– А я ўцяку. Я не iхнi. Я – ваш.
– Прывыкнеш, – працягнуў Павал. – Памятаеш, як шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлi? I страшна ў нас, i чорна. Прывык жа...
– Куды гэта Алеся забяруць? – спытала дзяўчынка.
Стаяла перад iмi, голенькая, круглая. Трымала ў роце палец.
– Iдзi ты, Янька, – з прыкрасцю сказаў Павал. – Што ты ведаеш?
– Куды яго забяруць? Ён жа наш, – у голасе дзяўчынкi было неўразуменне.
– Наш, ды не зусiм.
I тут Алесь ускiнуўся на калені .
– Як гэта не ваш? Як гэта? А чый жа я? Буслаў?! Арышкi-дурнiчкi?!
На вачах яго накiпалi ўжо злыя слёзы. Ён не стрымаўся i адважыў дружбаку гучнага ляпаса. А яшчэ праз хвiлiну яны, адзiн цераз другога, кацiлiся ўнiз, да ракi, узнiмаючы хмары пяску. За кулакамi – свету вiдаць не было. Скацiўшыся на самае ўзбярэжжа затокi, чырвоныя, пыльныя, яны малацiлi адзiн аднаго i раўлi.
Яня, захлынаючыся ад крыку, пабегла да iх, густа ссоўваючы нагамi пясок.
– Не трэ-э-э... Але-е-е... Па-а-а!!!
За ёю паважна, адхiнаючыся назад, быццам круглае пуза магло пераважыць, рухаўся галыш «мужэска полу», Юрась Кагут.
Дзяўчынка крычала ўжо зусiм без голасу i часта тупала нагамi, не заўважаючы, што зайшла ў ваду.
I тады васьмiгадовы Юрась, паглядзеўшы на яе, нагнуўся, чарпануў поўныя прыгаршчы глею i гучна шалёснуў на абедзве галавы.
Бойка спынiлася. Абое глядзелi адзiн на аднаго i на Юрася. А той, пасля паўзы, павольна сказаў:
– Э-к, важна...
I пайшоў да дзяўчынкi:
– Хадзем, Янечка, хадзем, золатка. Гэта ж яны жартуюць. Гэта ж Алесь пажартаваў... Бач, запырскалася ўся.
Хлопцы глядзелi, як Юрась павёў Яньку ў затоку. Потым у Алесевых вачах з’явiлiся слёзы.
– Дурнi, – сказаў ён, – напалохалi дзяўчо. I ты дурань... Дурань ты, вось хто... Калi я не ваш, дык я i пайду... Не вельмi трэба... Толькi ў Загоршчыну я не хачу. Знайду на гасцiнцы магiлёўскiх або мiрскiх старцоў з лiрамi – з iмi рушу. I заставайцеся вы тут са сваей Равекай i з халернымi вашымi акунямi.
Ён зайшоў па пояс у ваду i пачаў змываць з галавы шызы глей. I раптам адчуў, што Паўлава рука лягла яму на валасы.
– Чакай, – сказаў Павал. – Давай памагу... Ты... даруй...
Алесь выпрастаўся. Так яны i стаялi адзiн супраць аднаго i напалову ў вадзе. На галаве ў Павёлкi была густая ляпёшка; з валасоў Алеся сплывалi на твар i грудзi шызыя струменьчыкi. Яны цяклi i ад вачэй, i нельга было зразумець, вада гэта цi слёзы.
– Паўлюк, – цiха спытаў Алесь, – няўжо возьмуць?
– Не ведаю, – няшчыра сказаў той. – Можа, i абыдзецца. Давай лепш мыцца. Вечарэць скора пачне.
Яны мылiся моўчкi. Яня i салiдны Юрась сядзелi ля самага берага, i Юрась браў вялiзнай чарапашкай ваду i палiваў Янiн жывот.
– Дзецi, – прагучаў голас з адхону, – досыць вам боўтацца: вярба са с... вырасце.
Над урвiшчам, ля грушы, стаяў белы стары, белы ад галавы да нагавiц. Стаяў, абапiраючыся на кантовы чорны кiй з вострым канцом.
– Вылазьце, цi што?
Яны, дзядуля, зараз, – вiскнула Янька.
Позiрк дзеда адразу памякчэў, як толъкi ён глянуў на дзяўчынку.
– То добра. Вылазьце. Я пайду.
Хлопцы моўчкi дамылiся. Юрась i круглая Янька паднялiся ўжо на адхон i знiклi за грушай.
– Вось i печку, у якой летась бульбу пяклi, абурыў Дняпро, – хаваючы вочы, сказаў Алесь.
Сапраўды, у адхоне, на свежай адколiне, вiдаць была толькi неглыбокая чорная ямка.
Яны ўсё яшчэ марудзiлi, быццам бачылi Дняпро апошнi раз. Алесь паставiў нагу на вялiзную камлыгу зямлi, што коса ссунулася ў ваду i напалову затанула ў ёй.
На той частцы, што яшчэ заставалася над вадою, спяшалiся дацвiсцi гусiныя лапкi i жоўты падбел. А iхнiя браты, пад вадою, таксама яшчэ цвiлi, але былi бескаляровыя, быццам iх пакiнула жыццё.
У Алеся балюча сцiснула горла.
– Хадзем, – цiха сказаў яму Павал.
...Ад грушы вяла да хаты вузкая сцежка. Па абодва бакi ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, i надта белымi i танюткiмi здавалiся ствалы яблынь i вiшань, пабеленыя вапнай. Бязважкi салатавы пух ахутваў дрэвы, i асаблiва шэрай i безжыццёвай выглядала ў гэтай зялёнай хмары старая хата Кагутоў з надворнымі пабудовамi, размешчанымi лiтарай “П”. Сцены хаты, сухiя, з глыбокiмi расколiнамi, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха з такiм тоўстым пластом смарагдавага вiльготнага моху, што можна было засунуць руку амаль па локаць.
Арабiны i вiнаград – так завуць у Прыдняпроўi карычку [5] Какалуша, iрга.
– буянымi хвалямi перахлёствалi цераз мёртвы кaрaвы пляцень, быццам iмкнулiся схаваць ад вачэй людскiх яго пачварнасць.
Над дрэвамi ўжо ўзляталi бронзавыя хрушчы. Сонца хiлiлася на захад, i ў вячэрнiм паветры гучна ляскаў дзюбай бусел на страсе адрыны.
Читать дальше