Кастусёў твар раптам нагадаў Алесю твар дзіцяці.
– І вось амаль што спаць не магу. Як успомню: божа ты мой! Ну хоць бы дзяцей у двары сірочага дому ці старых на лавачцы, на бульвары, а то малпу ў балгарына-катрыншчыка... Далонька, ведаеш, дзіцячая, зморшчаная. І клятчастая сукенка на ёй... Як успомню – нібы гэта я за вольтаў слуп ухапіўся... У мяне... з якога?.. ага, з пятага кастрычніка галюцынацыі. Нібы стаіць нехта фіялетавы і тоўсты. І нічога ў яго няма, акрамя аднаго залатога вока. Стаіць ды краямі сваёй грубой мантыі варушыць. І нібыта хоча есці людзей, не ведаю ўжо якім чынам. А паўз мяне ідуць, ідуць. Маці-нябожчыца без аблічча, ты ў рызманах, Віктар, дзяўчынка з пірагом, сабака... Усе, каго ў жыцці бачыў... І глядзяць... Кожную ноч так.
Алесь спалохаўся. Узяў сябра за грудзі, моцна страсянуў. Каліноўскі здрыгануўся.
– Даруй, мілы, – сказаў ён. І дадаў пасля паўзы: – Памятаеш, сказаў Вежы, што на мой век нерваў хопіць. Баюся, не хопіць. Толькі б гэта здарылася пасля... калі ўжо ў кожнага будзе па пірагу.
– Шкада, што ты не ў мяне, – назнарок груба сказаў Алесь. – Я б табе за твае фантазіі... Пойдзеш сёння да мяне.
– Нашто?
– Буду даглядаць. Па-першае, кожны вечар перад сном дзве гадзіны хадзіць. Па-другое, піць адвар. Аглая дасць. Па-трэцяе, “тройчы дзевяць”, настой траваў на гарэлцы. Па-чацвёртае – халодныя ванны два разы на дзень.
Грубаваты і ўпэўнены тон зрабіў, здаецца, патрэбнае ўражанне.
– Медык, – сказаў Кастусь.
– А што? І медык. Чытаць толькі вясёлае. Есці біфштэксы. Спыць класціся з курамі... Сур’ёзна, сур’ёзна, Кастусь... І яшчэ: закахацца табе трэба... Ну, гэта, урэшце, як хочаш. Але які месяц я цябе не адпушчу.
Да іх падышоў Віктар, і Алесь змоўк, Алесева сэрца аблівалася крывёй за братоў.
– Слухай, Алесь, - сказаў Віктар. – Кастусь казаў, што ты заместа поўнага вызвалення прапанаваў свайму бацьку нейкія ліберальныя ваніты. Нейкую канкурэнцыю з мужыком, цукроўні, гуты, трасцу... Ты што, ад нас адмяжоўваешся? – вочы ў Віктара былі бліскучыя, відаць, ад лёгкай гарачкі.
– Кінь, – сказаў Алесь. – Трэба мне даць бацьку нешта, за што можна было б змагацца афіцыйным шляхам? Ці ён павінен быў нашу праграму высунуць: зямлю – сялянам, цара з чыноўнікамі ды злоснымі прыгоннікамі – на асіну, мову – у школы, папоў – са школ. Ты гэтага хацеў?
– Ну... як... Н-не тое, вядома...
– А потым, нічога не зрабіўшы, юкнуць, як у палонку? За меншае людзей у Сібір заганялі... Я, Віктар, не думаў так, як прапаноўваў. Але пакуль народ на паўстанне не пайшоў – трэба рабіць хоць што.
– Адкасніся ад яго, – раптам рэзка сказаў брату Кастусь. – Чаго вы ўсе да яго з пытаннем гэтым ідыёцкім. “Како веруеш?” Ён не горшы за цябе патрыёт.
Віктар разгубіўся ад нападу.
– Гэта хто? ― рэзка паказаў Кастусь у бок аднаго з гасцей.
– Сляпцоў. Венгерскі герой.
– Ну і дурань, ― рэзка сказаў Кастусь. ― А той?
– Эверс, дарадца міністэрства замежных спраў.
– Гэты нашто?
– Ён і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў – шырма. Каб не было блакітных “сяброў” з адпаведнага дома.
– Нядрэнна прыдумана. А той?
– Іваноў трыццаты.
– Ты што, жартуеш? – абурыўся Алесь.
– На самай справе. Ад’ютант для асобых даручэнняў пры пецярбургскім ваенным генерал-губернатары.
– Што, таксама маска?
– Ды не. Чамусьці прасякся павагаю да Людвіка. Цягаецца ўсюды разумныя размовы слухаць... А там унь Шчарбіна, паэт. Бачыце, якое аблічча... А той, у акулярах, з бакенбардамі, стары, – былы сябра Пушкіна. А цяпер таварыш, здаецца, міністра народнай асветы. Вяземскі Пётр Андрэевіч. Паэт. Шкада, хлопцы, старасці.
– А той хто, на вераб’я падобны? На вялізнага вераб’я.
– Талстой. Феафіл. Музычны крытык... А той – раганосец Феактыстаў, пёс ланцужны, намеснік Фадзея Булгарына. З маладых, ды ранні. І, скажы ты, не паспее стары падлец здохнуць, як ужо на ягонае месца новага рыхтуюць.
Адзін з гасцей асабліва прыцягнуў увагу Алеся. Не вонкавым выглядам – урэшце, бадай звычайным, – а нейкай падкрэсленай незалежнасцю рухаў.
Колькі яму магло быць год? Пэўна, далёка за пяцьдзесят. Ва ўсякім разе, аб гэтым неабвержна сведчылі вельмі сівыя вусы, склератычны румянец на шчоках і скронях, нос, што калісьці, відаць, быў вастраваты і трошкі задзёрты, а цяпер, з гадамі, абвіс і зрабіўся ўжо нават трохі чырвоны. Дый бровы былі як у старога: кусцістыя, суровыя бровы.
Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Вусы варухнуліся, але нават калі б гэтага не было, аб усмешцы можна было б здагадацца па вачах.
Читать дальше