— Каб ты быў добры да дзяцей і жанчын, верны для сяброў і страшны для ворагаў, бо ты муж і зброя дадзена табе для таго, каб ты быў мужам і каб той, хто абразіў цябе, ніколі не абышоўся пустымі прабачэннямі, а крывёй плаціў за сваю абразу…
Ляснулі нажніцы. Каштанавая пасма ўпала ў далонь дзядзькі Пятра.
Ён павольна працягнуў яе Мсціславу. І Мсціслаў таксама патрымаў пасму, а потым схаваў яе ў медальён, а медальён схаваў пад сарочку.
— Сын князя Загорскага стаў мужам, — сказаў Басак-Яроцкі. — Памолімся за ягоны доўгі век, за яго дабрыню і высакароднасць. Памолімся за тое, каб бог паслаў яму вялікія дарогі і сілы на тое, каб усё, што з ім будзе, стала вялікімі здзяйсненнямі.
Аднекуль з-за палаца, з таго боку, дзе была магільня, данёсся празрысты, як лёд, і журботны, як галошанне, спеў срэбнай трубы.
Кірдун ледзь не луснуў са злосці за тыя дзве гадзіны, якія прайшлі з пастрыжэння. Здавалася, усё ішло добра. Здавалася, больш ганаровай пасады, чым тая, якую далі на гэтыя гадзіны яму, Кірдуну, нават быць не магло. Сядзі на ўзгорку, адкуль відна дарога і паварот з яе на загоршчынскі "прэшпект", трымай y руках падзорную трубу і, ледзь толькі ўбачыш карэту ці кабрыялет, якія паварочваюць з дарогі на алею, давай загад тром мужыкам, што завіхаюцца трохі ніжэй, y лагчынцы, ля гармат. I адразу залп. Усё добра, усё чынна. Дык не, прынесла ў апошнюю хвіліну немца, каб на яго пошасць.
Стаіць сабе, чортава пуза, акурат ля яго і глядзіць на дарогу. I такі спрытны, што заўважае ўсё раней, чым Халімон. I гэта так крыўдна, быццам немец y яго хлеб адбівае. Па ўласнай, ці ведаеце вы, ахвоце прыцёгся. Добра б ужо, каб нехта пасылаў. A то ж сам.
Выгляд y чорта важны, паблажлівы. Стаіць, як Банапарт багамерзкі, пуза наперад, і, кожны раз, як ударыць гармата, як ты яму, скажы, цацку нехта даў, такое задавальненне на бязвусай мордзе.
— Einem Löwen gleich… — далятаюць да Кiрдуна асобныя словы. — Nüch? [20] Ільву падобна… Ці не так? (ням.)
I, скоса пазіраючы на Фельдбаўха, які абапіраецца на лёску, як на шпагу, Кірдун бурчыць пад нос:
— Das ist ihm Wurst… Гэта яму каўбаса, ці ведаеце… I ўсё "нюх" ды "нюх"… Нюх ты і ёсць нюх. Нюхала нямецкае… Каб цябе ўжо на тым свеце так чэрці нюхалі смярдзючымі сваімі насамі.
Кірдуну зусім дрэнна. Але спраўна грукоча гармата, a то і тры, гледзячы на тое, які госць зварочвае на алею.
…Гэта яшчэ хто? Шарабан старэнькі, конь ледзь перастаўляе відавочна парэпаныя капыты. I тут мужык-запальшчык адказвае:
— То ж гэта высакародны пан Мнішак едзе на сваім Панчоху.
Ну, гэтаму хопіць і аднаго стрэлу.
…А гэта? Пара сытых коней. Тарантас лакіраваны. Ага, едзе дзедзіц Іван Таркайла. Гэтаму можна грымнуць з дзвюх.
…Карэта шасцерыком. Коні ў яблыках. Гэтыя, відаць, рэйнвейн п'юць, як пан Юры ў Кёльне, і хоць коні не чыстакроўкі…
— Страляй… Страляй з усіх чатырох. Хаданскія коцяць!
A немец стаіць. A немец чорт ведае чаго сюды прыцягнуўся. Мог бы стаяць сярод гасцей, — не, собіла яму, нюху праклятаму.
…Кірдун глядзіць на тэрасу, бачыць там фігурку маладога Загорскага, і жаль працінае яму сэрца, прымушаючы і пра немца забыць… Божа мой, нашто гэта? Дзіця цэлы дзень на нагах!.. Мораць, забіваюць дзіця. Паны і ёсць паны. Немец, відаць, усё ж не самы горшы… Прынамсі, любіць паніча, не мучыць яго, як тыя… Тое, што ён мяхом стукнуты — гэта ўсё лухта: без радзімы таксама, гаротны. A без радзімы хто хочаш ашалее… Таксама пашкадаваць трэба… Тым больш бясшкодны зусім, паскудстваў нікому не чыніць. Толькі што прыйдзе ўвечары да аканомкі і просіць: "Гнедзіге фрау… Айн гляс шнапс…" [21] Дастойная фрау… Шклянку шнапсу… (ням.)
Лузне сабе, бедалага, ды і пойдзе… I правільна кажа, бо ў немцах амаль усе жанчыны гнядыя, a аканомша — вылітая немка. Гнядая і ёсць… Толькі б тут не стаяў, a так зусім прыстойны немец… I паніча любіць… Чорт з ім, няхай стаіць, калі гэта яму цацкі… Немцы, яны немцы і ёсць. Усе чыста — як дзеці. Толькі б ім грымела ды блішчала… Так бы і гулялі ў салдацікі да сівых валасоў… Але ж як там дзіця?.. Беднае дзіця!
Алесю і сапраўды даводзілася цяжкавата. Ён стаяў на тэрасе, адступіўшы на некалькі крокаў ад дзвярэй y дом, так што кожны госць павінен быў прайсці непадалёку ад яго. I з кожным трэба было раскланьвацца. Бацькі стаялі далей, яны абменьваліся з кожным парай слоў, усміхаліся, — ім было не да яго, ён быў нешта накшталт перадавога паста, высунутага ў самае размяшчэнне ворага — enfant perdu, загубленае дзіця.
Читать дальше