Перазараджаючы пісталет, Алесь гаварыў з Тромбам ласкавым, журлівым голасам.
Зноў стрэл. На гэты раз трошкі гучнейшы за пугу. Конь не вытрымаў і ўзяў у наўскапыт. Але ніхто яго не трымаў, не было страшных вяровак. Адбегшы, конь глянуў здалёк на гаспадара і ўбачыў, што ён нават не глядзіць у ягоны бок, што ў яго нічога няма ў руках, акрамя кавалка цукру. І ён, здалёк, лёгенька загігатаў.
Алесь зрабіў некалькі крокаў насустрач, даў каню цукар, сеў на яго і, супакойваючы, аб'ехаў вялікі круг па жоўтай лугавіне.
І зноў стрэл. І зноў тое самае.
Дзед, пад'язджаючы вечарам да парку, яшчэ здалёк заўважыў дзікага маленькага кентаўра. Кентаўр наўзават ляцеў яму насустрач і яшчэ здалёк стрэліў з пісталета ў паветра. А потым яшчэ і яшчэ — пераможна і горда. І конь нават не здрыгануўся, толькі касавурыў шалёным вокам.
…Увечары яны сядзелі ў бібліятэцы. Святло месяца прабівалася праз каляровыя шыбы, падала на бясконцыя карэньчыкі кніг.
Сядзелі ўтраіх. Еўфрасіння Глебавічна пляла карункі. Дзед сядзеў у крэсле і папіваў. А Алесь сядзеў за сваім сталом, заваленым кнігамі.
Было ціха. Толькі гудзеў ды часам пастрэльваў іскрамі камін.
— Што было на выбарах? — спытаў Алесь.
Дзед аж пачырванеў, успомніўшы.
— Ат!
І злосна кінуў:
— Дарабковічы. Выскачкі.
— Зневажальнік ты, бацюхна, — сказала Глебавічна.
— А што ў іх за душою? — горка сказаў князь. — Расея ў іх за душою? Польшча ў іх за душою?! Свая зямля?! Польшчу яны прапілі. Расея для іх — чарналапатніца, свая зямля ім — мачыха. Сволач пан, кругом сволач… Ваські Вашчылы на іх мала, Ямелькі Пугача, Ромкі Ракутовіча на іхнія паскудныя шыі!
…Дровы ў каміне часам успыхвалі, і тады на кнігі, асветленыя свечкамі, падала лёгкая барва.
— Дзеду, — сказаў Алесь, — я вось тут хацеў спытаць у цябе аб царскім тытуле.
— А нашто гэта табе яшчэ? — іранічна спытаў Вежа. — Плюнь. Чытай тое, што пра нас.
Алесь загарнуў вялізны том і пачаў глядзець у агонь. Праз парк, праз голыя шаты, праз непагоду даляцеў бой гадзінніка "гатычнай капліцы". Дзевяць гадзін.
— Ішоў бы ты спаць, Алесь.
— Пачакай, дзеду, пагрэюся.
Дзед паварушыў дровы і сказаў:
— Дык што гэта ты там хацеў спытаць пра тытул гэтага падонка? Не кажучы, вядома, уголас i пры чужых.
Алесь зноў разгарнуў кнігу:
— Разумееш, нашто такі вялізны і незразумелы тытул?
— Для паважнасці. Каб ведалі, колькі зямлі гасудар нарабаваў. А што там табе незразумела?
— Ну вось: "самодержец всероссийский… царь польский… великий князь финляндский"… Гэта ўсё зразумела… А чаму ў старым тытуле такія дзівосныя словы — "всея Великие и Малые и… Белыя Руси"? Гэта яшчэ што за глупства? Чаму не "зялёныя"? Не "шырокія"?
— Гэта назвы такія.
— Чаго назвы? Ну, "Вялікая Русь" — гэта зразумела. Імперыя сапраўды вялікая.
— Не туды гнеш, — сказаў стары. — Вялікая Русь — гэта ўсё, што ад вытокаў Дняпра і Сожа і аж да ўсходняга месца, да пустынь, да гор… Малая…
— Гэта яшчэ хто?
— Жыве на поўдні такі народ. Гэта там, дзе Кіеў, і Палтава, і Міргарад. Як я ездзіў да Кіева з імператрыцай, то наглядзеўся. Народ цікавы, на нашы вочы — нязвыклы, але харошы.
— А "Белая" — гэта што?
— А гэта Прыдняпроўе, Палессе, Міншчына — усё, аж па самае Падляшша.
Алесь пакусваў пяро:
— Што ж, тады выходзіць, то мы жыхары Белай Русі?
— Яшчэ чаго. Мы — прыдняпроўцы. А слова гэтае "Белая Русь" — канчаткова састарэлае, вельмі даўняе слова, якога ніхто не помніць. Зараз яно і наогул пад забаронай, шмат год нідзе ты яго не сустрэнеш.
— Ну, а чаму ж так?
— А таму, што нікому да гэтага клопату няма. Пра іншае трэба думаць.
— Пра што?
— Ну хоць бы пра тое, што прыдняпроўскія дваране сталі халуі, што няма больш у Прыдняпроўі ні сілы, ні розуму, ні гонару. Што мы выміраем.
— Што ты, бацюхна, — жахнулася Глебавічна. — Есці нам хіба няма чаго? Ды крый божа!
— Памаўчы хвілінку, — мякка сказаў стары князь. — Выміраем, Алесь. Гэта — праўда. Не дай бог толькі дажыць. Ні табе, майму ўнуку, ні твайму ўнуку. Вазьмі ты Магілёў. Быў багаты вялікі горад. Вазьмі Полацк… Загорск стаў вялікай вёскай. Друцк — маленькай і жабрачай. У Сухадолле два гады таму назад было мужчын дзве тысячы без дзвюхсот, жанчын — паўтары тысячы ды сотня. Першая адзнака! І ў гэтым годзе нарадзілася сто пяцьдзесят дзевяць чалавек, а памерла дзвесце семдзесят сем. На сто васемнаццаць чалавек стала меней. І так амаль кожны год. З году ў год, сыне…
Паварушыў шчыпцамі. Сноп іскраў ірвануўся ўгору.
Читать дальше