...Кандрат прадзьмуў ствалы. Звыкла, як кожны селянін, што беражэ сваю зброю. Сіні дымок двума струменьчыкамі – слабейшым і моцным – вылецеў з іх.
Потым Кагут схіліўся над забітым і здзёр з ягоных грудзей запэцканы ў крыві вацок. У ім зазвінела і зашалахцела.
– Хадзі, памыйся перад страшным судом.
Таркайлава цела перавесілася з насцілу, упала з невялікай вышыні ў мелкую, на каменьчыках, плынь.
З хвіліну Кандрат глядзеў, як каламутна-шэра пацьмянела празрыстая вада, як потым сплыла каламуць і на яе месца з’явілася ружовае. Дурныя печкуры кідаліся да гэтага ружовага, нібы дзяўблі, сплывалі разам з ім па плыні.
Хутка вада была ўжо зноў празрыстая. Плынь прыўзняла ногі забітага, і яны слаба варушыліся на перападзе.
Кандрат павярнуўся да коней.
– А вы чаго будзеце торгацца, бедныя? Ану, давай! Ану!
Ён падсунуў плячук пад таратайку і падаў яе ўгору. Колы выскачылі. Коні хвіліну стаялі, а потым павольна пайшлі: без гаспадара туды, куды і з ім.
Кандрат злез з адхону і пайшоў па вадзе. Не туды, куды сплывала тое і дзе мітусіліся печкуры, а ў другі бок.
Прайшоўшы крокаў сто, ён вымыў вацок і рукі ў сцюдзёнай вадзе і зноў рушыў плынню. Потым пайшоў ярам. Пасля натрапіў на лагчынку з чорнымі люстэркамі вады. Размахнуўся і кінуў вацок разам з тым, што звінела і шалахцела, у чорнае “пушчанскае вока”.
Зноў рушыў адхонам. Азірнуўся.
На паверхні чорнай вады знікалі кругі...
За тыдзень паліцыя і нават Мусатаў са сваіл падначаленым, Буланцовым, ператрэслі ўсё наваколле. Аблавы хадзілі па пушчах, людзі з цяжкасцямі, часам рызыкуючы жыццём, забрыдалі нават на некаторыя выспы сярод дрыгвы.
Война, як заўсёды, адседзеўся ў нейкай са сваіх шматлікіх схованак. Людзі Корчака даўно не з’яўляліся ў наваколлі.
Злавілі двух-трох выпадковых валацуг, але забойцаў не знайшлі. Іван Таркайла цяпер нікуды не ездзіў адзін, а ўначы сядзеў у фальварку, зачыніўшы ўсе аканіцы.
Адзіны чалавек, якога здарэнне прывяло ў лютасць, быў Кроер. Ясна, хто зрабіў. Мужычкі каханенькія. Ніхто іншы – яны! Невядома толькі хто. 3 Таркайлавых нехта, ці з ягоных Кроеравых, ці мо адгукнулася праз сваякоў адна з ахвяр “Ку-гі”. У росшуках самы страшны і заўзяты быў ён са сваімі чаркесамі. Трос палясоўшчыкаў, шукаў і лупцаваў людзей з лясных буд, смалакураў, бортнікаў.
А калі гэта нічога не дало і наваколле сціхла, зачыніўся ў Кроераўшчыне і пачаў лютаваць над сваімі. Проста так, абы спагнаць злосць. Дайшло да суседзяў. Усе разумелі: трэба сядзець ціха. А гэты, як назнарок, баламуціў лютасцю ўсё наваколле. Усё мацнеў і мацнеў і, урэшце, дакаціўся да губерні агульны лямант:
– У апеку яго!
Віцэ-губернатар Ісленьеў выехаў у Сухадол, каб даследаваць справу на месцы.
Дарогаю ён спыніўся ў Загоршчыне і тут даведаўся, што Кроер зноў запіў. А наступнай раніцай прыляцеў у Загоршчыну да Алеся ганец з Кроераўшчыны і апавясціў зноў, як тады, што пан Канстанцін памірае і паслаў дзесятак слуг паўсюль, каб апавясцілі аб гэтым. I нібыта паслаў нават па доктара і папа.
– Прыкідваецца, – сказаў Вежа.
– Вы думаеце? – Ісленьеў і сам верыў і не верыў.
– Стары жарт, – працадзіў Алесь. – Ягоныя выдумкі трохі аднастайныя. Гэта ўжо трэці раз.
– I ўсё ж, думаю, трэба паехаць, – сказаў Ісленьеў.
Алесь глядзеў на яго з жалем. Стары не мяняўся. Усё той самы румяны, сівы, добразычлівы. Харошы рускі чалавек. Алесь помніў ягоныя словы аб “цемры” пасля расстрэлу ў Півошчах. I шкадаваў. Скруціла, беднага, жыццё.
– Ну, паедзеце, – сказаў Алесь. – Убачыце п’яных гасцей. Свяшчэннік і лекар не маюць права адмовіцца, убачыце п’янага лекара і п’янага папа.
– Я б вам не раіў, – сказаў Вежа.
– Вы не паедзеце?
– Бачыце, я не патрабаваў бы гэтага ад яго, каб, скажам, памёр я, – сказаў стары.
– Ну а вы? – спытаў Ісленьеў у Алеся.
– Я аднойчы з’ездзіў. – Алесь пацёр запясце.
– Па-хрысціянску, – сказаў віцэ-губернатар.
– Па-хрысціянску варта было б усіх нас павесіць, – сказаў Алесь. – За тое, што цярпелі сярод нас такога монстра. Даць вам ахову?
Стары спакойна ўзняў на яго вочы. Яблычны румянец на ягоным свежым абліччы стаў мацнейшы.
– Дзякую, – сказаў віцэ-губернатар. – Але няўжо вы думаеце, што я ў жыцці каго-небудзь баяўся?
– Я не хацеў, каб вы зразумелі мяне так, – сказаў Алесь.
Ісленьеў узяў таго самага мужыка – ганца і паехаў у Кроераўшчыну. Дарогай па ўсіх пагостах бразгалі хаўтурна званы. Нават інваліды па каплічках калаціліся драўлянымі нагамі ў петлях вяровак, што вялі да званоў.
Читать дальше