— Не.
— Гэта добра. Зараз, браток, пачнем абрад, на якім нікому не дазволена прысутнічаць, акрамя нас… Добра запомні… Бо давядзецца перадаваць сыну…
Твар ягоны быў стомлены, відаць было, што яму абрыдзела ўсё гэта, але нават ён знаходзіцца зараз пад страшным цяжарам нечага абавязковага, наканаванага і непахіснага.
…Яны мінулі палац і пайшлі па незнаёмай алеі ў тую частку ірэгулярнага парку, куды бацька дагэтуль ніколі не вадзіў Алеся.
Тут, відаць, і наогул мала хадзілі: травы, што прарасла праз жвір, вельмі даўно не палоў садоўнік. Замест светлых ліп, ясакараў і італьянскіх таполяў паабапал алеі ўсё часцей трапляліся чорныя і нейкія зімнія яліны ды змрачнаватыя векавыя дубы. Яленец суцэльным магутным дываном укрываў палянкі, нечапаная папараць клубілася над зрынутымі дрэвамі. Парк быў ужо сапраўдным лесам.
І тут бліснуў у непралазным гушчары празрысты, відаць, ад магутных крыніц, стаў, а над ім, на цьмянай ад ценю паляне паўстала дзіўная будыніна, вузкая і высокая, змураваная з шэрага і ружовага каменя-дзікуна.
Такой яна была на вышыню аднаго паверха. Вышэй камень быў абчэсаны, былі нават там-сям раманскія арачкі. А яшчэ вышэй, амаль да верхавін пяцісотгадовых замшэлых дубоў, узносіліся дзве карункава-змрочныя гатычныя вежкі. Змрачнаватая, значна большая ў вышыню, чым у даўжыню і шырыню, будыніна думала аб чымсьці, што не датычылася двох чалавек, якія зараз ішлі праз заценены луг да яе дзвярэй, і гэты яе спакой быў спакоем канца.
Перад ёю, у высокай траве, ляжалі па крузе сем абчасаных камянёў, а ў цэнтры круга ляжаў восьмы, з правільна круглым заглыбленнем наверсе.
— Сядай на зямлю, — сказаў пан Юры. — І слухай.
Неўсвядомлена пранікаючыся нечым страшнаватым, Алесь сеў.
— Глядзі, — сказаў бацька.
На баку цэнтральнага каменя быў выбіты няўмела парушаны ва ўсіх прапорцыях вобраз добрага пастыра, які нясе на плячах агнца.
— А цяпер уяві, што сорак доўгіх чалавечых жыццяў ляжыць паміж табою і гэтым пастырам. Сорак. А ты сорак першы.
Яны маўчалі, схіліўшы галовы. Пад вяршынямі дрэў быў такі спакой — лісток не шалахнецца.
— Сорак. Гэта тыя, што былі да нас, і мы, і тыя, што яшчэ будуць. І кожнаму наступнаму цяжэй, бо ён нясе большы цяжар. Будуць і тыя, каму зробіцца нясцерпна цяжка, і я малюся богу, каб гэта не быў ты. Таму што ніхто не пазбегне. Кожны павінен будзе несці на рамёнах слабага, ягоны боль і ягоную крыўду. Хто гэты слабейшы — кожны выбірае сам. Друг, вера, жанчына або яшчэ нешта, пакуль невядомае… А цяпер паглядзі: на другой грані яшчэ больш старыя рысы. Гэты маладзік — гэта серп, а гэтыя калматыя трысцінкі — каласы. Хто будзе жаць — аб гэтым маўчаць гады і маўчаць стагоддзі. Ніхто яшчэ не дадумаўся, бо той, хто іх выбіў, памёр і не скажа… Пасядзі хвіліну, сыне, падумай або проста памаўчы.
Алесь маўчаў і так. Яго краналі не словы, а проста мёртвы сон камянёў, дрэў, будыніны, якую абкружалі, сціскалі дубы.
— Тут было паганскае капішча, — сказаў нарэшце бацька. — Якому богу яны маліліся — ніхто не ведае. Бо з іх не ўцалеў ніхто… Яны пакінулі гэтыя камяні і гэты серп маладзіка і зніклі, як аблокі. Тут яны збіраліся, а гэты камень і чаша на ім былі, відаць, ахвярнікам. Колькі год так было — невядома. А потым з Полацка прыйшоў Дняпром бліжні дружыннік Глеб, і тады гэтыя людзі ўбачылі кроў. Не варта было, калі не хацелі крыжа? Вядома. Але хто звяртаў увагу на тое, чаго хоча і чаго не хоча мурашнік? Не звяртаў і Глеб… Капішча шукалі доўга. І знайшлі… І вось пад гэтымі камянямі загінулі ўсе яго абаронцы. Да аднаго.
Бацька памаўчаў.
— Тут было раней два рады камянёў. Вонкавы ўзялі і залажылі ў падмурак будынка. Але потым Глеб раздумаў. Відаць, таму, што тут быў такі спакой і нельга было не палюбіць гэтага месца. Таму ён проста загадаў асвяціць галоўны камень вобразам пастыра, але тых камянёў з падмурка не выняў. Ты іх можаш убачыць… Спачатку пабудавалі першую частку будыніны, самы ніз. Другую трэць надбудавалі праз трыста год, калі ўжо і косці Глеба згнілі ў Куцеянскіх пячорах. Вежкі надбудавалі яшчэ праз дзвесце год… І вось усё гэта стаіць: камяні на беразе става, дубы, што ў тры разы маладзейшыя за іх, і камяніца.
— Што гэта? — спытаў Алесь.
— Гэта магільня Загорскіх, сыне.
Бацька павольна адхінуў траву ад вобраза пастыра.
— Калісьці мы, напэўна, маглі быць вялікія, але не здолелі. Наша палітычнае быццё скончылася. У нас — толькі магілы. Толькі адны магілы, раскіданыя па гэтай зямлі. Курганы на беразе Дняпра, капцы на сялянскіх могілках, твая і мая магільня, сыне… Вось яна…
Читать дальше