Незвычайная, пагрозлівая прыгажосць. Захоча — адбярэ.
І, нібы толькі ў жаданні гэтай жанчыны была справа, дзяўчына ўся натапырылася, як перапёлка, што бароніць гняздо. Яна не ведала, што Гелена прыблізна на гэта і разлічвала, едучы сюды, і таму здзівілася, убачыўшы на яе вуснах тую самую ўсмешку.
Карыцкая таксама ацэньвала субяседніцу, ад попельных валасоў да насцярожанай усмешкі, да вострага носа туфліка, які высунуўся з-пад сукенкі. І ацаніла. "Прыгожая. Нават надзвычай прыгожая і жаноцкая. Абатрэцца трохі, пазбавіўшыся ад свавольстваў, — будзе жанчына… Значыцца, вось каго… Што ж, хіба яна лепшая за мяне?…"
Не. Не лепшая. Проста другая. І вось такую, другую, ён яе і кахаў.
На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася.
Проста перад тым, што яна, Гелена, зрабіла, гэты маленькі верабей нічога не значыў. Алесь, вядома, будзе кахаць яе. І толькі. А яе, Гелену, ён не забудзе.
Ад вераб'я нічога не залежала, і таму з ім трэба было быць добразычлівай.
Гелена ўсміхнулася.
Міхаліна глядзела на яе строга і насцярожана:
— Вы ведаеце, што я парушыла ўсе сувязі з гэтымі дамамі? Нашто вы прыйшлі?
— Даведацца, ці канчатковае гэта рашэнне? — спакойна сказала Гелена.
— Выбачайце, калі ласка, але я не ведаю, якую цікавасць гэта можа мець для вас?
З ніў зноў ляцела далёкае:
Бог жа мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, бог жа мне даў.
— Хіба для мяне? — спакойна скзала Гелена.
Майка не разумела яе. Але спакой актрысы, яе упэўненасць нараджалі неспакой, боязь і трывогу.
"Адбярэ. Захоча і адбярэ. Гэтая здолее".
Майка памятала яе на сцэне.
"Усё. Канец. Дагулялася. За каго сябе лічыла, варты жалю вераб'ішка? Хаданская хлусіла. Але хлусня можа зрабіцца праўдаю".
Карыцкая глядзела на паненку і разумела ўсё.
— Хочаце, каб я сказала, аб чым думаеце?
— Вы можаце? — іранічна спытала Міхаліна.
— Магу.
— Не трэба.
— Але не трэба і вам так думаць. Не непакойцеся. Я прыйшла сюды не дзеля таго.
І, нібы ратавалася ад чагосьці, трохі паспешліва сказала:
— Вы ведаеце, што па намаганню гэтага чалавека, тады яшчэ зусім дзіцяці, я атрымала волю і некаторыя незалежныя сродкі, якія мне здаюцца багаццем.
Тон гэты быў брыдкі, але Гелена ведала: толькі дзелавітасцю і вонкавай сухасцю можна не сапсаваць справы, не насцярожыць, пераканаць у тым, у чым хочаш…І яшчэ — трошкі — упэўненасцю ў сабе. Каб адчувала, што ніхто яго не адбіраў і не адбірае, але ёсць такі чалавек, які… можа адабраць у кожную хвіліну.
— Віншую вас.
— Як вы думаеце, што магу я адчуваць да чалавека, які бескарысліва даў мне ўсё гэта?
Майчыны зрэнкі здрыгануліся.
— Мяркую… удзячнасць.
— Вядома, удзячнасць. І самую глыбокую павагу. І… любоў, бо чалавека такой маральнай чысціні мне яшчэ не даводзілася бачыць.
Сэрца Міхаліны сціскалася ад думкі, што субяседніца таксама можа кахаць яго. Таксама? А хто яшчэ? Хіба яна? Хіба ёй не ўсё адно? І яна сказала назнарок суха:
— Яму яшчэ не было дзе страціць мараль.
— Мы не судзiм людзей за будучае, — сказала Гелена, нiбы не заўважаючы, што чырвань кiнулася Майцы ў твар ад гэтых слоў. — Як вы думаеце, павiнна я, у сваю чаргу, у меру маiх сiл памагчы яму?
— Пэўна.
— Не ведаю, магчыма, я перашкоджу, але іначай не магу. Некалькі апошніх месяцаў я заўважала, што ён пакутуе. Я не ведала прычыны, але ўрэшце здагадалася, што гэтая прычына — вы.
— Прабачце, але аб гэтым я не хачу гаварыць.
Тон быў рэзкi, але Гелена бачыла прасвятлелыя вочы дзяўчыны i разумела, што тая раптам перайшла ад безнадзейнасцi i адчаю да самай высокай трапяткой радасцi. Гелена ведала, што Мiхалiна цяпер даруе ёй нават словы, якiя яна мелася вымавiць, адмовiцца ад дзявочай грэблiвасцi перад яе словамi, вызвалiцца ад рэўнасцi i, магчыма, будзе нават любiць яе, Гелену, за тое, што яна прынесла ёй гэтую iскрынку святла. Гелена ведала, што лепшы сродак узвысiць чалавека, якi знаходзiцца ў такiм стане, — гэта прышчапiць усведамленне таго, што, нягледзячы нi на што, нехта ўсё ж кахае яго.
— У мяне будзе дзіця, — сказала Гелена. — Ад каго, спадзяюся, не важна. Гэты чалавек звязаны з другою, і рассекчы гэты вузел можа толькі бог.
Майка і сапраўды не адчувала грэблівасці. Наадварот, шчымячы жаль.
— Смерць? — спытала яна.
— Бог. Спадзяюся, вы не асудзіце мяне, калі даведаецеся, што я кахала, кахаю і заўсёды буду кахаць яго.
— Гэта было б ханжаства… Што ж рабіць, калі зямныя законы супраць?
Читать дальше