"Ты паставіш пад пагрозу сваё жыццё!" — пісала Роза з гатэля "Брыстоль" у Вене.
Гендрык рашыў, што гэта рамантычныя перабольшанні. Тым не меней занепакоіўся. З дня на дзень адкладваў ад'езд. Вольны, нервовы хадзіў па парыжскіх вуліцах. Ён не ведаў горада, але яму зусім не хацелася радавацца яго прыгажосці альбо нават заўважаць яе.
Гэта былі горкія тыдні, можа, самыя горкія. Ён ні з кім не бачыўся. Праўда, ведаў, што той-а-той з яго знаёмых цяпер у Парыжы, але не рашаўся ўступаць у кантакт ні з кім. Пра што з імі гаварыць? Яны толькі знясіляць яго сваім патэтычным жахам ад нямецкіх падзей, там жа і праўда адбываецца нешта жахлівае, і чым далей, тым больш жудаснае. Вядома, яны спалілі ўсе масты на радзіму, дзе тыраны іх так ненавідзелі. Яны ўжо эмігранты. "А я, хто я цяпер?"— пытаўся сам у сябе Гендрык Гёфген, увесь у страху. І ўсё ў ім пратэставала супроць такой думкі.
Але за доўгія адзінокія гадзіны ў нумары гатэля, на мастах, на вуліцах і ў кавярнях горада Парыжа ў ім выспявала змрочная ўпартасць — славутая ўпартасць, самае лепшае пачуццё з усіх, якія ён калі-небудзь меў. "Што ж мне — вымольваць дараванне ў гэтай банды забойцаў? — думаў ён тады. — Што ж я, не магу абысціся без іх? Што ж, маё імя не мае міжнароднага гучання? Я магу дзе хоч прабіцца, гэта, вядома, нялёгка, але нічога, неяк усё ўладзіцца. І якая палёгка, так, так, якое збавенне! Горда, па сваёй волі пайсці з краіны, дзе зачумлена паветра; і на ўвесь голас заявіць пра салідарнасць з тымі, хто хоча змагацца з крывавым рэжымам! Якім чыстым я адчую сябе, калі праб'юся да такога рашэння! Які новы сэнс, якую новую годнасць атрымае маё жыццё!"
З такімі настроямі, што давалі яму моцную, нават цёмнyю радасць, хоць, праўда, і нядоўгую, увесь час спалучалася патрэба зноў убачыць Барбару і пра ўсё з ёю пагаварыць — Барбара ягоны добры анёл. Як яна патрэбна яму цяпер! Ужо каторы месяц ён не меў пра яе ніякіх вестак, нават не ведаў, дзе яна. "Мусіць, сядзіць у маёнтку генераліхі і не дбае! — горка думаў ён. — Я ёй гэта прадказваў, яна яшчэ знойдзе цікавыя бакі ў фашысцкім тэроры. Усё ідзе як па пісаным: я пакутую, я блукаю па вуліцах чужога горада, а яна, нябось, цяпер балабоніць з якім-небудзь забойцам і катам, як балабоніла з Гансам Мікласам..."
Адізнота рабілася нясцерпнай, і ён пачаў суцяшаць сябе думкай выпісаць прынцэсу Тэбаб з Берліна ў Парыж. Як было б добра зноў пачуць яе раскацісты рогат, дакрануцца да яе моцнай рукі, такой шаршавай навобмацак, як кара! Як бы яно гэта падмацавала і асвяжыла яго! Напляваць бы на Германію і пачаць новае, дзікае жыццё з прынцэсай Тэбаб! Ах, як было б добра! Няўжо гэта немагчыма! Паслаць тэлеграму ў Берлін, і ўжо на другі дзень сюды явіцца Чорная Венера ў сваіх зялёных боціках і з чырвонай плёткай у чамадане. У цэнтры салодкіх і мяцежных мрояў Гендрыка стаяла прынцэса Тэбаб. У рэзкіх, хвалюючых фарбах ён маляваў сабе жыццё, якое павядзе з ёю ўдваіх. Можна пачаць з таго, каб зарабляць свой хлеб у якасці танцавальнай пары ў Парыжы, Лондане, Нью-Йорку: "Гендрык і Джульета, два найлепшыя ў свеце майстры стэпy!" Але на адных танцах далёка не затанцуеш. Гендрыку мроіліся і больш смелыя магчымасці. З танцавальнай пары магла атрымацца пара аферыстаў, пацешна было б сыграць у жыцці ролю свецкага крымінальніка, якую так часта даводзілася іграць у кіно і тэатры, — з усімі небяспекамі і наступствамі! Побач з цудоўнай дзікункай круціць за нос ненавіснае, пагарджанае грамадства, якое пры фашызме раскрыла свой сапраўдны мярзотны нораў! І не малімоніцца з імі — гэта чароўнае прадстаўленне! Некалькі дзён Гендрык быў апантаны гэтай ідэяй. Можа, ён і насамрэч зрабіў бы першы крок і паслаў бы тэлеграму цёмнаскурай дачцэ правадыра, калі б не дайшло да яго паведамленне, якое адразу перакрэсліла ўсе планы.
Важнае пісьмо прыйшло ад маленькай Ангелікі Зіберт. Хто б мог падумаць, што менавіта Ангеліка, якую Гендрык так жорстка, так зняважліва не заўважаў, сыграе вырашальную ролю ў ягоным жыцці! Гендрык даўным-даўно забыў, што ёсць нейкая маленькая Зіберт, і, калі цяпер спрабуе ўявіць сабе яе твар, маленькі, баязлівы тварык трынаццацігадовага падлетка з блізарукімі светлымі вачыма, яму здаецца, быццам ён быў вечна заліты слязьмі, а маленькая Ангеліка плакала няспынна, не прасыхаючы. Але ж ці не давалі ёй даволі часта поваду для слёз? Гендрык вельмі добра памятаў, як подла ён сам з ёю абыходзіўся... Але ўпартае, пяшчотнае сэрца заставалася яму верным. Гендрык здзіўляўся. І ў яго былі ўсе падставы — ён жа меркаваў пра іншых па сабе і заўсёды разлічваў на эгаізм і подласць у сваіх блізкіх. Добрыя ўчынкі заўсёды ўводзілі яго ў разгубленасць. У пустым гасцінічным нумары, вывучаным да драбніц, ён заплакаў над пісьмом Ангелікі. Слёзы на вочы нагнала не толькі нервознасць, не толькі стомленасць — ён быў шчыра расчулены. Якая шчаслівая была б Ангеліка, як бы яна была ўзнагароджана за свае пакуты, калі б магла пабачыць, як той, праз каго яна праліла столькі слёз, сам плача над яе пісьмом! Гэта ж яе каханнне напоўніла дарагія, халодныя вочы салёнымі кроплямі.
Читать дальше