— Што, «велля»? [91] «Велля» — «неспаннё». Падсуднага катавалі тым, што пазбаўлялі сну на працягу сарака гадзін.
— Ды мы, бачыце, проста адвялі яго куды трэба і растлумачылі значэнне і прынцып дзеяння некаторых прылад.
— Такі конь? Спалохаўся? Прарок?
— Коні таксама хочуць жыць. І потым, ён не прарок, а шарлатан.
— Добра, — сказаў Лотр. — Хай цяпер прыходзіць штотыдзень за тлумачэннямі і прарочыць тое, што патрэбна нам… Што там у цябе, Карніла?
— Удваіх, — сказаў сотнік. — У садзе ў Палянак. З Анеяй, дачкой мечніка.
Абодва жахнуліся, убачыўшы вочы кардынала.
— Ідзі, — глуха сказаў ён. — Схапі.
— Мяркую, позна, — сказаў Карніла.
Словы ягоныя міжвольна прагучалі, як жарт.
— Выйдзі, — кінуў кардынал жанчыне.
Тая надзьмула вусны.
— Табе кажу.
Марына незадаволена ўзнялася. Пагойдваючы клубамі, пайшла да дзвярэй.
— В-вох, — ні з пушчы ні з поля сказаў Карніла. — Спакуса!
Усе маўчалі. Лотр сядзеў з заплюшчанымі вачыма. Белы, як сала. Калі ён расплюшчыў вочы, яны не абяцалі даравання:
— Дачка мечніка Палянкі Анея. Святая. Жонка пана Хрыста… І яна ўпэўнена, што ён — Хрыстос?
— Іначай, пэўна, нічога б і не было, — сказаў Карніла. — Яна славілася чысцінёю і цнотай. Яна ў вялікай веры жыла.
— Змоўч, — шэптам сказаў кардынал.
— Ведаеце, што з гэтага будзе? — плоскія вочы Басяцкага нядобра ўсміхаліся. — Гэты круцель цяпер не адмовіцца ад самазванага імя. Таму што збаіцца страціць яе.
— Гэта так, — шэптам сказаў Лотр.
— Калі яна даведаецца аб падмане — яна плюне яму ў твар. Ён цяпер не адмовіцца.
— Забіць, — ціха сказаў Лотр. — Абаіх.
Дамініканец усміхнуўся.
— Ненадоўга ж вас хапіла, — ён перайшоў на лаціну. — Казалі аб тым, што Ігнацы, што сябры ягоныя, што я — пачынаем велізарную справу. Што папа хай сабе праз дзесяць — пятнаццаць — дваццаць год прызнае нас. Што саюз наш будзе наймацнейшым саюзам зямлі. «Сыны Езуса», «Братэрства Езуса», ці як яно там. Казалі, што сіла наша ва ўсёпранікальнасці і патаемнасці. Казалі, што мы не павінны апаганьваць наш шлях яўнымі і адкрытымі расправамі. І вось цяпер ледзь нейкая дробязь закранула вас — вы забылі ўсё. Дарэмна браты адкрылі вам нашу таямніцу. Нас мала, мы пакуль вымушаны маўчаць і хавацца, як першыя хрысціяне. Але гора нам і мы прапалі, калі стаў на пачатку нашай дарогі такі, як вы. Я вымушан буду ўзняць голас перад людзьмі, якія здолеюць дабіцца ў папы Льва, каб ён заняўся гэтым сам і праверыў, ці адпавядаеце вы месцу, на якім сядзіце…
Лотр змежыў вочы. Мніх сказаў ужо мякчэй:
— Мне няма справы да жыцця і смерці гэтых людзей. Але схапіце іх тут, забіце іх тут — і мы ўбачым паўтарэнне таго, што было нядаўна. І на гэты раз нас не ўратуе нішто. А калі мы і ўцячом — увесь хрысціянскі свет зацікавіцца тым, што тут робіцца. Тое, што прыйдзе канец вашай славе, а магчыма і жыццю — дробязь. Але тое, што справа ратавання веры, мая будучая справа, справа майго братэрства выйдзе на свет — за гэта не будзе нам даравання ад улад і Бога. Тут і індульгенцыі не дапамогуць. Гэта вам не Тэцэлева дурацкае абяцанне [92] Саксонскі манах Тэцэль казаў, гандлюючы індульгенцыямі: «…яго свяцейшасць надзяліў мяне вялікай уладай — ад аднаго голасу майго брама нябёсаў адчыняецца нават перад такімі грэшнікамі, якія адчувалі пажадлівасць да святой Дзевы, каб… апладніць яе».
, гэта вам не на Дзеву Марыю зрабіць замах.
Ён даў Лотру абдумаць свае словы і спытаў:
— Н-ну?
— Ты Хрыстова нявеста? — Лотр сказаў гэта праз зубы. — Што ж, будзеш Хрыстовай нявестай. Карніла, адразу, як гэтае адроддзе пекла пойдзе ад тае шлюхі, схапіце яе, схапіце… патаемна, — гэтае слова далося кардыналу з цяжкасцю. — І зараз жа адвязіце яе ў Машкаўскі кляштар, на пострыг. Хай замольвае пралюбадзейства. — І дадаў: — Мараль вышэй за ўсё.
— Вось такі вы на месцы, — усміхнуўся каплан. — Ты прыдумаў дзівосна. Ты нават сам не ведаеш, чаму тое, што ты прыдумаў, дзівосна.
Лотр знакам адпусціў сотніка. Годныя людзі засталіся адны.
— Ведаеш, чаму гэта добра? — спытаў мніх. — Ён адразу ж кінецца шукаць яе, і такім чынам мы пазбавім ад яго Гародню. Без шуму пазбавім… «Добры наш народ, чакай. Ён з'явіцца яшчэ. Хрыстос з апосталамі сваімі пайшоў хадзіць па краю, казаць слова Божае і памагаць людзям».
— Чакай, — сказаў Лотр. — Тут трэба нібы ў шахматах… Значыць, яе выдаляем — ён ідзе з горада?
— Тут не трэба «нібы ў шахматы». Логіка супрацьпаказана жыццю. Гэта толькі дурні і поўныя бездары патрабуюць, каб усё было заматывавана. Гэта не жыццё. Гэта — шкілет. Без жыцця і яго пульсавання. Без плоці. Без праўды… Вось слухай. Трэба, каб ён ведаў, што яе нехта ўкраў і павёз. Для гэтага досыць і добрых суседзяў. І ён будзе рвацца за ёю. Але тут яго можа спыніць боязь моцных ворагаў. Таму адначасова трэба злёгку пераканаць яго, што яна кінула яго, і абудзіць гнеў. Гэтыя розныя пачуцці будуць мучыць яго. Цяга, нянавісць, абражаная вера. І, больш за ўсё, жаданне, каб скончылася гэтая няўпэўненасць, каб было нешта адно . Да гэтага, да раўнавагі, заўсёды імкнецца кожны чалавек, герой або шалбер і круцель. І гэтая прага да аднаго , да ведання выбавіць яго з горада хутчэй, чым адна нянавісць або адно каханне. Нянавісць можа забыцца. З каханнем можна праседзець у горадзе яшчэ тыдзень і, між іншым, за чвэрць дня скінуць нас або зрабіць наша становішча нясцерпным. А так ён не будзе чакаць і дня.
Читать дальше