Старая гладзіла Майчыны плечы і адчувала, як яны дрыжаць пад яе рукой.
— Папрасi даравання. Ты не думай. Гэта не страшна. Наадварот, салодка i лёгка, ясачка ты мая. Нiчога ж не зробiш, доля наша такая. Я i то часам Мiхалку прасiла: "Набi ж ты мяне, даражэнькi, можа, я ўжо тады менш цябе, змея, кахаць буду".
І пад гэтыя цьмяныя пакорлівыя словы Майка заплакала. Упершыню за восем месяцаў.
— Нічога… Нічога не зробіш, Тэкля. Позна.
— З труны толькі позна… Ты проста аддай сябе на ягоную літасць… на ягоную абарону.
Нібы малой, Тэкля выцірала Майцы аблічча памочаным ручніком.
— Ты ідзі. Прымі, калі прыйшоў чалавек. Пагавары, нічога не зробіцца.
Занадта проста трымаючыся, яна выйшла на тэрасу і ўбачыла ля балюстрады высокую жанчыну ў залацістай сукні.
Вочы міжвольна адзначылі зграбнасць постаці, простую элегантнасць убору, капялюшык з танюткай залацістай саломкі.
Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм.
— Пробачце, я прымусіла вас чакаць, — па-французску сказала Майка.
Госця адказала таксама па-французску. І хоць памылак у вымаўленні не было — празмерная правільнасць мовы лепей за памылкі казала аб скутасці чалавека, які гаварыў.
— Што вы, — сказала госця. — Я проста не звярнула ўвагі. Заглядзелася на гэтую раскошу.
Тэраса вісела над крутой стромай. Унізе быў адхон з дрэвамі і возера. Злева дзве снежныя званіцы. Яшчэ далей — стужка Дняпра, а за ёю жоўтыя ад жыта ўзгоркі. Далёка-далёка.
— Сядайце, калі ласка, — упарта трымаючыся французскай, сказала Міхаліна.
Нейкую трывогу выклікала ў ёй гэтая жанчына. Яна не бачыла пакуль яе аблічча, але трывога ўзрастала.
— Дзякуй вам.
Яны сядзелі адна насупраць другой і маўчалі. Доўга. Госця, здавалася, слухала. І не проста слухала, а заслухалася. Галоўка схілілася набок. З-за цёмнага вэлюму, яшчэ цямнейшыя за яго, вільготна глядзяць, не міргаюць вочы.
З-за шатаў дрэў, з-за Дняпра тонка-тонка, высока-высока гучала жніво. Нібы па шкле лёгкім срэбным малаточкам, нібы ў тонкі шкляны посуд, на мяжы слыху, звінелі галасы. А можа, гэта звінела дрыготкая шкляная смуга гарачага паветра над нівамі?
Закурыўся дробненькі дожджык
Па чысценькім полі, закурыўся.
Зажурыўся мой татулька ў доме
Па мне, маладзенькай, зажурыўся.
З адвечнай спеўнай тугой, з перападамі і ўзлётамі, калі здаецца, што вось зараз чалавек увесь, да апошняга, выльецца ў песню, звінелі галасы.
Гэта не была скарга. Гэта спявала сама зямля.
Не курыся, дробнеькі дожджык,
Па чысценькім полі, не курыся.
Не журыся, мой татулька, ў доме
Па мне, маладзенькай, не журыся.
Майка раптам убачыла, што вочы невядомай, вялізныя, як азёры, глядзяць ужо на яе і праз яе, не разглядаюць, а проста бачаць: наскрозь
А ў шкляных далях, як з неба, спявалі, звінелі галасы:
Не ты мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, не ты мне даў.
Бог жа мне даў долечку ліхую,
Ліхое замужжа, бог жа мне даў.
— Чуеце? — спытала раптам жанчына.
Майка здрыганулася. Таму што невядомая сказала гэта па-мужыцку. Натуральна, нібы іначай і быць не магло, спеўнай прыдняпроўскай гаворкай, якую яшчэ больш адцянёўваў нейкі дзіўны, трохі дзіцячы акцэнт.
"Алесь гаварыў заўсёды па-мужыцку. З жанчынамі і мужчынамі, на полі і ў зборні. І таму ўсе тыя, хто ўжываў мужыцкую мову, там, дзе яе не прынята было ўжываць, мелі дачыненне да яго".
— Чуеце? Жаночы лёс. Аднолькавы і ў пані, і ў прыгоннай.
Майка адказала таксама па-мужыцку — прыняла выклік:
— Згадаеце расцаніць гэта як размову пра ўсіх жанчын ці пра мяне?
Жанчына ўсміхнулася:
— Усё адно, — разлічаным, пластычным жэстам жанчына прыўзняла і замацавала на капялюшыку вэлюм. — Я былая прыгонная акторка пана Вежы. Гелена, а па новым прозвішчы — Карыцкая.
Міхаліна пазнала яе… Тая… Што ж здарылася?
Майчыны вочы прабеглi па ўсёй постацi актрысы, з галавы да ног. "Хлусня, — мiжволi падумала Мiхалiна. — Тое, што казалi пра iх, таксама была хлусня. Нехта сказаў подласць, зрабiў подласць, а я пайшла ў яго на шворцы".
Нібы зразумеўшы яе, Гелена ўсміхнулася. Усмешка была такая, што Майка зразумела: толькі ласкай і паблажлівасцю гэтай жанчыны можна растлумачыць сам факт размовы. Яна рабіла ласку, і ніхто не асмеліўся б зрабіць ласку ёй. Міхаліна глядзела на поўныя вочы.
Сонца на твары. Хохлікавыя каўпачкі "панічоў" кідаюць на сукенку і твар бэзавыя і ружовыя адбіткі. Вочы вялізныя.
А плечы тонкія, але, адразу відаць, вытрымаюць усё.
Читать дальше