— Сёння раніцай, на рэпетыцыі, ты быў такі бедненькі, такі страдненькі, аж я страхy набралася, — заклапочана сказала Эфой. — Гэтыя запалыя шчокі! Гэты кашаль! Такі глухі — сэрца кроіць!
Міклас не трываў, каб яго шкадавалі; толькі матэрыяльныя формы шкадавання ён прымаў ахвотна, хай і без лішніх слоў. Ён прапусціў міма вушэй жаласлівыя ўсхліпы Эфой, павярнуўся да Бёка, спытаўся:
— А ці праўда, што Гёфген сёння цэлы вечар у гардэробе хаваўся за шырмай?
Бёк не адмаўляў. Паводзіны Гёфгена здаліся Мікласу такімі недарэчнымі, што ён нават развесяліўся.
— Я ж казаў, дурань-дyрнем!— І пераможна зарагатаў. — І ўсё гэта праз нейкую халдэйкy, у якое галава правалілася ў плечы! — Ён прыгорбіўся, паказваючы, як выглядае Марцін; Эфой весялілася ад шчыраты сэрца. — І такое пнецца ў зоркі!
З'едлівы здзек адрасаваўся не толькі Марцін, але і Гёфгену. Абое, на яго думку, няшчырыя немцы, з аднаго бо кагалу.
— Марцін! — сказаў ён далей, апусціўшы злосны, пакутлівы, сімпатычны малады твар у худыя, не зусім чыстыя далоні. — Добра ж ёй малоць салонна-камуністычную лухту за тысячу марак кожны вечар. Банда! Але нічога, прыйдзе і наш час — змяцём! Гёфгену яшчэ адрыгнецца!
Такіх небяспечных выказванняў звычайна ён асцерагаўся ў кавярні, асабліва калі паблізу быў Кроге. Але сёння ён не даў сабе клопатy стрымацца — выткнyўся з языком, праўда, не да таго, каб уголас. Проста горача шаптаў. Эфой і гер Кнур згодна кіўнулі, а Бёк толькі лыпаў вадзяністымі вачмі.
— Настане час, — сказаў далей Міклас ціха, але вельмі палка, і яго светлыя запалыя ў цень вочы загарэліся гарачкавым бляскам. І закашляўся. Фраў Эфой папляскала яму па спіне і плячах.
— Зноў глухі кашаль, — сказала яна са страхам. — З самай сярэдзіны...
Цеснае памяшканне было ўсё ў дыме.
— Паветра — не прадыхнеш, — паскардзілася Моц. — Самы дужы мужык не вытрымае. А мой голас! Дзеткі, заўтра вы зноў шyкайце мяне ў гарлавіка.
Нікому не хацелася шукаць яе там. Рахэль Морэнвіц нават іранічна заўважыла:
— Ух ты, наша каларатура!
І атрымала ў адказ знішчальны позірк Моц, якая так ці гэтак і раней нешта мела супроць Рахэлі. Петэрсэн ведаў, што і за што. Яшчэ ўчора яго засталі ў гардэробе гэтай дэманічнай дзівы, і Моц галасіла. Але сёння яна, відаць, рашыла, што не дасца, каб нейкая фіфа з маноклем і ідыёцкай прычоскай псавала ёй настрой, хай не строіць з сябе нешта там такое што-та я, бо ж невялікае што — тое "я", — фігyрyецца мне тyт! Яна склала рукі на жываце і дэманстравала лагоду і душэўны спакой.
— Божа, як тут міла, — цёпла сказала яна. — Што скажаш, татуля Ганзэман?
Яна падміргнула гаспадару, якому завінавацілася 27 марак і які з гэтай самай прычыны ў адказ і вокам не павёў. І калі Петэрсэн заказаў сабе біфштэкс, ды яшчэ з яйкам, яна абурылася:
— Няўжо дзвюх сасісак мала!
Ад гневу на вочы набеглі слёзы. Моц і Петэрсэн часта сварыліся, праз ягоныя, як яна лічыла, залішнія траты, бо сцэнічны татуля заўсёды заказваў сабе самае дарагое, яшчэ і на чаявыя шчодрыўся раскошна.
— Ну, вядома, без біфштэкса з яйкам яму астатняе ў гyбy не лезе!— ледзь не заенчыла Моц.
А Петэрсэн у адказ мармытаў, што прыстойны мужчына павінен і харчавацца прыстойна. Тут Моц, ужо ў поўнай ятры, са злосным сарказмам спыталася ў Морэнвіц, ці не ўзычыў ёй часам Петэрсэн бутэльку шампанскага.
— О, "Veuve Cliquot" — гэта клас! — усклікнула Моц і, пры ўсёй з'едлівасці, вымавіла назву маркі шампанскага з такім шармам, які сведчыў пра яе як пра даму з салонаў вышэйшага свету.
Гэтым разам Морэнвіц сур'ёзна пакрыўдзілася.
— Я папрасіла б вас!.. — рэзка ўскрыкнула яна. — На досціпы вас павяло?
Манокль выпаў з яе вока, яе тоўсты твар заліўся чырванню і страціў усю дэманічную інфернальнасць. Кроге здзіўлена глянуў у іх бок; фраў фон Гэрцфэльд іранічна ўсміхалася. Красунчык Банэці паляпаў па плячы Моц, а заадно і Морэнвіц, якая грозна наблізілася да іх.
— Не сварыцеся, дзеткі, гадзіцеся! — параіў ён. Вакол рота сабраліся асабліва мілажальныя складкі. — Нічога людзкага з гэтага не выйдзе. Згуляемце лепей у карты.
Тут пачуліся глухаватыя выкрыкі, і ўсе павярнулася да дзвярэй. У парозе стаяла Дора Марцін. За ёю стоўкся, як світа каралевы на сцэне, ансамбль, які прыехаў з ёю.
Дора Марцін засмяялася і памахала ўсім, хто тут быў з Гамбургскага мастацкага; сваім хрыплым голасам яна крыкнула, тым славутым манерам, які пераймалі тысячы маладых актрыс па ўсёй краіне, расцягваючы асобныя словы:
— Дзеткі, нас запрасілі, вельмі нудны банкет, страшна шкада, але мы павінны ісці!
Читать дальше