І ўсё ж найбольш цягнуў да сябе Алеся той самы "Хлопец з канём" Мантэньі. Было ў гэтай карціне нешта наіўна-прывабнае і мудрае.
І не ў тым справа, што хлопец быў — выліты. Ён, хаця і ў чужым заморскім касцюме, а конь — сапраўдны Урга, той самы Урга, які палюбіў яго, Алеся, больш за іншых, бо хлопец не абразіў яго нават празмерным недаверам на бар'еры, нават ганьбай шэнкеляў, калі конь разумее без іх, як яму трэба рабіць.
Не ў гэтым была справа.
Справа была ў тым, што праз лісце густа-зялёнай яблыні з залатымі пладамі глядзеў такі далягляд, якога не бывае на зямлі, далягляд невядомай блакітнай краіны, у якую спакойна і ўпэўнена крочылі чалавек і белы конь.
…У адзінаццаць яго клалі ў ложак. За акном, сярод лістоты, дрыжаў і гайдаўся масляны ліхтар, шапацелі лісты італьянскай таполі і далятаў з Дняпра неўразумелы начны крык шэрай чаплі.
Алесь засынаў, здаволены сабой.
А ўначы прыходзілі забароненыя, брыдкія мужыцкія сны. Ён сніў адрыну і гнёзды ластавак над галавой. Ён зноў бачыў росныя пракосы і самога сябе з біклагай на плячы… Яму бачыліся вочы каровы, яе стомленыя сытыя ўздыхі ў цемры хлява і цурчанне малака ў пенную дайніцу…
Скончыўся месяц траў, адквітнеў за ім месяц кветак.
Аднесла ветрам арэхавы пылок, згінула да наступных надзей і новай вясны вампір-трава, адышлі пярэста-зялёныя "капыцікі марыінай асліхі" — падалешніцы. Прыйшоў пчаліны, касазвонны месяц цвету ліп.
Усё мянялася. Нішто не мянялася толькі ў Загоршчыне.
І вось аднойчы, прачнуўшыся пазней звычайнага ад прыглушанага звону гадзінніка, Алесь адчуў, што нешта не так. Не ўвайшоў Фельдбаўх, не з'явілася ў дзвярах хмурнаватае аблічча добрага Кірдуна.
І хлопец на нейкую хвіліну адчуў сябе самотным і пакінутым на волю лёсу. Толькі на адну хвіліну, бо ў наступны момант ён успомніў, што прыйшоў той дзень і з ім, магчыма, нейкая воля, магчымасць быць хоць трошкі гаспадаром самому сабе.
На гэта намякала адзенне, вольна раскладзенае на спінцы крэслаў, і тое, што дзверы ў ванны пакой былі адчынены, — рабі сам, што хочаш. З асалодаю ўспомніўшы гэта, ён пацягнуўся і раптам, быццам кім падкінуты, сеў на ложку.
За акном пачуўся гулкі гук. Аднекуль з-за дома, з берага паркавага стаўка, ударыла гармата. Потым другі раз… трэці… восьмы… адзінаццаты.
Дзверы расчыніліся рэзка, як быццам таксама ад удару гарматы. На парозе стаяў пан Юры, белазубы, загарэлы. Махровы персідскі халат расхінуўся на грудзях. Ад усёй постаці, ад хвалістых густых вусоў, ад сініх смяшлівых вачэй так і веяла здароўем.
— Паставіць на ногі лайдака-князя, — грозна рыкнуў бацька. — Лайдак-князь спіць і не ведае, што яго чакаюць вялікія справы.
Алесь не паспеў спахапіцца, як дужая мужчынская рука рванула коўдру і бліскавічна, асабліва гучна ляснула па мяккім месцы.
— Stehe auf, — грымныў бацька, на хвiлiну так удала ўдаючы Фельдбаўха, што аж страшна стала. — Eine auβerordentlich perfekte Fürterhalbwüchsigerverrichtung ist keine Bettharrung auf'ne Vonsichselbstvollziehung, nüch? [19] Выключна пікантна-вытанчаныя адпраўленні, вартыя сапраўды княжацкага недарасля, ёсць не ўпаванні ў ложку на самапраісцяканне, ці не так? (Парыдыйны стыль) (ням.)
І сцягнуў сына за нагу з ложка.
— Мыцца, мыцца разам.
У ванным пакоі, ля глыбокага басейна, бацька скінуў халат і пантофлі, і толькі тут старонні заўважыў бы, як яны падобны, пан Юры і Алесь. Хлапечыя, але моцныя формы сына абяцалі з часам зрабіцца падобнымі на гладкія і магутныя формы бацькі.
Бацька нечакана злавіў яго і, прыўзняўшы, так спрытна кінуў галавою ў басейн, што Алесь колам перавярнуўся ў вадзе.
— Адмірал, чалавек за бартом! — крыкнуў бацька, затым услед пляснуўся у блакітную ваду і схапіў сына за пятку. — Купанне Ахіла пачынаецца. У ролі маткі героя князь Юры Загорскі.
…Пасля купання яны апрануліся ў суседнім пакоі, і гэта было вельмі падобна на маскарад, бо абодва апранулі ўзверх батыставых сарочак з карункавай грудзінай і вузкіх нагавіц да калень яшчэ і шырокае мясцовае адзенне, што чакала дзесяцігоддзямі падобных выпадкаў, лежачы ў скрынях паміж лісцяў дарагога турэцкага тытуню.
Бацька ўсклаў на сябе суконны паднізень вішнёвага колеру, а паўзверх яго чырвоную, тканую золатам чугу, крэкчучы нацягнуў малінавыя боты і чырвоныя замшавыя пальчаткі. Потым сын памог яму абкруціць вакол таліі залататканы слуцкі пояс. Бацька прыціснуў канец пояса далонню на жываце і павольна круціўся, сочачы, каб пояс лёг гожымі складкамі.
Цяпер прыйшла чарга Алеся. Ён таксама нацягнуў боты, толькі белыя. Пасля замест паднізня бацька накінуў на яго шырокую белую кашулю з адным плячом, — на другім яе закалолі сярэбранай фібулай. Паўзверх кашулі пан Юры, па-мужску няспрытна, апрануў сына ў вузкую белую чугу, такую самую, як і ў самога, толькі тканую серабрыстымі і блякла-залацістымі травамі.
Читать дальше