Толькі аднойчы вытрымка здрадзіла яму. Убачыў залатыя кісці рук і даўжэзныя вусы Ціхона, і яны так уразілі яго, што ён засмяяўся і ўхапіўся за іх, нібы дзіця за цацку.
— Доб-ры баран. Мой будыш!
Сябры кінуліся былі на крымчака. Гіаў развярнуўся быў, каб даць. Вястун узняў молат. Але тут замкавая варта, якая суправаджала пасланцоў, выставіла дзіды і гізаўры.
— Вы што, хамы? — спытаў тысячнік. — Пасла?!
…А славуты гародзенскі сінкліт сядзеў між тым у паўночным прытворы дварцовай царквы і анічога не ведаў пра нечаканую «радасць», якую рыхтаваў яму лёс.
Перад пачцівымі і высакароднымі раснікамі стаяў ганец, запылены да таго, што здавалася, нібы ён усё жыццё дагэтуль пражыў на млыне. І вось яго выцягнулі адтуль і, сяк-так пачысціўшы (бракавала часу), даслалі з даручэннем.
— Трэба пахваліць вашу службу, — вельмі ціха сказаў Лотр Фларыяну Басяцкаму. — І як вашы галубы?
— Прыляцелі, — змрочна сказаў праезуіт.
— Цікава, — сказаў Лотр. — Цікава было б ведаць, чаму вы ўважылі за лепшае ўвесці нас у зман наконт таго, што ўсё добра, пакінуўшы пры сабе весткі аб падзеях у Наваградку, аб спробе перашкодзіць святой службе, аб тым, што знік генеральны камісарый і што ў знікненні гэтым, магчыма, таксама вінаваты яны? Урэшце аб апошніх падзеях… Гэта была ваша ідэя з галубамі?… Вы штосьці ўжылі?
— Ужыў, — змрочна сказаў мніх-каплан.
— Цікава было б ведаць, што?
— Я ўжыў гэтых галубоў. Смажаных у масле. Памятаеце? Вы яшчэ памаглі мне іх ужываць. Было смачна. Магу таксама нагадаць, што была серада.
Кардынал папярхнуўся.
— Калі ласка, — амаль бязгучна сказаў ён, — маўчыце.
— Чаго мне маўчаць, калі не маўчыце вы?
— Але ж…
Твар каплана абцягнуўся скурай. Бязлітасна і жорстка ён сказаў:
— Галубы вярнуліся без запісак.
— Можа…
— Усе тры галубы вярнуліся без запісак, — паўтарыў мніх.
— Магдаліна? — узняў Лотр непаразумелыя вочы.
— А вось гэта ўжо была ваша ідэя, — зваліў правіну на кардынала дамініканец. — Я толькі выказаў меркаванне «а можа». І тут вы ўхапіліся за яго, як клірык за бутэльку, як папа Аляксандр VІ за ўласную дачку, як п'яны за плот…
— Хопіць, — сказаў Лотр. — Давайце дзейнічаць.
Фларыян Басяцкі кашлянуў і ласкава звярнуўся да ганца:
— Дык што ж гэта ты нам такое сказаў? Як гэта гандляроў разагнаў?! Як дазволілі?
І тут уставіў свае тры грошы Рыгор Гародзенскі, у міру Гіляр Балвановіч:
— Самі казалі: «махляр», «бяспечны».
— Быў бяспечны, — сказаў мніх. — Быў.
— Гаворыш чорт ведае што, — сказаў біскуп Камар. — Гэта што ж будзе, калі кожны вось так, у храм? Разважаць трэба. — «Брыда перад Богам — чалавек разважлівы», — як заўсёды, ні з пушчы ні з поля падаў голас войт.
Ганец пакутліва баяўся прынесеных кепскіх вестак.
— Айцы, — сказаў ён, — і гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ кажуць, нібы заўважылі татар. Татары ідуць.
— Змоўч! — успыліў Лотр. — «Нібы-ы», «нібы-ы». Татары прыйшлі і пойдуць. А той, хто замахваецца на народныя святыні, гэта табе не татары?
Варухнуўся ў цёмным куту бурмістр Юстын. Расплюшчыў вочы. Хацеў быў сказаць, але толькі злосна падумаў:
«Ясна, чаму вы так. Вас нават у рабы не возьмуць па поўнай няздатнасці, няробы. То вам што?!»
І зноў пад скобкаю валасоў згаснулі вуголлі ягоных вачэй.
— Ты разумееш, на якія асновы ён замахнуўся?! — пабарвавеў Лотр.
Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася для ганца, каб не пачуліся на пераходах крокі, нейкія прыглушаныя ўдары і бразгат. Усе насцеражыліся. Пачулася нешта накшталт пералаю. Карнілаў голас угаворваў кагосьці трохі пачакаць. Пасля тысячнік увайшоў, але не паспелі яны спытаць у яго, што здарылася, як з грукатам адчыніліся дзверы. Лінула ў царкву дзікая какафонія гукаў. Бубны аж захлыналіся ў бразганні і гулкіх ударах.
Мурза Сялім увайшоў на напаўсагнутых нагах, бязгучна, як кот, і адначасова нахабна. Таргануў тысячніка за нос на знак таго, што ўсё ж паставіў на сваім.
Агледзеў царкву. Здзёр дарогаю з іконы бясцэнныя «абяцаныя» каралі з рубінаў, пацмокаў языком і запхнуў у запазуху.
Пасля асцярожна падышоў да «врат», прыслухаўся, ударам нагі расчыніў іх. Агледзеў бегаючымі вачыма.
— Што? — рэзка спытаў у талмача.
— Прастол.
Мурза нібы ўспамінаў нешта. Пасля ўсміхнуўся высакамерна і ўскінуў галаву:
— Прастол. Сыдзець тут хачу.
І сеў.
— Мыня слухай, уладары Га-ро-ды-на. Кіназ Джыкамон няма — вы кіназ… Ваш адказ… што трэба аддасцё — татар не пойдуць. Што трэба не дасцё — татар пойдуць. І пыл ад Гародына дасягне неба. І смурод ад гэтай зямлі дасягне неба. Белы кіназтва — будзе кара, чорны кіназтва.
Читать дальше