Уявіў сабе, як заўтра раніцай маці будзе трымацца з усіх сіл, бацька — нявесела жартаваць, а дзед з заўсёднай іранічнай усмешкай скажа, перадражніваючы семінарскі лаціна-рускі жаргон:
— Ідзі, рытар, ужо там па цябе sub aqua [18] Адвольны пераклад на лацінскую мову разрэзанага на часткі рускага слова "подвода": sub — под, aqua — вода.
прыехала.
Сто год так дражнілі самаўпэўненых боўдураў, што вучацца невядома нашто, не маючы і напарстка мазгоў.
Сцiснула горла. Не хацелася кiдаць усяго гэтага.
I ўсё ж абшар, i велiчная плынь, i бярозавы гай, у якi ён зайшоў, дзiўна супакоiлi яго. На свеце яшчэ магло быць шчасце.
Гай быў белы-белы. Зялёная трава, зялёныя шаты, а ўсё астатняе, як кінуць вокам, белае як мармур, як цукар, як снег.
Матавыя ствалы бяроз былі ўкрыты чорнай вяззю. Мядовы свіст невядомай птушкі — для гівала было позна — ляцеў аднекуль з сонечнай лістоты.
Сонца схілялася і мякка заглядала пад лістоту. Нібы хацела праверыць, што там магло здарыцца за дзень.
Было ціха. Быў мір.
…Ён ішоў дадому, а над ім, у вышыні, плылі зялёныя, пурпурна-чырвоныя і сінія аблокі, якія свяціліся сваім святлом.
На двары, ля ўпакаваных павозак, Халімон Кірдун лаяўся з Фельдбаўхам. Кірдун з жонкай павінны былі ехаць разам з Алесем. І таму Халява быў поўны самым невыносным для ўсіх гонарам.
— Але ж плед такі паніч ацаніць, — казаў Фельдбаўх. — Плед гэты ёсць практычны. Не пэцкаецца ён. Nuch?
— Панюхай ты, ведаеш што… — злаваўся Халімон. — Гэтай анучай набожчыкаў укрываць. — Халімон смела валіў цераз пень-калоду, бо ведаў, што немец дрэнна разумее хуткую гаворку. — А яму трэба яркі, вясёлы. Да нас з панічом, магчыма, кабеты хадзіць будуць. Зірне якая на гэткую посцілу ды яшчэ, крый божа, пасівее… До ўжо тваёй улады над хлопцам!
— Хам-Халімон, — сумна сказаў Фельдбаўх. — Драўляная галава Халімон. Хвалько-Халімон.
І адвярнуўся.
— Няма ўжо ні твая, ні мая ўлада, — сказаў ён пасля паўзы. — Гарэлка нам з табой толькі ўлада хлябтаць. Пі адзін… Наг-бом… Вайсрусішэ свін-нья!
Кірдун раптам з сілаю ляснуў шапкай аб зямлю.
— Ды што ты да мяне прывязаўся, перачніца нямецкая?! Мала мы з табою, ты, нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі? — на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. — Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць.
— Я таксама ёсць басурман.
— Ты свой басурман, — гарачыўся Халява. — Наш. Беларускі. Ай, ды ідзі ты!..
Схапіў немца за плечы і патрос. А той яго. З хвіліну яны торгалі адзін аднаго. Усё больш і больш павольна. І ўрэшце кінулі.
— Сумна, — сказаў Кірдун.
— Сумна.
— Кладзі гэтую анучу. Спатрэбіцца. Хадзем лепей вып'ем.
Алесь усміхнуўся і падумаў, што яму, канечне, трэба зрабіць яшчэ нешта. Ага, трэба развітацца з самім сабою, маладым. Бо калі ён вернецца, магчыма няхутка, ён будзе ўжо зусім другі, непадобны, а Урга можа састарэць ці нават здохнуць.
Ён абмінуў дом, прайшоў пад срэбнымі фантанамі італьянскіх таполяў і папраставаў да карціннага павільёна, купал якога цямнеў пад шатамі дрэў.
…Моўчкі, нібы запамінаючы, ён сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме.
Зноў, нібы ў маленстве, яна ззяла сваім святлом. І пад галінамі яблыні, цёмная зеляніна якой хавала далягляд, юнак вёў за аброць белага каня. Нібы сотні залатых сонцаў, ззялі ў лістоце плады. І белы конь, трапяткі і спакойны, бы ў казцы, быў Урга. А юнак у круглай шапачцы — ён, Алесь.
У павільёне было цёмна. Гарэла толькі адна свечка перад карцінай. Ён так задумаўся, што не адразу пачуў, як яго нехта заве.
Алесь убачыў цемру, а ў ёй, як на карцінах Рэмбранта, аранжавае аблічча і кісці рук. Распаўнелая і добрая Анежка стаяла перад ім, жонка суровага Карпа.
— Паніч, — сказала Анежка. — А божа ж мой. І не даклічашся.
— Што, Анежачка? Трэба ісці, ці што?
— Не, — сказала Анежка. — Вось.
Ён не заўважыў, як яна знікла. Цяпер у цемры, на тым месцы, дзе была яна, стаяла другая.
Доўгі шаль зліваў яе з цямноццем. Відаць было толькі адну руку і трохі ўскінутае аблічча.
— Ты? — спытаў ён.
Лёгкі звон, нібы вада лілася ў вузкагорлы збан, напоўніў Алесевы вушы. Намаганнем волі ён здолеў стрымацца. Але ў тое самае імгненне ён зразумеў, што Гелена мела рацыю, не згаджаючыся на шлюб з ім. Нішто не забыта. Самагіпнозам была нянавісць, дурасцю была пагарда, хлуснёю — абыякавасць. І ўсе крыўды, і ўсё, што было, і чуткі аб Хаданскім, і абраза Франса, і сустрэча ля царквы — усё было лухта.
Читать дальше