Рагі гразі між пальцамі ног, плоскія ступакі, велізарныя звісаючыя грудзі… Хутчэй… Хутчэй перабірайце, рукі… Хутчэй працуй, трызубец… Нават сотня наймітаў не дагледзіць, як ты сама.
Калі яна ўзняла на яго тупы твар, ён зразумеў, што гэта ўсё ж яна, і ледзь не крыкнуў.
Ах, багаты двор, багаты двор! Найміты і наймічкі, паркан, грошы ў скарбонцы недзе ў падполе (іх вечна няма, калі нешта патрэбна купіць), чароды коней і кароў, самыя багатыя і дарагія іконы ва ўсім наваколлі.
— Чаго стаў?… Ідзі…
Грубы ад вечных дажджоў і вятроў голас.
— Ну.
Вочы Хрыстовы былі вільготныя. І тут з хаты выйшаў Ён. І ў ім мала што засталося ад мяккага юнака з цёмнымі вачыма. Нясцерпна грубы твар. Столькі крывіў душою, што вочы блудліва бегаюць. І таксама не пазнаў. Ды што! Кожны дзень прагнасці, як тысяча вякоў, і толькі ў шчодрага жыццё кароткае і спявучае, як палёт птушкі.
— Чаго ён? — спытаў гаспадар. — Ты гаварыла з ім, Тэадора?
Імя, якое раней гучала, як мёд. Цягучае жыццё скнары! Пракляцце!
— Хлеба, відаць.
— Нават госція — хлеб толькі для цела, — апусціў вочы шкаляр. — Хлеб душы — літасць і разуменне.
— Святоша з бадзяг, — зразумеў яго гаспадар. — Ідзі. Каб гэта я ўсім хлеба даваў — куды б мае пяцьдзесят валок пайшлі? Псу пад хвост? Ідзі, кажу.
Хрыстос маўчаў. Яму яшчэ ў чымсьці трэба было ўпэўніцца. У чым? Ага, ці прамільгне на яе твары хаця цень успаміну.
— Ты хто? — спытаў гаспадар.
— Хрыстос, — машынальна адказаў ён.
Гаспадар нават не асабліва здзівіўся.
— І цуды можаш?…
— Сёе-тое магу.
— Тады зрабі дзеля мяне… Вось і памінальнічак падрыхтаваў, ды ў храм пакуль не наважваўся… Ну, ужо цяпер!..
— Што?
— Я табе… сала кавалак дам. А ты за гэта зрабі, каб… Вось тут усё… Каб у Янкі… карова здохла і ў Рыгора… і ў Андрэя, і ў другога Андрэя… і ў Навума, і ў Васіля, і ў Волеся, і ў Яўгена, і асабліва ў Ладыся, паскуды, ерэтыка.
Хрыстос уздыхнуў і ўзяў памінальнік.
— А… сала?
— Не трэба. Ісцінна кажу табе, сёння ж уздадуць табе па жаданнях тваіх… Бывай, жэно.
Пайшоў. Жанчына пры гуках апошніх словаў разагнулася была, успамінаючы нешта даўняе і цёплае, але так і не ўспомніла і зноў схілілася да градак.
Цяпер ён ішоў проста да плошчы. Няма чаго было хавацца ад людзей. І тут жыццё нанесла яму страшны, пад сэрца, удар. Хаця б ведаць, што ён здраджаны шчаслівымі і добрымі: «Каб карова здохла…» Вось і ўсё, што дало ёй жыццё. Чалавека, які хлусіць і каецца, святошу, які хрысціцца шырэй за ўсіх, а сам… Тоне сябра, а такі святы, хлуслівы смярдзюк, толькі што аблізаўшы моцнаму ўвесь азадак, кажа яму з берага: «Спачуваю, братачка, спачуваю, але нічым памагчы не магу. Ты лепей на дно хутчэй спускайся».
…Амаль ля самай плошчы ён размінуўся з трыма ўзброенымі манахамі. Яму было ўсё адно, куды яны ідуць, ён не азіраўся і не бачыў, што яны ўвайшлі ў дом гаспадара.
Раздзел XXІV. Доказная інквізіцыя
Каяўся ў грахах Вавілон і Навухаданасор, цар ягоны… І, кажуць, Навухаданасор, каючыся, пасыпаў сабе галаву попелам і пылам. Але пыл той быў пылам разбітых ім гарадоў, а попел — попелам спаленых ім ахвяр.
Сярэдневяковы беларускі апокрыф
Хрыстос выйшаў на плошчу пад абшчынны дуб і, уражаны, ледзь зноў не кінуўся ў завулак. Гэткае відовішча заўсёды прымушала ягоныя ногі рухацца нібы самастойна.
Пад дубам доўгім глаголем стаялі сталы. За імі сядзелі людзі ў дамініканскіх расах. Убаку сядзеў над жароўняй кат, чысціў трэсачкай пазногці. Чалавек пяцьдзесят людзей, закутых у латы, пакарбаваныя крыжамі — чэрнь на срэбры, — абкружала стол: духоўная варта, гвардыя царквы.
Некалькі «гвардзейцаў» атачылі маленькую купку людзей. Паўсюль шныпарылі служкі ў расах. Цягалі лаўжы і паленні пад пяць дубовых слупоў, укапаных у зямлю з падветранага боку.
Апосталы стаялі наводдаль, і Хрыстос пайшоў да іх. Баяцца асабліва не было каго. Іх трынаццаць, усе ўзброены, танна жыцця не прададуць у выпадку чаго.
Ён страшэнна не любіў ордэн псоў Пана Бога. Вынюхваць, шукаць, караць — вось у чым бачаць яны служэнне Богу. Шкада, што нельга напасці і разагнаць гэтую падлу. Слабыя сілы. Каб жа яшчэ быў тут вясковы народ! Але гэта не горад, жыхары, відаць, у жаху пахаваліся. Стаіць маленькая купка людзей. Можа, сваякі схопленых.
Хрыстос падышоў да сваіх.
— Доказная інквізіцыя засядае, — невядома каму растлумачыў дурыла Якуб, — святая служба.
Вочы Хрыстовы сустрэліся з вачыма Іуды. Той быў толькі зеленаваты, і шкаляр зразумеў, што Раввуні відавочна не па сабе.
Читать дальше