— Не, дзетка, мы не бедныя. Мы яшчэ трымаемся за стары-стары звычай, які стаў нашым фамільным. Мы, мужчыны з Раўбічаў, носім толькі жалеза, бо золата вельмі брудны метал. Самы брудны, які ёсць на зямлі.
— А як жа мне яго насіць?
— Дзяўчаткам можна. І потым, гэта старое золата. Яго здабылі дзяды… жалезам. Такое — можна.
Майка, ужо зусім апранутая, выбегла з-за шырмы і кінулася Ярашу на шыю. Ён падхапіў яе, лёгенькую, цёплую, — самы дарагі цяжар на зямлі.
"Божа, — думаў ён, — што ж гэта я раблю ўсе апошнія гады?! А яны што? Што яна будзе рабіць, маленькая?"
Але ён ведаў, што ўсё застанецца па-ранейшаму, і нічога ёй не сказаў, толькі пацалаваў цёмна-блакітныя вочы.
— Слухай, — сказаў ён, — слухай мяне, лапуся. Будзь разумнай, не крыўдзь Алеся, не "выабражай" над ім, як вы, дзеці, кажаце.
Ён, вядома, разумеў гэты смутны цень, гэтае далёкае абяцанне "дарослага" ва ўлюбёнай дачцэ. Але гаварыць аб гэтым было нельга. Рана.
— Я менш за ўсіх іншых хацела б крыўдзіць яго, — уздыхнуўшы, сказала яна. — Ды што зробіш, калі ён такое ведзьмедзяня? То спрытны і вясёлы, а то цяльпук цельпуком.
— Ты ўсё ж пастарайся, — сказаў Раўбіч.
— Я пастараюся, — сказала яна.
…Выехалі ў зімнім вазку ўпяцёх. Маці, Франс, Майка, малодшая сястра Наталля і Стась, самы малы з усіх.
Праз шкельцы вазка былі відаць лагчыны, заснежаныя лясы, птушкі-пасмяцюхі, што прылятаюць з далёкай Лапландыі і зімуюць у нас, бо тут для іх цёпла, адхоны над белым Дняпром і ліловыя хмызнякі на грывах.
Фурман спяваў нешта сумнае і шырокае, пагойдваў у такт спевам галавою.
Звонка вішчалі пад палазамі марозныя каляіны.
Вецер прынёс далёкае выццё і рэдкі гарматны гул лёду на Дняпры.
Ад нерухомасці ўсім у вазку было трошкі халаднавата.
А потым з грады заўважылі далёкія агні ў снягах. Коні пабеглі шпарчэй. Вазок спыніўся, рэзка завярнуўшыся, ля параднага ганка.
…Сыпанулі насустрач людзі, хутчэй неслі дзяцей у дом, расхутвалі іх, пахучых з марозу, садзілі на доўгую гарачую ляжанку ў гардэробнай, давалі па глытку гарачага віна з карыцай.
Алесь то паціскаў руку Франсу, то схіляўся да Майкі, то цалаваў маленькую Наталку (Майку цалаваць ён саромеўся).
А потым у дзверы сыпанула сапраўдная дзіцячая калатэча: Мсціслаў, Ядзенька Клейна, Янка, чорны, як чобат, і неўтаймавана вясёлы. Ногі, рукі, усмешкі, віск, смех.
— Што ўжо што, а шуму такі будзе. І не кажы, кума, — казаў пан Юры.
Ён быў шчаслівы. На каляды ў Загоршчыну нечакана прыехаў стары Вежа.
Вежа сустрэў дзяцей на верхніх прыступках сходаў, вялізны, з прыгожай сівою грывай валасоў. Браў дзяцей на рукі, глядзеў ім у вочы.
— Гэта чыя ж такая? Твая, пані Надзея?
— Мая.
— Гожая якая. А гэта? Ого, ну, гэта я сам разумею. Новы прыдняпроўскі дваранін, усыноўлены Ян Клейна. Бач ты які, братка! Маеш ад мяне шаблю.
— Дзякуй вам, — сур'ёзна сказаў мурын. — У Ракі шмат ворагаў.
Дзед нечакана ўздыхнуў і пацалаваў Янку:
— Прыйдзе час — сам знайду табе жонку і зброю. Алеся хаця любіш? Будзь яму другам. Як нітка за іголкай. Ты, брат, глядзі. Табе яшчэ давядзецца ўсім жыццём даводзіць… што ты — наш.
Узяў за скроні Мсціслава.
— Пусціце мяне, калі ласка, — сур'ёзна сказаў Мсціслаў.
— Чаму гэта?
— Мы ўжо дарослыя.
— Правільна, — згадзіўся дзед. — Вы дарослыя. Дык, значыць, ты найлепшы сябар майго ўнука?
Урэшце чарга дайшла да Майкі. І тут дзед зрабіў ласку сесці на падстаўленае сынам крэселка.
— Раўбічава. Ану, дай паглядзець на цябе.
Доўга разглядаў попельныя, з залацістым адценнем валасы, бэзавую сукенку з кароткімі рукавамі, цёмна-блакітныя, удавана наіўныя вочы.
— Чорцік? — спытаў ён. — Чаго табе не хапае дзеля таго, каб стаць харошым і добрым, чорцік?
Майка ўсміхалася высокім краёчкам рота. Яе злаваў гэты агляд, яна адчувала ў ім нешта няёмкае, і сама сабе вырашыла адыграцца за яго на адзіным чалавеку, якога было чамусьці прыемна дражніць: на Алесю.
— Даросласці, — сказаў дзед. — Жыццё табе дазваляла ўсё, капрызны чорцік. А вось калі яно пачне супраціўляцца, пачне мяць, — тады ты зразумееш і станеш харошым, чорцік з дзівоснымі вачыма.
Пагладзіў яе лапку.
— Будзь добры з… людзьмі, чорцік. Так ці не так? Будзеш?
— Паспрабую, — зрабіла яна кніксен.
Пайшла далей. Дзед глядзеў на яе і думаў:
"Самая добрая пара будзе для Алеся. Сумленная сям'я. Адна з нямногіх, сапраўдных. Але хто ведае, што будзе з дзяўчынкі праз сем год".
І пасля размовы з дзецьмі Вежа стаў асабліва з'едлівы з гасцямі, шакіраваў іх усіх мужыцкай мовай уперамешку з самай вытанчанай французскай, назнарок нападаў на тое, што было дорага субяседніку, — словам, расклеіўся.
Читать дальше