Амаль апусцелі храмы. Не было відаць мёртва п'яных. Патрэбы ў гэтым не было. Вечарамі на плошчах скакалі вакол вогнішча людзі, і песні ляцелі да ясных зор.
Стаяў канец жніўня, і ў гэтым была адна з пагроз. Прышлыя мужыкі снілі і трызнілі аб ворыве і пасеве. Што з таго, што гэтым можна было займацца са жніўня і аж да замаразкаў, абы зерне паспела ўзысці. Што з таго, што, магчыма, і лепей пасеяць пазней, а не раней. У прадчуванні бедаў мужыкі хацелі хутчэй кінуць зерне ў зямлю. Яна цягнула, як любая жонка, як каханая. Рукі снілі яе мяккасць, вочы марылі аб яе льсняным бляску, ноздры прымушаў пашырацца ўяўны, саладкаваты пах руні.
І настаў дзень, калі ўсё гэта выбухнула.
Зноў стаялі гурмы каля Лідскае брамы. Толькі на гэты раз ішлі яны, а заставаўся — ён. І мужык міжволі гуляў ятаганам, зноў насаджаным на дрэўца.
— Харошая сталь?
— У-у. Зірні, каса якая. Трохі выгнуў, падкляпаў.
Людзі стаялі перад ім, і ён нічога не мог сказаць ім. Яны мелі рацыю. Яны клапаціліся аб жыцці.
— Даруй, — сказаў нехта з натоўпу. — Яна чакае.
— Вартуй тут.
— Парадак наводзь.
— Па-Божы.
Вельмі непрыгожая жанчына падышла да іх:
— Я ўсё зрабіла дзеля цябе, Пане Божа. Цяперака адпусці.
— На што спадзяешся? — сумна ўсміхаўся ён. — Вёска ж спалена?
— Няшчасце дапамагло. У нас амаль усіх баб татары спалілі. Малюся і плачу за іх. Не хацела б сабе шчасця цаной такою. Але што зробіш, трэба жыць. Я знайду цяпер сабе мужа. Дзеці ў мяне будуць.
І тут яна заплакала. Ад гора за другіх і ад палёгкі за сябе.
— Ідзі, — сказаў ён. — Бывай шчаслівая.
І яшчэ адзін малады хлапец падышоў:
— І мяне баязлівым лічылі. Бык мяне ганяў. А цяпер я давёў. Бачыш, трох пальцаў няма. Шнар цераз аблічча. Шчасце ты даў мне. Няхай цяпер якая дзеўка мяне баязліўцам нарачэ.
— Ідзі.
Калека на мыліцах падышоў:
— І я шчаслівы. Праз слёзы, а шчаслівы. Адпусці. Мне ад цябе нічога больш не трэба. У нас цяпер усе, хто не пабіты — калекі. Я не горшы за іншых. Будзе дом, жонка, дзеці. Ёсць збожжа і хлеб.
І іншыя гучалі галасы:
— Конь у мяне. Татарскі. Першы. Рукі да сахі цягнуцца.
— А калі не адпушчу?
— Застануся. Слова даю.
— Ідзі, — змрочна, але цвёрда сказаў Юрась.
Расплываўся натоўп.
— У мяне пана забілі. Цяпер толькі й жыві.
— Хлеб.
— Шчасце, шчасце даў нам.
Урэшце людзі з вазочкамі і косамі расплыліся. Хрыстос стаяў ля брамы адзін, і толькі далёка за ягонай спіною стаяў натоўп мяшчан. Моўчкі. Хрыстос жа стаяў і глядзеў, як людзі кропкамі знікалі ў палях.
Ён любіў іх. Ён не меў права затрымліваць справу жыцця.
…Менавіта таму на муры ўвесь час цягнулі камяні, дровы і смалу.
РАЗДЗЕЛ ХLІV АПОШНЯЯ ВЯЧЭРА
Яд аспідаў на вуснах іхніх.
Пасланне Рымлянам, гл. 3, ст. 13
У той вечар ён ішоў вуліцамі з Анеяй, Раввуні і Тумашам. З ім ішлі яшчэ сівавусы, малады, дудар, Вус, Зянон і Вястун. На хаду ён аддаваў апошнія ў гэты дзень загады. Было яшчэ даволі рана, нават першая зорка не засвяцілася ў вышыні.
— Ты, Кірык, і ты, Зянон, ідзіце зараз на муры. Праверце яшчэ раз усіх.
Каваль зіркнуў ястрабінымі вачыма.
— Добра, — сказаў адстаючы.
— А ты, Вус, гэтую ноч не паспі. Чарга твая. Удзень адаспішся. Бяры дудара, «братачку», ды лезь на званіцу Дамініканаў. Сачыце, хлопцы, сурміце, хлопцы, равіце, хлопцы.
Здаравіла Братачка закінуў дуду за плячо:
— Дык, братачка, чаму ж. Ноч яно між тым месячная будзе.
Залатарукі і Дудар звярнулі.
— Турай дзе? — спытаў Хрыстос.
— Стары ў Мечнай. Працуюць. А малады з Кляонікам да дзевак, пэўна, на вячорку пайшлі. Кляоніка Фаўстына чакае, Марку…
— Добра, — засмяяўся Хрыстос. — Ах, як добра, цудоўна як!
— Нічога няма цудоўнага, — уздыхнуў сівавусы. — Разлайдачыліся. Спакой. Нібы і не ваўкі вакол.
Ля перадмостнага пляца людзі вадзілі вакол вогнішча кола. Чуўся смех.
Сядзіць, сядзіць яшчур
У гарэхавым кусце.
Хрыстос засмяяўся:
— Змрочны ты чалавек. Ну, што табе ў гэтым? Зірні — унь варта на мурах. Брама ахоўваецца — мыш не праскочыць.
— А я табе кажу — спяць занадта спакойна. Ложкі грэюць.
— Хай спяць да нападу.
— А ты падумай, як нашы папы з аточанага горада ўцяклі?
Юрасёва аблічча выцягнулася. Ён усё не мог звыкнуць да падазронасці.
— Ч-чорт! А можа, яны і не ўцякалі? Трэба заўтра патрэсці і замак і багатыя дамы.
— Трэба, брат. Што і кажу.
Насустрач ішоў з паходняй патруль. Размінуўся з імі ля самага дома, адведзенага Братчыку, невялікай хаткі на рагу Ростані і Малой Скідзельскай.
Читать дальше