— Ваша справа, — сказаў Яроцкі. — Пане маршалак.
— Волю, — сказаў пан Юры. — Я з Раткевічам.
— Пане Ваневіч.
— Волю.
— І, нарэшце, самы ўплывовы з дваран губерні — князь Загорскі-Вежа.
Загорскi ўстаў.
— Волю, — сказаў ён. — Волю ў тых маёнтках, на якіх няма нядоімак і дзе заплочаны працэнты па закладных.
Словы ўпалі ў насцярожаную цішыню залы, як карцеч. Тыя, у якіх трапіла, зашумелі. Прыблізна трэцяя частка залы, у тым баку, дзе сядзеў Браніборскі.
— Чаму вы крычыцё, панове? — звузіўшы вочы, спытаў Вежа. — Хіба я сказаў нешта нечаканае, нешта такое, аб чым вы не думалі?
— Лухта! — крыкнуў Іван Таркайла. — Я даю мужыкам пазыкі, я адказваю за нядоімкі, за неплацеж падаткаў, што ляжаць на мужыках. Яны не вартыя таго самі, вось што.
— Сядзьце, хрысціянін Таркайла, — грэбліва сказаў Вежа.
— Што б вы прапанавалі? — вонкава спакойна спытаў Браніборскі.
— Прадайце прадметы раскошы, — сказаў Вежа. — Заплаціце закладныя. Заплаціце нядоімкі: разам нажывалі іх, разам і адказвайце. А там, чыстыя, будзеце думаць.
Суровыя бровы старога разышліся:
— Згаленне? Магчыма. Але ж вы жылі з іхняй працы на вашай зямлі. Дык вось, калі вы ўсе будзеце чыстыя — вызваліце іх. Аддайце ім палову зямлі, і, вольныя, яны пойдуць і на вашу зямлю таксама. За грошы. І гэтая палова вашай зямлі дасць вам утрая больш, чым цяпер уся.
Было ціха. Потым нехта з асяроддзя Кроера паспрабаваў свіснуць.
— Чаму ж вы так? — спытаў Вежа. — Я ж, здаецца, не за адмену стаю? Я ж прапаную пакінуць на год усё, як яно ёсць.
І тут край Браніборскага і Кроера выбухнуў выгукамі:
— Сацыяліста! Гверыльера!
Вежа з удаваным непаразуменнем паціснуў плячыма.
— Карбанарый! Кінжальшчык! Лувель! Якабінец!
Яроцкі дарэмна біў у гонг. І тады Вежа, зрабіўшы яму знак спыніцца, падаўся наперад.
— Ну, — амаль шапнуў ён.
Ён абводзіў рады вачыма, і выгляд у старога быў такі, што тыя, па кім прабягаў яго позірк, адразу змаўкалі. Запанавала цішыня.
— Вось так лепей, — сказаў Вежа і дадаў: — А для сябе… для сябе я стаю за белы шар.
І рэзка кінуў:
— Воля!
Сядзеў, адразу страціўшы ўсялякую цікавасць да таго, што адбываецца ў зале. Ён разлічыў правільна, ён зразумеў іх і таму здолеў сутыкнуць ілбамі. А-адна сволач! Што ж, цяпер асталося толькі апусціць свой белы шар і ехаць дадому, да ўнука.
Добра, што хлопчык не сярод гэтых пачвар, што ён не бачыць разгулу нізкіх чалавечых страсцей.
— "На основании сто десятой статьи устава о службе по выборам, — чытаў Пятро Яроцкі, — третий том, и сто двадцать восьмой статьи девятого тома свода законов Российской империи (издание сорок второго года) — постановления дворянства производятся посредством баллотировки и признаются обязательными, если они приняты единогласно или не менее как двумя третями голосов всех присутствующих дворян".
Ён кашлянуў.
— Цяпер, пасля таго як я нагадаў вам гэта, мы можам пачаць балаціроўку, панове. Прашу браць шары.
Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны.
Шар гучна ўдарыўся аб чыстае дно.
А потым шары пачалі падаць часцей і часцей, і ўдары рабіліся ўсё больш і больш глухія.
…Падлічылі шары позна ўвечары, калі за вокнамі ўжо даўно гарэлі гарадскія агні.
Маршалак Юры падышоў да бацькі. Стары Вежа чакаў, стоячы ля акна і гледзячы на цьмяную ў цемры стужку Дняпра. Пан Юры ўспёрся на падваконне побач з ім.
— Гэтыя шары грукалі страшна, — сказаў Вежа. — Як камяні па труне.
— Сапраўды, бацька, — адказаў пан Юры. — Пахавалі мы гэтымі шарамі запіску Раткевіча. Усё.
— А што, хіба пахавалі?
— Пахавалі, бацька. У зборні было чатырыста дваццаць восем дваран. Каб запіска аб адмаўленні прайшла — трэба было не менш за дзвесце шэсцьдзесят два галасы. І вось.
— Колькі?
— За адмену дзвесце шэсць, супраць — сто восемдзесят сем.
Вежа рушыў быў да выхаду, але потым спыніўся. Твар ягоны быў жорсткі, калі ён сказаў сыну:
— Ты, маршалак, павінен быў са шкуры вылезці, а даведацца аб прапанове Раткевіча. Пэўна, не адны гэтыя восем чалавек ведалі?
— Не адны.
Стары свідраваў сына вачыма.
— Раўбіч ведаў?
— Аднекуль ведаў. Раткевіч да яго даволі блізкі.
— Ну вось. Ты павінен быў ведаць. Павінен быў сказаць мне.
— Чым бы ты памог?
— Грашыма. Я прывёз бы ў зборню ўсю дробную шляхту, у якой ёсць галасы, але няма мужыкоў, няма нават грошай, каб паехаць у губерню, дзе, урэшце, ім, пакрыўджаным, няма чаго рабіць. А яны б галасавалі, як ты, як я… Я прывёз бы толькі сто чалавек — і Кроер паляцеў бы рылам.
Читать дальше