, калі ўбачылі конніка ў чырвонай масцы.
— Паскакалі, — сказаў Зянон, убачыўшы ката і ганца.
— Паскакалі, — Гіаў стругаў мечнай загатоўкай трэсачку.
Марка і Кляонік гулялі ў косці. Нічога не сказалі, толькі змрочна прасачылі за коннікамі.
— Каб самазванец — яны б так хутка па ката не паскакалі, не павезлі, — сказаў Дудар.
— Ясна, — жорстка кінуў Кірык. — Абмішуліліся мы. На нашых вачах другі раз Хрыста ўзялі, а мы далі ім узяць. Апошнюю нашу абарону перад мытарамі. Шкада.
— Кінь глупства вярзці, галава, — усміхнуўся Кляонік. — Проста чалавек. Людзі. Таму і шкада.
Каваль ужо амаль кіпеў:
— Раз хапаюць, раз адразу па ката ды на каразн — значыцца, гэта не проста людзі.
Вус глядзеў на свет змрочнымі вачыма праз бліскучыя залатыя пальцы.
— Да нас прыйшоў. Ведаў, што кепска.
— Каб нас абараніць, прыйшоў, — яшчэ ўзвысіў голас Вястун. — Каб горад свой абараніць. Ад голаду, ад іхняй чумы, ад падаткаў, ад манахаў. Сам Хрыстос! То што, дамо?!
І раптам ён ускочыў. Абвёў вачыма бязлюдную плошчу, сляпучыя пад сонцам муры, зачыненыя ад гарачыні аканіцы.
— Гэй, людзі!
Плошча маўчала.
— Людзі! — гаркнуў на ўвесь голас Кірык. — Забойства! Хрыстос прыйшоў у Гародню!
Памыслі, мог я без вачэй вільготных
На твар зямны глядзець, на воблік той,
Так звернуты, што плач вачэй гаротны
Між ягадзіц каціўся баразной?!
Дантэ
Дзе ты, бяда, радзілася,
Што за мяне ўчапілася?
Песня
Яны стаялі ў вялікай суднай зале, толькі цяпер не ля дзвярэй, а ля ўзвышэння, на якім высіўся стол. Нікога больш сёння ў зале не было: занадта важлівая была справа, каб дапусціць кагосьці з пабочных, хай сабе і багатых людзей.
Толькі гэтыя трынаццаць з трапяткімі адбіткамі полымя на тварах (перад імі стаяла жароўня, і ад яе агню, здавалася, былі ружовыя хітоны з радна і крывавыя твары). Ды яшчэ варта (латы іхнія ад вобліскаў наліваліся чырванню, дрыжэлі і нібыта плавіліся). Ды яшчэ кат са скрыжаванымі на грудзях, голымі па локаць рукамі ля дзвярэй у катоўню.
Ды яшчэ, высока за сталом, увесь вялікі гародзенскі сінедрыён. Войт Жаба ад замкавага і магістрацкага суда, адзін у двух іпастасях; Юстын і радцы — ад магістрата, радзецкага і лаўнічага суда; Балвановіч з чатырма бязлікімі папамі і Лотр з Камаром і Басяцкім — ад суда духоўнага.
Іосія паказаў вачыма Братчыку на канец прэнга. Каб даўжэйшы быў падважнік, канец гэты прасунулі ў адтуліну ля дзвярэй катавальні: правасуддзе прыгадала падсудным, што яно такое, намякнула, якое яно, прыўзняло з сапраўднага свайго аблічча краёчак самавітай і гожай маскі.
Круцельскі Юрасёвы твар скрывіўся. Ён уздыхнуў.
Читать дальше