Зноў засмяяўся.
“Ды што табе тут конча трэба?” – пытаю. Той як узаўецца. Вочы бандыцкія, жаласныя, у горле аж клякоча: “Адчыні, шайтан. Марушка карапчыў”. А гэта ў яго, значыць, грошай не было, то ён сабе дзеўку, жонку, узяў ды ўкраў. Добра. Пусціў я яго. Ён дзякаваў. І дзеўка кланяецца. А зброю я ў яго ўсё ж забраў. Ведаю, чым гэта канчаецца. Даў яму з дзеўкай пустую халупу. Думаю: “Паспрабуйце знайсці. А калі і знойдзеце – позна будзе”. Сам пайшоў чай піць. І двух кубкаў не выпіў – кліча салдат: “Ідзіце на муры, ваша высакароддзе”. Іду. Бачу, перад брамай чалавек пяцьдзесят на конях. Усе са стрэльбамі. Ну, думаю, купіў сабе клопату з-за чужога вяселля... Наперадзе коннікаў чачэн. Нос бы ў ястраба, барада рыжая, як, ты скажы, ён яе назнарок пафарбаваў. Вочы бандыцкія. І папаха белым абкружана... Хаджа! “Іван, адчыняй, злодзей у цябе. Карапчыў маю дачку. Мы яго зараз рэзаць будзем”. А я яму: “Ты ў сваім доме дасі кагосьці рэзаць? Вось. А тут – мой дом”. – “Я ў сваім доме зладзеяў не прымаю”. – “То што, – кажу, – ніводны з тваіх гасцей па баранту за Церак не хадзіў?” Некалькі чалавек засмяяліся. Потым рыжы кажа: “Пусці мяне аднаго”. “Ну, адзін, – падумаў я, – нічога не зробіць. Дый позна”. “Ідзі, – кажу. – Толькі астатнія хай ад’едуць, а ты зброю пакладзі”. Рыжы кажа: “Кінжал адзін пакінь, Іван”.
Ну вось, не стаў я Рыжага абражаць. Пусціў. Ідзе той, вачыма толькі па баках зыркае. І як яго хто вядзе, проста да той мазанкі. Ну, думаю, пачнецца зараз.
Вочы Яроцкага смяяліся:
Узяў кінжал ды як кінуў у дзверы, зубы ашчэрыўшы, – аж той дзюймы на чатыры ўпяўся. Толькі і сказаў: “Гых-х...” Зразумеў, што позна, але злосць сарваў. Ды яшчэ нібы сказаў гэтым ударам: “Узяў ты маю дачку, то на і кінжал, падавіся...” А праз некалькі дзён памірыліся. Такая гулянка перад крэпасцю была – любата! І мяне частавалі, як пасаджонага бацьку.
Памаўчаў:
Гэта прыемна ўспомніць. А астатняе – хлусня. Народ, галоўнае, харошы. Нельга мне было таго джыгіта не пусціць. Ну што, ну зарэзалі б. Мала зарэзалі людзей? Мала іх і так рэзалі, каб яшчэ за каханне... Ведаеш, як па-іхняму “каханая” будзе? Х’ёме... чуеш? Як падыхаў... О!..
Дзядзька ішоў спаць. А Алесь ляжаў без святла і глядзеў, як у калідоры кідаецца ў печцы агонь.
Домік у садзе. Простыя людзі. Простыя словы і ўспаміны. Простыя спевы жанчын у людской.
Часаў ён сошкі
З маіх белых плеч,
Віў ён вяроўкі
З маіх русых кос,
Пускаў ручаінкі
З маіх дробных слёз.
І ён яшчэ больш разумеў пасля гэтых дзён: усё ў прастаце, усё ў блізкасці да гэтых. Ім цяжка, трэба быць з імі.
Печка. Водсветы агню.
І ўвогуле, каму было добра жыць на гэтай зямлі? Усё, здавалася, ёсць, а баліць душа.
Твары плылі перад ім... Пан Юры... Маці... Раўбіч...
Чаму такія няшчасныя людзі?!
...Дзядзька... Лермантаў... Чаркесы... Шаўчэнка... Кастусь... Малахоўскі... Віктар... Чорны Война...
Чаму такая няшчасная зямля?! І вакол няшчаная, і асабліва тут няшчасная.
Скакаў у цемры агонь.
І, гледзячы на яго, Алесь думаў:
“Бунт ідзе... Ідзе паўстанне... Ідзе рэвалюцыя, выбух шалёнага гневу і ярасці. Няўмольны пажар ад Гродні да Дняпра. Яго не можа не быць, такое зрабілі з людзьмі... Ідзе воля да майго народа і ўсіх народаў...”
Агонь палаў у цемры.
Яна ідзе. Толькі сляпыя не бачаць, толькі глухія не чуюць. “Крывадушныя! Аблічча неба распазнаць умееце, а знаменняў часу не можаце?” Яна немінуча будзе ў тым паганым, паскудным свеце, які вы пабудавалі. Свеце найпадлейшай хлусні, бізуна, турмаў, уціску малых народаў, забароны мовы, заціскання рота... Але галоўнае – у свеце хлусні.
Бо вы не проста забіваеце людзей і народы – вы хлусіце, што вы іхнія дабрадзеі, і прымушаеце таго, каго забіваеце, каб ён крычаў: “Дзякуй!”
Набліжаецца час. Капае вада з рукамыйніка.
Кожная кропля – гэта на кроплю бліжэй да вашай пагібелі, як бы вы ні вішчалі і як бы вы ні трымаліся за жыццё.
Як бы вы ні хлусілі, якіх бы катаў і хлусаў ні куплялі і ні ставілі на сваю абарону.
Кроплі падаюць у цемры, і точаць, і набліжаюць...
Кап...
Кап...
Кап-п...
Таямніца Паўлюка Кагута ўсё ж выплыла наверх. Ды яшчэ зусім па-дурному. Даверылася Галінка Кахнова малому брату, Іларыю, паслала да Паўлюка, каб паклікаў. Малы прыбег дахаты да Кагутоў, даведаўся, што Паўлюк у гумне мяняе з братамі ніжні вянец бярвенняў, ускочыў туды ды ляпнуў:
– Паўлюцо-ок... Сястла пласіла, каб не затлымаўся, як учола.
Кандрат з Андрэем так і селі на бервяно.
Читать дальше