Алесь сумаваў без яе. І таму спяшаўся, хацеў сёння рашуча пагаварыць з Міхалінай і неяк рассекчы нерат, у якім яны так даўно блыталіся.
Дуб быў ацяжэлы ўжо, але ўсё яшчэ магутны і грузлаваты дзікун. Касіў крывавым вокам і палохаў, задзіраў верхнюю губу, паказваючы зубы.
Алесь якраз частаваў Дуба падсоленым жытнім сухаром, калі за сцяной, на праварыне, прагучаў і рэзка абарваўся шалёны пошчак капытоў.
Дуб сваволіў і не хацеў браць. Устрывожаны Алесь кінуў яго і пайшоў быў да выхада, але ў гэты момант у стайню ўварваўся чырвоны ад ветру і хвалявання Паўлюк Кагут.
Сэрца Алеся ўпала.
Што? – спытаў ён.
Паўлюк хапаў ротам паветра, нібы бег ён, а не конь. Нарэшце вымавіў:
Раўбіча пайшлі граміць!..
Хто?!
Людзі Корчака.
Ты што, здурэў?
Але… Але… Забіваць будуць.
Ды няма яго за што!
Паўлюк не мог ведаць аб размове ў чаўнах, калі Кандрат, пакутуючы за дзядзькаванага брата, навёў людзей людзей Корчака на Раўбічаў маёнтак. Ён ні аб чым не здагадваўся. Нават аб вялікім плане нападу, што песціў у душы былы півошчынскі мужык. Але ён, пястун Янькі і адзіны, з якім яна была да канца шчырая, дазнаўся ад яе, што ў “нашага Алеські з Раўбічавай паненкай зноў, здаецца, ладзіцца справа…”
Ні Кандрат, ні Андрэй нічога аб патаемным міры між Алесем і Міхалінай не ведалі.
А здарылася так. Корчаку вельмі была патрэбна зброя. І яму, як і прадбачыў бялявы Іван Лапата, ніяк не ўдавалася ўзняць вялікую колькасць людзей. Чуткі аб блізкай волі прымушалі кожнага чакаць як мыш пад венікам. Не варта было ламаць шыю, калі ўсё адно вось-вось зваліцца прыгон.
Корчак здавольваўся ўсе гэтыя гады рабункам паштовых карэт, пагрозлівымі знакамі (чалавек у масцы, стрэльба і труна) на бяросце, якія клалі на ганак арандатарам-пасрэднікам, ды зрэдку стрэлам у падатковага чыноўніка (аднаго падранілі, астатнія абышліся лёгкім перапудам).
Большасць мужыкоў ад яго пайшла ў двары, былі дома, хоць і памагалі – “на ўсякі выпадак, а можа, спатрэбіцца”. З чатырма дзесяткамі верных людзей ён адседжваўся ў пушчах.
Пра яго пачалі казаць: нястрашны. Яму конча была патрэбна зброя.
Бо Чорны Багдан Война, сустрэўшы аднойчы на лясной сцежцы ўсю гурму, здзекліва паехаў проста на яе, толькі паклаўшы руку на пісталет і свідруючы людзей падазронымі вачыма. Багдана баяліся: “Як сам чорт яму памагае. Няйначай, пярэварацень”, – і саступілі з дарогі.
А Багдан з’едліва ўсміхнуўся, выцягнуў пісталет і кінуў:
На, атаман. Вазьмі. На беднасць.
Такога Корчак стрываць не мог. Гэты адзін ходзіць столькі год. І месяца не пройдзе, каб погаласка не пайшла: “Напаў адзін на паліцэйскі пост… Застрэліў… Коней адбіў і раздаў…”
І Корчак, памятаючы словы Кандрата, вырашыў: “Раўбіч – будучы сваяк Хаданскіх… Не сцеражэцца… Будзе зброя… Ухвала і падтрымка з боку Кагутоў, а значыць – і азярышчанцаў”.
На Кроера ісці – было не па зубах: у таго ўсё яшчэ сядзелі чаркесы, ці што… Вялікага паходу распачаць таксама нельга: войска паўсюль. А Раўбіч не сцярогся.
Корчак сяк і так картаваў карты. Выпадала адно: ісці на Раўбіча.
…Нічога гэтага не ведалі Алесь і Паўлюк. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім : неўразуменне.
Адкуль ведаеш?
Паўлюк, відаць не падумаўшы, ляпнуў:
Стаю з Кахновай Галінкай ля плота… Подаўна ўжо…
Што? З Кахновай?
Паўлюк заліўся чырванню.
Як жа гэта ты так?.. Ва ўласных братоў?.. Ты як ім цяпер у вочы глядзець будзеш?
І тут Паўлюк раззлаваўся:
А што?! Самі вінаваты. Адзін аднаму дарогу саступаюць. Яна мне сказала: “Абрыдлі мне яны, Павёлка…” І потым, любая яна мне…
І тут гумар сітуацыі дайшоў да Алеся. Загорскі зарагатаў.
“І ўстаў брат на братоў, а племя на племя…” Нічога, горшага б не было.
Сурова кунуў:
Далей. Стаіш ты, значыць, з Кахновай Галінкай…
Кінь… Дык вось, стаю я, значыцца… Тфу!.. І чую, ідуць людзі. А насустрач ім чалавек стаў на грэблі...
Паўлюк змоўчаў, што стаў насустрач людзям Пятрок, улюблёны Галінчын брат.
“Прасачылі, – кажа. – Раўбіч большасць людзей на фэст адпусціў. З ім у маёнтку чалавек восем”. – “Добра, – кажа адзін з тых. – Рушым”. – “Хлопцы, – кажа гэты, што ўстаў, – вы хаця душ жывых не губіце. Самі душы маеце”. – “Змоўч, не зацінайся”. Дый рушылі.
Даўно пайшлі? – бледны, спытаў Алесь.
Подаўна. Больш за гадзіну.
Майка магла яшчэ быць там. Майка магла не паспець ад’ехаць… І яшчэ ён успомніў вочы Яраша, цёмныя вочы без райка, якія выпрабоўвалі… Гэта бацька Майкі. Гэта проста – Чалавек, жывы, і слабы, і моцны. Адно неўтаймаванае жаданне расло зараз у душы. Хутчэй, хутчэй ратаваць.
Читать дальше