— Будзь на губернскім з'ездзе дваранства, — нечакана сказаў Раўбіч. — Абавязкова будзь.
Пан Юры зацікаўлена глянуў на яго.
— Што-небудзь будзе?
— Будзе, — сказаў Раўбіч.
— Вы?
— Не, не мы, але нам на руку.
— Буду, — сказаў пан Юры. — І толькі яшчэ раз прашу: не займайся сваім… чарадзействам, не крычы. Не насі сэрца на далоні — ведай сабе цану. Нядаўна з Пецярбурга выслалі чалавека толькі за фразу, кінутую ў тэатры.
— Якую?
— Было "Жыццё за цара". Хор спяваў: "После битвы молодецкой получили мы царя". І малады чалавек кінуў уголас: "Говорил же я вам, что драка до добра не доводит".
— Малайчына, — сказаў Раўбіч.
Вялікасны маўклівы курган узвышаўся над імі, шызы ад палыну, ліловы ад верасу, сівы ад павуціння, спакойна-ганарлівы і высокі ў ззянні вольнага сіняга дня. Вольны капец над вольнай смерцю. І мускулістая безвалосая рука Раўбіча, упрыгожаная жалезным бранзалетам, павольна паказала на яго.
— Гэтаму лягчэй, — сказаў Раўбіч. — Шчаслівец!
Зала губернскіх дваранскіх збораў нагадвала мора ў непагоду. Уся гэтая паўкруглая зала, усе месцы за калонамі, подыюм і амфітэатр хораў — усё гэта было напхана людзьмі.
Старшыня Басак-Яроцкі, у сваім каўказскім афіцэрскім мундзіры і пры ўсіх рэгаліях, стаміўся біць малаточкам у гонг і толькі з дакорам пагойдваў галавою:
— Чорт ведае што. Дваране яшчэ называюцца. Горш за малых дзяцей.
— Дай ім выкрычацца, Пятро, — спакойна сказаў Юры Загорскі.
Ён высіўся ў першым радзе ганаровых крэслаў на подыюме. Побач з ім прыстроіўся стары граф Хаданскі. На сінім ад брытвы абліччы, як заўсёды, гуляла паблажлівая ўсмешачка.
Трохi далей, адсунуўшыся ад Таркайлы, сядзеў Iсленьеў. Румяны, як яблыка, старэчы твар яго быў нездаволены, трошкi нават грэблiвы: размовы, размовы, размовы — абрыдла.
У канцы стала, ля урны, наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Рукою прыкрыў рот. Людзям у зале відаць было паўзверх рукі хітрае, з іскрай, вока.
Пан Юры, маршалак Юры — бо тут ён быў зусім іншы, невядома адкуль і веліч узялася — абводзіў вачыма залу.
…Усе знаёмыя, кожны твар, кожная постаць. Вунь сядзіць адзіная сярод усіх жанчына, Надзея Клейна (у яе ў доме няма дарослых мужчын, і ездзіць яна ў зборню прынцыпова). А вось там хвалюецца пан Мнішак з яго замучаным тварам і стрыманым гонарам у вачах. Ля яго Раткевіч Юллян, галава малодшага роду Загорскіх, чалавек з нервовым жаўтаватым абліччам. Ён гаворыць аб нечым з Мнішкам. Часам да іх схіляецца з задняга рада галава Міколы Браніборскага, таксама сваяка з малодшага роду. Непрыемная галава, сквапная, з хваткім, як у галаўня, ротам. Гэты, відавочна, запраўляе справамі ў сваім кутку і зараз нешта рыхтуе.
У першым радзе жоўчнае, знясiленае нейкай неадчэпнай думай аблiчча Яраша Раўбiча. На падлакотнiку крэсла цяжка ляжыць безвалосая рука з жалезным бранзалетам. Вочы-правалы часам сустракаюцца з вачыма пана Юрыя i змяжаюцца, як у стомленай птушкi.
…Пан Іван Таркайла з братам. Гэтыя, відаць, нешта прачулі, бо сядзяць насцярожана. Абодва пышнавусыя, абодва ў дыхтоўных, на сто год, сурдутах.
"Ох, нешта будзе. Дальбог, будзе", — думае пан Юры.
Тым больш што ў заднім радзе сядзіць далёкі брацік жонкі, любенькі пан Кастусь Кроер, распатланы, як заўжды на падпітку, з ашалелымі шэрымі вачыма, такімі вар'яцкімі, што хоць ты перахрысціся, зазірнуўшы ў іх выпадкам.
Кажуць, пасля бунту ў Півошчах брацік зусім расперазаўся: п'е як апантаны, распуснічае, марнатравіць набытак. Па вёсках стаіць лаянка, плач, мардабой. Пасябраваў, сволач, з Мусатавым, даў яму, кажуць, куку ў руку, толькі каб той памог яму спаймаць таго збеглага мужыка, што кінуў вілы… Як бо яго? Кошык?.. Корчык?..
І вось загонавыя, разам з блакітнымі, гойсаюць па лясах, ловяць. Ды толькі трасцу вы яго без здрады зловіце… Колькі год гуляюць славутыя бандыты? А колькі пашанцуе. Прайдзісвет гуляў некалькі год. Чортаў Бацька — шаснаццаць і яшчэ адно лета, пакуль сабутэльнікі па п'янцы не далі доўбняй, ды трапілі, відаць, па голым месцы. А Чорны Война гуляе ўжо дваццаць год. Лясы нямераныя, сцежкі знаёмыя.
Пан Юры амаль жадаў, каб у адной з вёсак Кроера адбылося нешта дзікае. Тады дваранская грамада, пад яго, пана Юрыя, кіраўніцтвам, мела б права і магчымасць патрабаваць апекавання над гэтым раз'юшаным сабакам. Адабраць, за няздатнасць і п'яную прыдуркаватасць, права кіраваць жывымі людзьмі, маёнткі ў апеку, а пана Канстанціна пад хатняе зняволенне, гуляць з нянькай у дурня ды чытаць чэцці-мінеі.
Читать дальше