— Велікародныя гаспадары Загорскія, князі Сухадола і Вежы збіраюцца на вайну.
— Куды на вайну?
— Вядома куды. На аршанскае поле.
— Каго біць?
— Там скажуць!
— А за што?
— А так, — сказаў бацька. — Без дай прычыны. Каралеўскі загад.
Святочныя, яны выйшлі на тэрасу, дзе іх чакала маці з маленькім Вацлавам, гувернёры і некалькі слуг на чале з Кірдуном. Маці і Вацлаў былі ў звычайных святочных адзеннях з белага індыйскага мусліну і карункаў, гер Фельдбаўх у сурдуце, месье Жано — у зграбным чорным фраку.
Затое слугі, падобна гаспадару з сынам, былі таксама ў старой паюцкай вопратцы.
Маці прывіталася з сынам і ўстала за мужчынамі. Усе пачалі спускацца з тэрасы. Алесь ішоў, апусціўшы вочы, калі раптам нешта неўсвядомленае прымусіла радасна задрыжаць яго веі.
Ён ускінуўся — перад ганкам стаялі ў святочных уборах Кагуты: Міхал, дзед Даніла, Андрэй, Кандрат, Павал, Юрась. Толькі Марылі не было ды старэйшага Стафана.
Кінуўся быў да іх — бацькава рука ўладна сціснула плячо.
Кагуты стаялі моўчкі. Ніхто з іх не глядзеў на пана Юрыя; толькі на Алеся глядзелі ўсе. І Алесь, адчуваючы амаль фізічны боль у сэрцы, ішоў да іх.
Толькі наблізіўшыся, ён ўбачыў, як моцна яны цяпер адрозніваюцца ад яго, які высахла-белы стары Даніла, якая ссутуленая, прыгнутая цяжарам зямлі, спіна ў Міхала, якія нязграбныя рухі ў сыноў, быццам спуджаных святочнай вопраткай і дзівоснымі абставінамі. Усе яны хавалі вочы. Толькі Паўлюк, здзіўлена і нават неяк адчужана, глядзеў на паніча.
Кірдун з аброццю на плячы зайшоў перад панамі і стаў твар у твар з Міхалам.
Ён працягнуў адзін канец аброці Міхалу, другі — пану Юрыю.
— Дзе тая аброць, на якой ты вадзіў гэтага стрыгуна? — спытаў Халява.
— Вось, — паспешлівыя пальцы Міхала выцягнулі з-за спіны сырамятную цёмную аброць.
Кірдун узяў і працягнуў другі канец гэтай аброці пану Юрыю. Так яны і стаялі, злучаныя дзвюма аброцямі, мужык і пан…
Цяпер гаварыў Юры.
— Ці абаранялі паніча твае сцены? — спытаў Загорскі.
— Абаранялі. Як сыноў, так і яго.
— Дай, — сказаў пан.
Андрэй ступіў да паніча і выняў са скуранога вацка шчопаць сажы, тлустай сажы з хатняй сцяны.
— Маж, — сказаў бацька. — Каб помніў.
Калі Андрэй мазаў сажай пасму валасоў на Алесевай галаве, хлопец узняў на яго ўмольныя вочы. І толькі Андрэй, перахапіўшы позірк, непрыкметна для іншых усміхнуўся яму краёчкам вуснаў.
Вацок з астатняй сажай таксама схавалі ў ларэц.
— Ці вадзіў ты яго па зямлі, куды мы ўсе пойдзем? — спытаў бацька.
— Так, — сказаў Міхал.
— Тады атрымай трыццаць, — бацька глянуў на Алеся і паправіўся, — не, нават сорак восем дзесяцін… Той клін, што за Лугавым. Каб табе і дзецям тваім было па якой зямлі хадзіць… Гэта зямля вызваляецца ад пабору і давеку астанецца за тваёй сям'ёй.
Юрась, відаць, загадзя падрыхтаваны, стаў на калені, і Юры паклаў яму на рукі шчопаць падножнага.
— Ці вучыў ты майго сына быць літасцівым да жывёл, як то належыць чалавеку?
— Так.
— Тады атрымай сем коней-двухгодак і дзве каровы для жанчын.
Веі ў Алеся былі вільготныя. Што б там ні было, а гэта яго, Алеся, прадавалі зараз, і ў гэтым было яго падабенства з другімі людзьмі ў белым.
— Дом твой будзе моцны, — сказаў пан Юры. — Пад кожную пяту твае хаты і хаты сыноў ты пакладзеш па дзесяць рублёў, бо выхоўваў у працы і поце майго сына. Шэсць сыноў — дзвесце сорак рублёў…
Скураны мяшочак бразнуў, упаўшы паміж двума строямі.
…Пасля Алеся пасадзілі на Ургу і пан Юры павёў яго вакол маёнтка. Астатнія ішлі за ім. Бацька спыніўся на высокім урвішчы Дняпра і абвёў рукою ўсё, што вакол.
— Гэта тваё, — сказаў ён. — Твая зямля і тваё неба. Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д'ябал. Адна смерць.
Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Потым падаў бацьку кароткі корд у срэбных, з залатымі травамі похвах.
Бацька стаў побач з канём і засунуў шаблю ў пятлю высокага сядла.
— Ты носіш добрую зброю, каб не злоўжываць ёю, і багатую вопратку, каб не ганарыцца ёю перад астатнімі.
І ён злёгку пацягнуў сына нагайкай па спіне, а потым прымацаваў гарапнік да другой пятлі сядла.
— Помні.
За ўсімі гэтымі цырымоніямі не заўважылі, як стамілася пані Антаніда. У яе забалела галава, і пан Юры нават з некаторай радасцю адпусціў яе.
— Стаміўся? — спытаў бацька, з паблажлівай ласкавасцю заглядаючы ў вочы сына.
Читать дальше