У Афрыцы па загадзе ягоным зладжана вялікія аблавы, у якіх усё тамтэйшае насельніцтва мусіла ўдзельнічаць. Прывозілі сланы й тыгрысы з Азіі, кракадылы й бегемоты з Нілу, львы з Атласу, ваўкі й мядзведзі з Пірэнеяў, паганныя сабакі з Гіберніі, псы-моласы з Эпіру, буйвалы й вялізныя лютыя туры з Германіі. Ігрышчы меліся быць незвычайныя, перавышаючыя сваёю веліччу ўсё, што да гэтых пор бачыў Рым, бо колькасць закратаваных была вялізная, Цэзар маніўся ўтапіць успаміны пажару ў крыві і ўпаіць ёю Рым.
Разахвочаны народ дапамагаў вігілам і прэторыянам вылоўліваць хрысціян. Удавалася гэта без цяжкасцяў, бо цэлыя грамады іх, качуючы па гарадох разам з іншым жыхарствам, вызнавалі веру публічна. Калі, ловячы, іх акружалі, яны падалі на калені і, пяючы песні, дазвалялі браць сябе без аніякага супраціву. Але цярплівасць раздражняла толькі народ, які, не разумеючы прычыны яе, уважаў яе за закатнасць ды закамянеласць у злачынстве.
Шал ахапіў пераследвальнікаў. Здаралася, што чэрнь вырывала хрысціян прэторыянам з рук і разрывала іх на кавалкі рукамі. Жанчын цягнулі за валасы ў вязніцу, дзецям разбівалі галоўкі аб каменне. Тысячы людзей днём і ноччу, выючы, палявала па вуліцах. Шукалі ахвяр на папялішчах, па камінох і паграбох. Перад турмамі спраўлялі пры вогнішчах вакол бочак з віном бахічныя п’янствы і скокі. Грамавыя рыкі кожны вечар разлягаліся па горадзе, упойваючы тых, што чакалі ігрышчаў. Вязніцы былі да берагоў перапоўненыя, а прымеж таго, чэрнь і прэторыяне штодзень дастаўлялі ахвяр штобольш. Замерла між людзьмі літасць. Людзі, казаў бы, забыліся мовы і ў дзікай шалёнасці памяталі толькі адзін вокліч: «Хрысціяне — львом!» Настала прымеж таго такая гарачыня ўдзень, а духата ўночы, якіх Рым не памятаў. Усё паветра было як бы прасякнута шалам, крывёю, злыбядой.
А той перабранай меры азвярэласці адказвала таксама мера жады пакутніцтва. Хрысціяне дабрахвотна йшлі на смерць, шукалі нат яе, пакуль не паўстрымала суровая забарона старшын. Па іхнім загадзе пачалі збірацца ўжо толькі за горадам у падзямеллях на Апійскай дарозе ды ў прыгарадскіх вінніцах, уласнікамі якіх былі патрыцыі-хрысціяне, дагэтуль яшчэ незакратаваныя. На Палатыне было добра ведама, што вызнавальнікамі Хрыста ёсць і Флавій, і Даміцыла, і Пампонія Грэцына, і Карнэль Пудэнс, і Вініць.
Сам цэзар сумняваўся аднак, ці ўдасца падбухторыць чэрнь супраць такіх людзей, і дзеля неабходнага пераканання народу адлажылі кару і помсту патрыцыям на апошнія дні. Некаторыя думалі, што тых патрыцыяў ацаліў уплыў Актэ. Здагадка гэная была памылковай. Пятроні пасля развітання з Вініціем хадзіў, праўда, да Актэ прасіць помачы для Лігіі, але яна магла ахвяраваць яму толькі слёзы, бо жыла ў маркотным забыцці, пастолькі талераваная, паколькі хавалася ад Папеі і цэзара.
Адведвала Лігію ў вязніцы, прыносіла ёй вопратку й ежу, а перад усім забяспечыла яе ад знявагі з боку і так ужо падкупленых вартаўнікоў.
Пятроні ўсё ж не мог сабе дараваць няўдалага помыслу, бо каб ён не нараіў адабраць Лігію з дому Аўлаў, дык праўдападобна не была б сяння ў вязніцы. Адыж, хочучы выйграць гульню з Тыгэлінам, не шчадзіў ні часу, ні захадаў. У працягу некалькіх дзён бачыўся з Сэнэкам, з Даміцыем Афрам, з Крыспінілай, праз якую маніўся трапіць да Папеі, з Тэрпнасам, з Дыядорам, з прыгожым Піфагорам, а ў канцы — з Алітурам і Парысам, просьбы якіх звычайна цэзар выконваў. Пры дапамозе Хрызатэміс, якая цяпер была каханкаю Ватынія, спрабаваў сабе здабыць і ягоную нат дапамогу, не шкадуючы ні яму, ні іншым абяцанкаў і грошай.
Але ўсе гэныя натугі былі без выніку. Сэнэка, няпэўны заўтрашняга дня, казаў, што хрысціяне хоць бы нат і не спалілі Рыму, дык павінны быць пагублены для дабра ягонага, адным словам, усправядліўляў маючую адбыцца разню рацыяй стану. Тэрпнас і Дыядор грошы ўзялі, а ўзамен не зрабілі нічога. Ватыній данёс цэзару, што маніліся яго падкупіць, адзін толькі Алітурус, хоць спачатку быў варожа настроены да хрысціян, шкадаваў іх цяпер і асмеліўся прыгадаць цэзару пра закратаваную дзяўчыну ды заступіцца за яе, але нічога не атрымаў, апрача слоў: — Няўжо ты думаеш, што я меншую душу маю, чым Брут, які для дабра Рыму не пашкадаваў родных сыноў?
І, калі пераказаў гэны адказ Пятронію, той зрабіў выснову: — Калі ўжо знайшоў параўнанне з Брутам, дык няма ратунку.
Шкада яму было, аднак, Вініція, і баяўся, каб той не налажыў на сябе рукі. «Цяпер, — думаў сабе, — падтрымоўваюць яго шчэ захады дзеля ратунку ейнага, агляданне яе ды самая пакута, але як усе помыслы праваляцца, і згасне апошняя іскра надзеі — на Кастара! — ён не перажыве яе і кінецца на меч». Тым часам Вініць рабіў усё, што мог толькі прыдумаць, каб уратаваць Лігію. Адведваў аўгустыян і ён, такі некалі ганарлівы, маліў цяпер іхняе помачы. Праз Вітэлія суліў Тыгэліну сваю сіцылійскую маёмасць і ўсё, чаго б толькі зажадаў; Тыгэлін аднак, баючыся, мусіць, аўгусты, адмовіў. Пайсці да самога цэзара, абняць яму калені і благаць-маліць не давяло б да нічога. Вініць маніўся, праўда, і гэта зрабіць, але Пятроні забараніў: — А калі табе адмовіць, калі адкажа кпінамі або гнюснай пагрозай, што тады рабіцімеш?
Читать дальше