А сёмай па ўсім доме білі гадзіннікі. Трэба было заплюшчваць вочы. І тады ў спальню заходзілі два чалавекі: немец-гувернёр, гер Фельдбаўх, тоўсты лысаваты і надта рухавы, і прыгонны дзядзька, Халімон Кірдун, па мянушцы Халява, чалавек вельмі добры і вельмі змрочны, напэўна, з той прычыны, што ягоная жонка была незвычайная прыгажуня. Алесь сам чуў ад дваравых, што Халімону даўно варта было б яе набіць. Але Халімон, відаць па дабрыні, усе ніяк не мог рашыцца на гэта. Таму, напэўна, і змрачнеў.
Алесь ведаў, што немец пачне гаворку па-свойму, і не палохаўся гэтага. Проста дзівіўся, як хутка рабіліся зразумелымі чужыя словы. Як быццам выплывалі з далёкага, калісьці роднага, а потым забытага сну. Быццам даўно ведаў, а потым на хвіліну забыў. Так яно, урэшце, і было, бо да сямі год ён не ведаў іншых моў, акрамя французскай і нямецкай. І вось цяпер прагна, са свежай галавой наганяў.
Немец кацiўся да ложка, як шар, i адразу пачынаў буркатаць нешта, зразумелае толькi з пятага на дзесятае, але прыемнае:
— Oh, dieser kleiner Pennbub! Alle sind schon auf, kleine Vöglien singen dem Herren Gott ihre ewige Ruhmlieder, nüch. Der schläft aber immerfort und weiβt nicht einmal — Morgenstunde hat Gold im Munde, nüch? [15] О, гэты маленькі сануля. Усе ўсталі, маленькія птушкі спяваюць госпаду сваю хвалу, ці не так? А ён спіць і не ведае, што ў ранняй гадзіны золата ў вуснах, ці не так? (ням.)
Гэта быў, на яго думку, самы прыстойны стыль размовы з дваранскім дзіцем.
Фельдбаўх — сын багатага бюргера — скончыў гімназію і першы курс універсітэта ў Гецінгене, але потым бацькі збяднелі, і сын паехаў шукаць шчасця ў невядомае Прыдняпроўе. Тут ён служыў ужо дзесяць год, з іх апошніх шэсць — у Загорскіх. Яго не адпусцілі нават тады, калі Алесь трапіў на дзядзькаванне. Засумаваўшы па рабоце, ён цяпер даганяў, хочучы, чаго б гэта ні каштавала, прымусіць вучня за нейкі год добра гаварыць па-нямецку.
Фельдбаўх рабіў рэзкі рух крысом халата, быццам захінаў рымскую тогу.
— Schon gut. Mach dich drau zu waschen, mach dich Mutti zu begrüβen, mach dich an die Gottesgabe, — ja an die Bücher doch, wenn der Fürst zu keinen dummer Fürsten werden will, nüch? [16] Вельмі добра. Ідзі ўмывацца, ідзі прывітацца з матуляй, ідзі прамыць божы твар, ды потым за кніжкі, калі князь не хоча застацца дурным князем, ці не так? (ням.) .
…Алеся падымалі, вялі ў ванны пакой, і там, пад даглядам немца, Кірдун абліваў хлопца вадой і расціраў. Кірдун раўнаваў паніча і таму ўвесь час бурчаў пад нос, лаючы Фельдбаўха, якому, немаведама нашто, далі права наглядаць за туалетам, як быццам бы ён, Кірдун, рабіў гэта без немца значна горш. Кірдун суправаджаў некалі пана Юрыя за мяжу і таму ведаў некалькі нямецкіх слоў.
Нямецкая мова яго абражала. Спытае, бывала, Кірдун, ці трэба нагрэць яму ванну для ног, а немец адвазвае:
— Das ist mir Wurst [17] А мне ўсё адно (літаральна: гэта мне каўбаса) (ням.)
.
Проста чорт ведае што! Не мова, а свінства! Усё адно яму, бачыце, гарачая ванна або каўбаса…
Чыстага і прычасанага паніча апраналі ў вузкія штаны (псеўданароднаму гарнітуру далі адстаўку ў канцы першага ж тыдня) ў вольную белую сарочку з адкрытым карункавым каўняром і вялі на балкон, асабліва светлы ад снежных маркіз. Тут за чайным сталом чакала маці і, у высокім крэсле, дзіўная істота — двухгадовы брат Вацак, які смешна вырачваў на Алеся шэрыя наіўныя вочы.
Матуля цалавала Алеся ў скроню, трымала за падбародак вузкай, да смешнага маленькай рукой, пытала — зрэдку па-французску, каб прывучыўся, — як спаў.
— Бьен, мадам, — адказваў ён, так пакутліва падбіраючы словы, што нават малому Вацаку рабілася смешна.
Елі аўсянку з малаком, яйкі ўсмятку, тарцінкі з маслам і сырам, тварог і мёд. Дарослыя пілі каву, дзеці — чай. З'яўляўся з аб'езду бацька, загарэлы, смяшлівы, сыпаў жартамі.
У рэкрэацыйнай чакалі ўжо Фельдбаўх і швейцарскі француз monsieur Jannot (гэтаму, як найбольш тандэтнаму, дазвалялася снедаць у сваім пакоі). І тут пачыналася пакута не пакута, а нешта накшталт упартага змагання. Людвіг Арнольдавіч біўся з Алесем над нямецкай і латынню плюс матэматыка і гісторыя, monsieur Jannot — над французскай плюс рыторыка і прыгожае пісьменства. Смеху варта было глядзець, як яны стараліся.
Гадзіна ішла за гадзінай. Алесь дзякаваў богу за тое, што англічаніна і настаўніка дзяржаўнай мовы бацька абяцаў запрасіць толькі ўвосень, калі прадасць ураджай. Часам словы трох моў блыталіся ў галаве, ў хлопцу хацелася толькі аднаго: каб сёлетні ўраджай быў дрэнны. Але ён адразу ўспамінаў Кагутоў, і яму рабілася сорамна. Ды хоць бы нават і дрэнны ўраджай. Не, яго, Алеся, ужо нічога не ўратуе… Усё адно стары Загорскі дапаможа, у яго грошай граблямі грабі.
Читать дальше