Кацілася ноч. Пашыранымі ў цемры вачыма ён бачыў яе непрыкрытае цела – ногі адна на адной, закінутае аблічча і складзеныя ўздоўж тулава рукі, нібы яна ляцела да зор. А далей бачыў шаты і бясконцыя палі пад урачыстым зорным святлом.
I ўсё адно ўвесь гэты абшар быў лухтой перад гэтым чалавекам, перад бясконцым духам бязмежнасці і любові, увасобленым у ім.
...Заглыбіўшыся ў адзіную на ўсю ноч хвіліну дрымоты, ён раптам убачыў побач з усім гэтым яшчэ і іншае.
...Туман стаяў над зямлёй. Бачныя былі над ім конскія галовы на доўгіх шыях. Коні выходзілі да напаўзгаслага вогнішча, ля якога ляжаў ён.
I туман, як вада, сплываў з зямлі, і паўсюль былі белыя, белыя коні.
Коні схіляліся над ім і дыхалі цёплым. А між іх са смешным тоўстым хвастом, з вільготнымі вачыма стаяла ўчарашняе жарабятка. Стаяў над ім і плакаў малады белы конь.
Сёння ўначы яна з’явілася да мяне, быццам жывая, быццам зусім не памерла. Ды так яно і было.
Яна была ў сваёй мантыльі... Цёмна-блакітныя ў зелень, як марская вада, вочы глядзелі на мяне горка. I ледзь бачны быў ля скроні маленькі белы шнар, а ля ключыцы – другі. Дзіўна было, што яны зажылі.
За ёю былі тысячы зор, але яна глядзела на мяне. Варухнуліся горкія вусны.
– Нашто ты зрабіў гэта? – сказала яна ціха, і голас яе ляцеў нібы з глыбінь сусвету.
– Што? – спытаў я, хоць ведаў усё.
– Нашто выставіў мяне перад усімі? Ты не ведаеш, мне балюча пазнаваць сябе, бачыць на сабе позіркі людзей, бо тое, што аддаюць толькі каханаму, стала цяпер набыткам усіх. Як ты мог? Мне так страшна і так балюча.
– I мне таксама, – сказаў я. – Але хіба невядомы мне жорсткі мастак не выставіў сваёй каханай у вобліку мілоскай Венеры... Яна таксама была жывая, і ёй страшна і балюча было бачыць сябе ў статуі... I скульптару было горш за яе, але іначай ён не мог. Ён ішоў праз знішчэнне яе маленькага асабістага гонару – да ўслаўлення яе вялікага гонару ў вяках. I ўжо не яна стаяла перад людзьмі, а сімвал Жанчыны.
Яна маўчала, і зоры мігцелі за яе распушчанымі валасамі і ў іх.
– Потым, каму да гэтага справа цяпер? – нечакана ўсміхнуўся я. – Каму справа да яе жывых пакут? I каму будзе справа да цябе праз тысячу год, жанчына?
Увесь свет здаваўся адной суцэльнай птушынай песняй. Мокрыя дрэвы з цёмнымі стваламі і дымнай лістотай курэлі, абтрасаліся. Уся зямля пад імі была мокрая.
Алесь ехаў на белым кані, падставіўшы кроплям і ранішняй свежасці непакрытую галаву і грудзі, у расхінутай белай сарочцы. Мсціслаў і Выбіцкі ехалі наводдаль і ўсё яшчэ аб нечым дамаўляліся. Былі ў чорным, як належыць секундантам.
Алесь вырашыў, што ён спазніцца на двабой як толькі будзе магчыма. Па звычаю, калі адзін бок пазніўся на палову гадзіны – другі мог ехаць з месца, а таго, хто спазніўся, лічылі за чалавека, які ўхіляецца. Ён даў сабе гэтую апошнюю магчымасць, каб не пакласці між сабою і Франсам, сабою і Майкай непапраўнага.
Ён устаў уначы і перавёў стрэлкі на ўсіх гадзінніках у доме на сорак пяць хвілін назад.
– Прасплю, – з вясёлым адчаем сказаў ён сам сабе. – Што я, на самай справе буду яго забіваць?
Раніцай Майка ляжала, гледзячы ў попельнае неба, і раптам пачала ўставаць.
– Чаго ты? – спытаў ён.
Яна ўсміхнулася, абуваючы туфелькі:
– Зараз чатыры гадзіны. Ваша сустрэча ў шэсць. Ён не выедзе раней пяці, а дарогі мне – сорак пяць хвілін. Загадай, каб нейкага каня асядлалі жаночым сядлом.
I, сыходзячы ўніз, пацалавала яго:
– Не думай ні аб чым. Усё адно яны цяпер будуць у дурнях. Хто возьме збэшчаную нявесту?.. Не думай, ён не прыйдзе на месца двабою.
Алесь змоўчаў, хоць ведаў, што Франс ужо выехаў. Шчыра кажучы, ён баяўся яе слёз пры развітанні і спадзяваўся, вядома, не на яе, а на свой фортэль з гадзіннікамі. Хай едзе.
Падсаджваючы яе ў сядло і моцна цалуючы, ён сказаў:
– Вось і добра. Бывай.
– Бывай.
Ён правёў яе позіркам, а потым пайшоў на паркавы двор, распрануўся і з асалодаю падставіў налітае маладой сілай цела пад струмені каскада. Яны свісталі ў твар, секлі ў грудзі, сплывалі па спіне. Ён толькі пырхаў.
Там яго і знайшлі Выбіцкі і Мсціслаў.
– Познімся, – сказаў апошні.
– Паглядзі там на мой гадзіннік, – сказаў Алесь.
Мсціслаў здзівіўся і спалохаўся. Ён звяраў час з секундантамі Раўбіча. Спытаў у Адама, але той забыў свой гадзіннік дома. Маеўскі пайшоў звяраць з хатнімі – тфу ты, д’ябал!
– Аддасі ў наладу, – сказаў Алесь, расціраючыся.– Добра, што хоць твой не адстаў.
– Ал-ле, – сказаў Адам. – Што ж рабіць?
Читать дальше