Ідзе варта ў чашуйчатых латах. Падалей ад яе, падалей ад багатых крам. Вось на гэтым баку плошчы лепей. Тут хочаш бэркаўцам купляй, хочаш — жменяй. Над дзвярыма рыбных радоў рыба-кіт глытае Іёну. Над хлебнымі радамі волат-хлебаед жарэ каравай велічынёй з царкву — таксама пуката выразаны, пафарбаваны. А над дзвярыма піўнога рада анёлак пускае струмень. А што, сапраўды, як іначай паказаць, што такое піва і што яно робіць з людзьмі.
Хлебнік і рыбнік, гаспадары дзвюх вялікіх суседскіх крам і шматлікіх пры іх складаў, сядзелі ля дзвярэй у цяньку, на каменных лавах, ды лянотна гаманілі аб сім-тым. Балела з пахмелля галава: учора добра памаліліся богу Борцю, якому па вёсках і дагэтуль ставяць у ахвяру ля свепетаў [23] Свепет — борць, або пчаліны бортны рой.
бярозавік і разведзены вадою мёд, імя якога пры айцах духоўных вымавіць — злітуйся і ўратуй нас, Пан Езус.
Худы рыбнік скроб пальцамі ў рудых валасах. Хлебнік, увесь нібыта са сваіх хлябоў складзены-збіты, каламутна глядзеў на свет, віцаю крэсліў на зямлі нешта незразумелае.
— Чаго гэта ты чухаешся? Блохі адолелі, ці што?
Рыбнік нібыта абурыўся. Адказаў старым, як свет, жартам:
— Гу-у. Блохі… Што я табе, сабака, ці што? Во-ошы… Проста, братка, галава баліць. Увесь я сяння… як гарэлачная пляшка.
— Ну вось. Сяння, як пляшка, а ўчора ўпоперак канавы ляжаў, як грэбля… І вада цераз цябе верхам цурчала, як у дрэннага млынара.
— Ладно, до! Што за звычай прыпамінаць з учарашняга ўсё самае непрыемнае.
— Не буду. Як там у цябе хаця гандаль, рыбны кардынал?
— Ну-ну, не нюхаў доказнай інквізіцыі?
— Хай жыве царква святая. То як?
— Аман. Дзярмова. Запасаў няма.
— У абодвух у нас тых запасаў няма. Ні ў каго няма.
— Ану, дай слухаць. Нешта там юроды загарлалі, ды мешчанота наша туды пабегла.
Там, дзе адзін з бакоў плошчы ледзь не абрываўся ў роў, непадалёку ад замкавага моста, сапраўды ўзахапы і наперабой (аж напіналіся на лбах і шыях жылы) лямантавалі два чалавекі — юрод, падобны на цюк анучніка, калматы, худы, як віца, і здаравенны звераваты чалавечына ў шкурах і ў скураным поясе на палову жывата, з голымі рукамі і нагамі. Грыва валасоў, шалёныя вочы, сківіцы, што маглі б раструшчыць і камень. Расстрыга ад Спасаіконапрэабражэння, а цяперашні гарадскі прарок Іллюк. Уздымаў лапы, падобныя на звязкі тоўстых карэнняў:
— І прыйдзе за мною — праява мне была — нехта, як за Янам Ксціцелем… Езекііля [24] Езекііль — біблейскі прарок.
ведаеце?
— Не! Не!
— То яму, як і мне, сказана было: па грахах вашых і памаўзліваму юрадзейству тужыць па вас нябесны Ерусалім. Воды вашы горкія, бо гарэлка, што выпілі вы, — тут расстрыга заплюшчыў вочы і правёў далонню па пузе, — па-айшла-а па жылах зямных. І сказаў мне з Езекііля: «Еш ячменныя праснакі і пячы іх на чалавечым кале».
Бабы вакол плакалі. Мяшчане і рамеснікі змрочна глядзелі ў адверстую пашчу. А тут яшчэ паддаваў жару юрод, крычаў аб зямлі, якая згарэла, аб коршаках, якія судзяць мышэй, аб небе, што вось-вось саўецца ў світак.
Тужліва было слухаць яго — хоч ты плач. І адначасова трохі і памысна. Бо ўсё ж абяцаў і ён нейкае прасвятленне.
— Але прыйдзе, прыйдзе муж нейкі і вызваліць вас! Блізка! Блізка! Блізка!
Рыбнік сплюнуў пахмельную сліну.
— Што гэта там дурань пра суд крычаў?
— Судзяць сёння сіх-тых у замку царкоўным судом.
— Што, можа, тых, што псоту пускалі? Ад каго голад?
— Голад — ад Бога.
З самага заканчэння пабудовы Старога Замка суд часцей за ўсё засядаў у вялікай суднай зале. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Аддавалі вялікую залу і царкоўнаму суду, калі гэты апошні не баяўся вынесці смецця са сваёй хаты. Тайныя ж допыты ён праводзіў звычайна ў сутарэннях дамініканскай капліцы, калі судзілі католікі. А калі судзілі праваслаўныя, то ў падземнай турме ля трохкупальнай Ганны або ў адным з мітрапалічных дамоў — камяніц тых, што ля Каложы [25] «Трохкупальная Ганна» і «Каложа» — цэрквы ў Гародні.
.
Сёння дастаслаўны сінедрыён поседам сядзеў у вялікай суднай. Адпачыўшы пасля палявання, добра такі выпіўшы напярэдадні (а Лотр яшчэ і разгавеўшыся), айцы непасрэдна прыступілі да важлівай справы, дзеля якой жылі ў гэтай зямной юдолі і насілі мантыі і расы рознага колеру, у залежнасці ад таго, як каму пашанцавала.
Зала была, уласна, верхняй паловай усходняга нефа [26] Неф (або карабель) — выцягнутая ў даўжыню, прамакутная частка будынка.
. Замкавы палац быў пабудаваны ў выглядзе базілікі, як царква, і меў шэсць нефаў, з якіх сярэдні быў толькі трохі вышэйшы за астатнія. Да яго прылягала па два бакавых нефы з кожнага боку і адзін папярочны, трансэпт. Сярэдні неф быў ва ўсю вышыню будынка і служыў залай для тронных прыёмаў. У трансэпце былі пакоі вялікага князя, а потым караля і іхніх двароў, цяпер даволі запушчаныя. Бакавыя і папярочны нефы былі пасля паходу Вітаўта на Пскоў [27] 1405 г.
падзелены на два паверхі. У ніжнім паверсе заходняга нефа жыла варта, у другім — прывілеяваныя воіны. Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. У першым, усходнім нефе, на абодвух паверхах, былі жытло для шаноўных гасцей і вялізная дварцовая капліца. І, урэшце, у першым паверсе крайняга ўсходняга нефа былі цямніцы для радавітых і склады зброі.
Читать дальше