З грацыяй танцоўшчыка рухаецца па сцэне Гендрык-Мэфіста ў чорным шаўковым, шчыльным касцюме, лёгка і дакладна, бянтэжачы і спакушаючы; з крывава размаляваных, вечна ўсмешлівых вуснаў злятаюць хітрамудрыя двухсэнсіцы, рызыкоўныя досціпы. Хто ж засумняваецца, што гэты жудасны элегантны весялун здольны ператварыцца ў пудзеля, выбіць з драўлянага стала струмень віна, лунаць у паветры на плашчы, была б толькі яму ахвота? Гэты Мэфіста здольны на ўсё! Усе ў зале адчуваюць: ён магутны — магутнейшы за самога Госпада Бога, яму "ў дзядка штораз мілей", да яго ж ён і звяртаецца з пакеплівай куртуазнасцю. Хіба ж у яго недастаткова прычынаў глядзець на Бога зверху ўніз? Ён куды больш дасціпны на язык, куды больш адукаваны, і ў кожным разе, куды больш няшчасны, чым той, магчыма, ён мацнейшы менавіта таму, што няшчасны. Бясконцы аптымізм вялікага старца, які прымушае архангелаў спаборнічаць у хваласпевах яму самому і яго творыву, і хваравітая дабрадушлівасць бацькі сусвету робяць уражанне наіўнасці, калі не старэчага маразму, побач з жудаснай меланхоліяй, ледзяной скрухай, да якой любімец Госпада, выкляты і загіблы, раптам пераходзіць ад самай сумніўнай весялосці. Мароз па скуры ў публікі ў зале Берлінскага дзяржаўнага тэатра, калі з ярка размаляванага рота Гёфгена-Мефістофеля ляцяць словы:
... Бо ўсё жывое ў свеце
Ператвараецца ж у смецце,
То лепш няхай яго б і не было.
Ён ужо не рухаецца, гэты занадта жвавы арлекін. Ён стаіць нерухома. Што гэта? Пакута? Пад стракатасцю грыму — глыбокі няўцешны позірк. Няхай анёлы цешацца вакол трона Гасподняга — яны зусім не ведаюць людзей. Чорт ведае людзей, ён прысвечаны ў іхнія ліхія таямніцы, і ах! боль за іх паралізуе яго, і на яго твары застывае маска роспачы.
Пасля прэм'еры "Фаўста", пасля авацый артыст Гёфген замыкаецца ў сябе ў грымёрцы. Ён нікога не хоча бачыць. Але адной наведніцы маленькі Бёк адмовіць не можа. Рэдка здараецца, каб Дора Марцін глядзела спектаклі, у якіх сама незанятая. Яе сённяшняе з'яўленне на прэм'еры выклікала сенсацыю. Маленькі Бёк адвешвае ёй глыбокі паклон і адчыняе дзверы ў свяцілішча.
Абое выглядаюць стомленымі, і Гёфген і яго суперніца па памостках. Ён выматаны і знясілены экстазам ігры. Яна — клопатамі, якія яму невядомыя.
— Добра было, — кажа Марцін ціха, дзелавіта і адразу ж, не чакаючы запрашэння, сядае на крэсла. Яна ўся сціскаецца, твар з высокім лобам, шырокімі дзіцячымі летуценнымі вачыма глыбока апускаюцца ў бурае футра каўняра.
— Добра было, Гендрык. Я ведала, што ў вас атрымаецца. Мэфіста — ваша вялікая роля.
Гёфген сядзіць да яе спінай за грыміравальным столікам і ўсміхаецца ёй у люстра.
— Вы гэта кажаце без злосці, Дора Марцін.
Яна адказвае гэтак сама спакойна, дзелавіта:
— Вы памыляецеся, Гендрык. Я ні на кога не крыўджуся, я прымаю ўсіх такімі, якія яны ёсць.
Тут Гендрык паварочвае да яе твар, з якога ўжо зняты д'бальскія бровы і ўся раскоша фарбаў.
— Дзякую, што прыйшлі, — кажа ён мякка, і вочы яго блішчаць.
Але яна адмахваецца, быццам хоча сказаць: кінем гэтыя жарты! Ён, здаецца, не заўважае яе жэсту і пяшчотна пытаецца:
— Якія ў вас бліжэйшыя планы, Дора Марцін?
— Я навучылася англійскай мовы, — адказвае яна.
Ён робіць здзіўлены твар.
— Англійскай? Чаму? Чаму менавіта англійскай?
— Бо я буду іграць у Амерыцы, — кажа Дора Марцін, не адводзячы ад яго спакойнага, выпрабавальнага позірку.
Як што ён усё яшчэ іграе неразуменне: "Чаму? Чаму менавіта ў Амерыцы?" — яна кажа ўжо нецярпліва.
— Бо тут усё прапала, дарагі. Хіба вы гэтага яшчэ не заўважылі?
Ён гарачыцца:
— Што вы кажаце, Дора Марцін? Для вас жа нічога не зменіцца! Ваша становішча непахіснае! Вас жа любяць — сапраўды любяць тысячы і тысячы! Ніхто з нас, вы ж ведаеце, ніхто з нас не карыстаецца такой любоўю, як вы.
Тут усмешка яе робіцца такою сумнаю і пакеплівай, што ён змаўкае.
— Любоў тысячаў! — кажа яна амаль бязгучна. І паціскае плячамі. І пасля паўзы міма Гендрыка, у пустату: — Знойдуцца іншыя любімцы.
Ён усхвалявана:
— Але тэатр прыносіць прыбыткі. Тэатр заўсёды будзе цікавіць людзей, што б ні сталася з Германіяй.
— Што б ні сталася з Германіяй, — ціха паўтарае Дора Марцін і раптам устае. — Ну, дык я зычу вам усяго добрага, Гендрык, — кажа яна хутка. — Мы доўга не ўбачымся. Днямі я еду.
— Днямі? — пытаецца ён сумеўшыся.
І яна адказвае, гледзячы ўдалечыню:
— Больш чакаць няма чаго. Мне тут рабіць няма чаго.
Читать дальше