Яшчэ праз імгненне Ілары ўжо ўцякаў, разумеючы, што зрабіў нешта не так, а Кандрат гнаўся за ім, каб распытаць падрабязна. Хлапчук быў, аднак, разумнейшы, чым можна было меркаваць, шмыгнуў ад дарослага боўдзілы ў лёх, у нару пад магазінам, ды там і астаўся.
Кандрат прапаноўваў яму здацца. Абяцаў розныя даброты салодкім, аж самому брыдка было – такі ўжо Цукар Мядовіч! – голасам. Малы толькі соп.
Кагут са злосці нарваў крапівы і туга запхнуў лаз, а сам, паціраючы далоні, пайшоў у гумно, думаючы, што б гэта ўсё азначала.
А калі прыйшоў – браты біліся.
– Братам... на дарозе... стаў? – выдыхаў Андрэй.
– Не чакаць жа... пакуль вы яе... удвох... сівую... у манастыр паведзяцё, – соп Паўлюк.
Кандрат кінуўся разбараняць і атрымаў ад Паўлюка ў вуха, а ад Андрэя ў сківіцу. Раззлаваўся, насунуў Андрэю, бо той даў першы. І яшчэ ад яго атрымаў. Натхнёны гэтым, Паўлюк нападдаў і пачаў націскаць на Андрэя, пакуль той, адступаючы, не ўпаў за бервяно і не накрыўся нагамі.
І толькі тады Кандрат зразумеў, што пакрыўдзілі і яго. І зусім не Андрэй. Схапіў брата загрудкі, кінуў цераз нагу на салому.
– Ты? З ёю?
Прыціснуў у кут.
– З ёю, – адважна адказаў Паўлюк.
– Будзеш?
– Буду.
– Вочы твае дзе былі? Два гады яна нам дарагая.
– Я спачатку і чакаў. Да не чакала яна. Неахвотна ёй дваццаць год чакаць.
– Не зыгуй. Не нясі. Адступіся.
– Не. – Паўлюк навесіў Кандрату.
І ў гэты час на малодшага наваліўся Андрэй.
Біткі біліся моўчкі, сцяўшы зубы. Браты-блізнюкі адчувалі: насмяяліся з самага дарогога, што ў іх было. Паўлюк быў у ярасці: два на аднаго. Дык чорта ім дзеўка. Спыталі б, халеры, у яе.
Паўлюка прыціснулі да сцяны. Разважлівы і спакойны, ён мог часам выбухаць шалёнай ярасцю. І цяпер, ведаючы, што яго адольваюць і могуць так налупцаваць, што тыдзень да плота не пойдзеш, ён адчуў у вачах чырвоны туман.
Рвануўся між братоў і зняў са сцяны цэп: дубовы біч на адпаліраваным рукамі арэхавым цапільне.
– Гэн! – рыкнуў так, што браты адляцелі. – Сунецеся да яе – заб’ю... Саромеўся вас, а вы з кулакамі... Заб’ю!
І рынуўся на іх. Кандрат быў зарагатаў, але адразу адскочыў. Цэп урэзаўся ў ток ля самых ягоных ног.
– Дур-рыла! Ты што?!
Але Андрэй з белымі вачыма схапіў ужо другі цэп і бег на Паўлюка.
– Гэх-х! – цапы стрэліся ў паветры, закруціліся адзін за адзін.
Паўлюк вырваў свой. Кандрат непаразумела глядзеў, як браты лезлі адзін на аднаго. Гэта быў ужо не жарт. І тады ён таксама схапіў цэп.
Паўлюк ляцеў на Андрэя, і Кандрат падставіў цапільна, ірвануў цэп з рук у брата і адкінуў у кут... Андрэй, нібы не разумеючы, наляцеў на іх, падняў цапільна: біч звыкла круціўся ў паветры.
Кандрат ведаў: адзін удар – і смерць. Скокнуў, схапіў Андрэя за рукі. Тым часам Паўлюк зноў схапіў свой, а заадно і Кандратаў цэп. Кандрат пацягнуў Андрэя за сабою, разам з цэпам, і спіною прыціснуў Паўлюка ў кут. Не маючы змогі размахнуцца, яны гупалі аднымі бічамі то па сваіх руках, то па чужых спінах. Бічы боўталіся, як язык у звоне, і ляскалі мякка, але адчувальна.
Кандрат атрымаў ад кагосьці па галаве, вышэй падковы. Захістаўся. І ў гэты момант уварваўся ў гумно азярышчанскі пастух Данька. Гнаў каровы, хацеў папрасіць крэсіва і ўбачыў.
– Скачаце? – з лютым гумарком спытаў Данька. – Танцы?
– Аг-га, – нічога не разумеючы, – сказаў Кандрат.
– Ну, то я вам апошні зараз сыграю, – усміхнуўся Данька.
І шліхтануў, са стрэлам, цыганскай пугаю. Ды па ўсіх трох. Ды яшчэ. Яшчэ.
– Аюц, кноразы! Ашкір вам, бараны!
Урэшце да ўсіх трох дайшло, дый жыгала пуга, як гарачым жалезам.
Браты адпусцілі адзін аднаго. Кінулі цапы.
Няладна было ў гумне.
Не глядзелі адзін аднаму ў вочы.
– Вы што ж гэта? – спытаў белы як смерць Данька. – Ах, ёлупы, ах вы, дрэнь навалачная.
Кагуты маўчалі.
– І, пэўна, праз бабу. Я і то бачу: на вёсцы адзін смаляны плот ды тры балваны ля яго...Ды ёсць такая
баба , каб вартая была?!
Кандрат урэшце апамятаўся.
– До ўжо. Не чапай бабы.
– Я яе зачаплю, – пагрозліва сказаў Данька. – Не ўсё мне па жаўнерках ды ўдовах. Падумаю вось, падумаю, ды ў вас, казлы, і ў цябе, пісклюк, так яе смыкну з-пад носа...
Гожы Данькаў твар быў рэзкі. Нешта ястрабінае было ў вачах. Задрыжалі бровы:
– Браты. Ды вы, як пырнік, з адной сувалкі ўсе.. Ану мірыцеся!
Маўчанне было доўгае. Потым Паўлюк цяжка ўздыхнуў.
– Я вінаваты, Кандрат... Вінаваты, Андрэйка.
– Чорта нам з таго! – сказаў Андрэй.
– Я сказаць хацеў – духу не хапіла.
Читать дальше