Iван нiбы выказаў думку кожнага. Бо ўсе тут баялiся i падсвядома ведалi: вялiкай грамады цяпер не ўзняць. Але i чакаць было горш за смерць.
А Корчак ведаў усё лепш за iншых. Не ўзняць грамаду. Усе чакаюць. Не ўзняць. Хiба што потым, калi воля выйдзе нейкая не такая, якую чакалi.
Але яму было няўсцерп чакаць. Яшчэ i яшчэ чакаць. Як сем год ужо чакаў. Маўчаць. Хавацца i перахоўвацца. Мгчыма, зноў тры-чатыры-сем год.
Не трэба было выказваць ім сваіх думак. І ён з трохі ненатуральнай рашучасцю сказаў:
— Уздымем, не ўздымем. Гэта тады ясна будзе. Не ўздымем, то пачакаем. Пад намі не гарыць. А паспрабаваць трэба. Быдла ўжо мы, а не людзі — вось да чаго давялі. Кроер рабуе. Мусатаў страляе ў людзей… Абароны цёмнаму чалавеку няма. Прыйдзеш у суд — што давядзеш, калі гаворкі іхняй не разумееш?.. Ваўкі. А з ваўкамі — па-воўчы. — І перапыніў самога сябе: — Значыць, вырашылі: Браніборскага… Яшчэ каго?
Запанавала маўчанне.
— Раўбіча, — сказаў раптам Кандрат.
— Ты што? — паспрабаваў быў спыніць брата Андрэй. Але Кандрат павярнуўся да яго і аднымі вуснамі кінуў:
— Маўчы!
Аблічча было такое рэзкае і гнеўнае, што Андрэй змоўк.
— Раўбіча, — паўтарыў Кандрат.
— Нашто? — спытаў нехта.
Над чаўнамі павісла няёмкая маўчанка. Ніхто, акрамя Андрэя, не разумеў, чаму Кандрат Кагут аддае грамадзе, будучаму разгрому і агню, суровага звонку, але памяркоўнага пана Яраша.
Андрэй сядзеў і толькі маліўся сам сабе, каб ніхто не здагадаўся аб прычыне, аб ганьбе Загорскіх. Але ніхто, відаць, нічога не ведаў.
— У Раўбіча можна разжыцца на зброю, — сказаў Кандрат. — Можна і ў іншых багатых радоў, але тыя сцерагуцца.
— Несумленна, — сказаў Пятрок.
— То і памры на сваім сумленні, як страляць пачнуць, — сказаў Кандрат.
— А праўда, — сказаў Аўтух Лапата. — Я не чуў, каб Раўбiч… нешта такое… Але, пэўна, пад добрай скурай — дрэнь.
— Гэта чаму? — спытаў Пятрок.
— Куды дачку… аддае? — сказаў сонны Аўтух. — З кім… парадніцца хоча?
Андрэй пакутліва пачырванеў. Размова ўвесь час скакала вакол небяспечнага: Хаданскі — Раўбічы — прапановы дзядзькаванага брата… Вось-вось…
— Ваўка да ваўка цягне, — змрочна сказаў Корчак. — Згода, пускаем агонь.
Аблічча Кандрата ззяла гнеўнай радасцю.
— Раўбiча, — нiбы не мог адарвацца ад гэтага прозвiшча, паўтарыў ён. — Вужак ганяць сабралiся, а пра гадзюку нiхто не ўспомнiў. Хаданскiх палiць трэба.
— Хіба толькі паліць? — гэта сказаў усмешлівы Лявон з верхавіны дуба.
— Вынішчыць, — сказаў стары Лапата.
— Значыць так, — сказаў Корчак. — Як толькі тут супакояцца — хай нават праз год, — збіраемся і ідзём. Спачатку дзелімся на дзве гурмы. Адна — на Кроера. Другая — на Хаданскіх, адтуль…
— На Раўбіча, — сказаў Кандрат.
— …на Раўбіча, а потым, Браніборскага попелам пусціўшы, на дапамогу тым, што ў Кроераўшчыне.
— Чаму так няроўна? — спытаў Янук.
— Вельмі проста, хлопча, — сказаў Корчак. — Ты там не быў, а я меў шчасце. У яго гэтых сабутэльнікаў, загонавых прапойцаў, сотня, дый чаркесаў ён наўрад ці адпусціць. Ведае. Малой крывёю не абыдзецца. Так што адны абложаць, каб сарока не праляцела, падмогу не паклікала. А другія справы свае зробяць дый прыйдуць.
Сіняе мора повені ляжала вакол. Скакала па ім залатое рабацінне. З верхавіны дуба пачуўся раптам голас Лявона:
— Човен з гэтымі двума.
Людзі пачалі збірацца, адвязваць чаўны. Лявон спрытна, як куніца, спускаўся з дрэва.
— Пагаварылі, — сказаў Корчак. — А шкада, нельга… Мужык побач. Падплысці б ды адправіць гэтага гарлачыкі расціць.
I тут Андрэй са здiўленнем убачыў, як страшна — нiколi ў жыццi такога не бачыў — змянiўся з аблiчча брат.
Кандрат Кагут спрытна, як кошка, не абапіраючыся рукамі, устаў на ногі: душагубка амаль не загайдалася.
— Ты пашкадуеш, калі зачэпіш яго ці кагосьці з Загорскіх.
Корчак пачырванеў. І адразу на гэтым загарэлым абліччы выступілі два, крыж-накрыж, шнары: сляды Кроеравага карбача. Яны былі ледзь прыкметны, але здагадацца — хто ведаў — можна было.
— Ого, — сказаў Корчак. — Ану.
Пад свiткай, ля ног Пакiвача, варухнулася руля стрэльбы. Андрэй узяў у рукi свае восцi.
Корчак абвёў натапыраных праціўнікаў вачыма і стрымаўся:
— Тлумач.
— Ён мой брат. І гэтага досыць.
— Яно і відаць, што панскія лізунчыкі, — сказаў Янук. — Панскую зямлю панскімі коньмі араце. На панскія грошы Паўлюк з Юрасём школку скончылі…
Ён змоўк. Шырокі, белы ад вастрыні трызубец восцяў вісеў на ўзроўні яго вачэй.
Читать дальше