— Рэвалюцыйны тэатр нам не пашкодзіць, напэўна не, паверце, татуля Шміц! Добрае ніколі чалавека не кампраметуе. Рэвалюцыйны тэатр будзе добры тэатр, бліскучы! Справа, за якою стаіць сапраўдная вера, сапраўдны энтузіязм, пераканае ўсіх — нават ворагі замоўкнуць перад гэтай маніфестацыяй нашых палымяных ідэй.
Яго вочы свяціліся, крыху касавyрылі і, здавалася, глядзелі ўдалечыню з захапленнем, туды, дзе прымаліся вялікія рашэнні. Падбародак ён трымаў горда задзёртым; на бледным, крыху адкінутым назад, пачуццёвым абліччы ляжаў бляск упэўненасці ў перамозе.
"Гэта сапраўдная захопленасць, — думала Геда фон Гэрцфэльд. — Гэтага сыграць ён не можа, хоць і такі таленавіты."
Яна з трыумфам паглядзела на Кроге, які не змог прыхаваць хвалявання. Ульрыхс радасна падняў галаву.
Пакуль усе сядзелі, скаваныя эфектам яго кранальнага энтузіязму, Гёфген раптам змяніў паставу і выраз твару. Ён зарагатаў і кіўнyў на фота трагічнага героя на сцяне над сталом: сурова скрыжаваныя на грудзях рyкі, горды позірк з-пад змрочна насупленых броваў, шырокая барада, старанна распраўленая на нейкай фантастычнай егерскай камізэлі. Гендрык ніяк не мог супакоіцца, убачыўшы сябе такім пацешным тыпам. Пад агульны рогат, і толькі пасля таго як Геда паляпала яго па спіне, — інакш Гедрык удавіўся б салатам — ён заявіў, што сам быў вельмі падобны, — так, амаль не адрозніць — на гэтага тыпа, калі яшчэ іграў ролі татуль у паўночнагерманскім вандроўным тэатры.
— Яшчэ хлапчуком я выглядаў такім непамысна старым. І па сцэне хадзіў, згорбіўшыся ад сораму. У "Разбойніках" мне далі старога Моора. Я быў выдатны добры стары Моор. Кожны з маіх сыноў быў гадоў на дваццаць старэйшы за мяне.
Пакуль ён рагатаў і гаварыў пра паўночнагерманскі вандроўны тэатр, ад усіх сталоў збіраліся калегі: усе ведалі, што зараз пойдуць анекдоты, і не якія там сівабародыя, а новыя, і, трэба думаць, даволі дасціпныя — рэдка бывала, каб Гендрык паўтараўся. Моц, чакаючы асалоды, ужо пацірала рукі, ужо радасна паблісквала золатам зубоў і са змрочнай вясёласцю канстатавала:
— Зараз парагочам!
І адразу кінула сур'ёзны позірк на Петэрсэна, бо той тым часам заказаў сабе двайны каньяк. Рахэль Морэнвіц, Ангеліка Зіберт і красун Банэці — усе аж прыліплі да вуснаў Гендрыка. Нават Міклас мусіў прыслухацца, хацеў ён таго ці не: рафінаваныя жарцікі ненавіснага Гендрыка змусілі яго да бурклівага, насуперак волі, дробненькага смяшку. А гледзячы на штyкі любімага злосніка, радавалася і таўстуха Эфой. Пасопваючы, яна пасунула сваё крэсла бліжэй да Гендрыкавага, прамармытала: "Спадарства не супраць?", апусціла на калені недавязаную панчоху і спіцы, прыклала правую руку трубачкай да вуха, каб нічога не ўпусціць.
Вечар удаўся як ніколі. Гёфген быў у форме. Ён чараваў, ён ззяў, як брыльянт. Нібыта перад ім была вялікая публіка, замест некалькіх калегаў, ён крынічыў, велікадушна-душэўна, жартамі, шармам і бясконцымі анекдотамі. Чаго толькі не здаралася на той вандроўнай сцэне, дзе ён іграў татуляў! Моц аж заходзілася ад смеху. "Дзеткі, не магу больш!", крыкнула яна, і як што Банэці пацешна-галантна абмахваў яе хусцінкай, яна не заўважыла, як Петэрсэн зноў заказаў сабе шнапсу. Калі ж Гёфген вісклівым голасам, рэзкімі жэстамі і пачварна касавурачы пачаў паказваць юнацкія сентыментальнасці вандроўнага тэатра, дык нават у татулі Ганзэмана перакасіўся застылы твар, а гер Кнур схаваў ухмылку за насоўкай. Большага трыумфу з сітуацыі, здаецца, і выдабыць было нельга. Гёфген спыніўся. Пасур'ёзнела адразу і Моц, убачыўшы, як наклюкаўся Петэрсэн. Кроге даў знак канчаць. Было ўжо дзве гадзіны ночы. На развітанне Морэнвіц, якой заўсёды прыходзіла ў галаву што-небудзь арыгінальнае, падарыла Гендрыку доўгі муштук — дэкаратыўную, але, зрэшты, зусім неўжыткоўную рэч.
— Гэта таму, што ты сёння такі нязвыкла дасціпны і пацешны, Гендрык.
Яе манокль падбліснуў яго маноклю. Убачылі, што ў Ангелікі Зіберт, якая стаяла каля Банэці, ад зайздрасці пабялеў нос, вочы напоўніліся слязьмі і адначасова зрабіліся крыху хітраватыя.
Фраў Гэрцфэльд запрасіла Гендрыка выпіць з ёю яшчэ па кубачку кавы. У пустой кавярні татуля Ганзэман ужо тушыў лямпы. У змроку Геда мела свае выгоды: яе вялікі, мяккі твар з пяшчотнымі, разумна адухоўленымі вачыма цяпер здаваўся маладзейшым ці нават зусім безузроставым. Гэта ўжо больш не было засмучанае аблічча інтэлектуальнай жанчыны, якая старэла. Шчокі больш не здаваліся прыпушанымі, а гладкімі. Усмешка вакол па-ўсходняму абмяклых, паўраскрытых вуснаў больш не была іранічная, а амаль спакушальная. Ціха і пяшчотна глядзела фраў фон Гэрцфэльд на Гендрыка Гёфгена. Яна не думала, што сама выглядае больш міла чым звычайна; толькі таму, што Гендрыкаў твар з напружанай пакутлівай рыскай на скронях і высакародным падбародкам быў бледны і выразна вымалёўваўся ў змроку, яна заўважыла і цешылася гэтым.
Читать дальше