Бруднавата-белая ад тычынак квецень яблыневых садоў.
На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. На верхавіне аднаго з зялёных волатаў варушыўся маленькі адсюль чалавечак, галавасты Лявон Кахно.
Ягоныя старэйшыя браты — шыракатвары дабрадушны Пятрок, белы, аж сівы Іван, тонкі і спрытны, нібы ўюн, Цыпрук і буркатлівы целяпень Макар — сядзелі ў адным з чаўноў. Розныя і падобныя. З вялікімі вачыма. Вусны ружовыя, насы з лёгкай гарбінкай.
Другі човен — другія і людзі. На стырне сядзеў Цыпрук Лапата з Азярышча, галава вялікага роду з сыноў, дачок і здольнікаў [14] Прымак або прыёмыш, наконт якіх загадзя абумоўлена, што яны, як і родныя дзеці, маюць права на частку той гаспадарскай зямлі, якую абрабляюць.
. Вялізны, як мядзведзь, пахмуры, вочкі маленькія, сонныя. Разглядаў вясло, нібы нічога цікавейшага не магло быць. У ягонай байдзе, між мокрых сецяў, рыбы і сцяблаў [15] Доўблены гладкі латок з ліпы, на які ўкладаюць сець, каб не блыталася.
, на атрутна-зялёным ад вады сене сядзелі тры сыны — глядзелі на бацьку, каб ведаць, што рабіць.
Старэйшы, Юллян, трымаў на каленях — як бацька вясло — крамянёвую стрэльбу з гранчастым ствалом і цёмным пудовым прыкладам. Па прыкладзе віўся ўрэзаны ў драўніну і расплясканы малатком медны дрот. Для прыгажосці… Шыракакоснае аблічча Юлляна з вельмі шырокім, але прыгожым ротам і моцнымі сківіцамі было бледнае.
Перад ім сядзеў другі сын, Аўтух. Чысцюткая белая кашуля. На ёй — кажух без рукавоў, аўчынай наверх. Белыя доўгія валасы зблыталіся, падаюць касмылямі ледзь не да плячэй і прыкрываюць лоб. Ад гэтага за вярсту патыхала бязладнай павольнай сілай. Пукатыя, як бачулкі, грудзі, тоўстыя рукі. А твар худы, хоць і шыракакосны, і ўвесь у мускулах ля сківіц, рота і шчок.
У носе байды ляжаў, успёршыся локцямі на вільготнае сцябла, малодшы з прысутных Лапатаў — Янук. Валасы таксама зблытаныя, рот таксама вялікі і жорсткі. А вочы — большыя, чым ва ўсіх братоў, задумлівыя, трохі жорсткія.
Андрэй і Кандрат Кагуты з трэцяга чаўна глядзелі на Янука насцярожана і трохі іранічна. Памяталі, што гэта праз яго Галінка Кахнова вымушана была калісьці прасіцца ў Андрэеў човен. І яшчэ ведалі, што рана ці позна, а ім з Януком давядзецца сутыкнуцца.
У чацвёртым чаўне, што прыткнуўся да самага дуба, сядзелі млынар Грынь Паківач і, узмажнелы за гэтыя гады, увесь нібы біты сіверам і сонцам, Корчак. Бялявыя валасы выцвілі, дрымучыя чорныя вочы глядзелі пранізліва. Пад бруднаватай белай світкай, за чырвоным паясом, былі два пісталеты і доўгі, дзюймы на чатыры даўжэйшы, чым ва ўсіх, корд.
Паківач у карме трымаў вясло, не зводзячы вачэй з хлопца на верхавіне дуба. Пранізлівых, жоўта-бурштынавых, бы ў спайманага коршака, вачэй. Сухі, амаль безбароды твар з рэдкімі вусамі нібы яшчэ больш падсох ад насцярогі і чакання. Ля яго ног ляжалі дзве стрэльбы, прыкрытыя світкай.
— Той, хто ад вас ад'ехаў, гэта хто? — спытаў Корчак.
— Загорскі малады, — адказаў Андрэй.
— Гм, — Корчак прыжмурыў вочы. — А з ім?
— Кірдун Халява.
— Шкада, — сказаў Корчак. — Чаго яны тут?
— А што, Дняпро для цябе толькi? — спытаў Кандрат. — Ён ужо трэцi дзень у нас. Нельга было не ўзяць. Вось мы ўчора назнарок стаўную сетку ля трох вербаў паставiлi, а сёння пагналi яго здымаць. Час ёсць… Ты не зыгуй, Корчак, ён чалавек харошы.
— Значыць, паспяшаемя, — сказаў Корчак. — А ты, Кандрат, глядзі. Як на скрут галавы робіш. Каб не пашкадаваў.
Кандрат усміхнуўся аднымі зубамі:
— Ты яшчэ не пануй. Ты мужыкоў не ведаеш. Калі нехта і пойдзе да цябе — ты не задавайся, атаман. Ты з імі — як з братамі. Яны нацярпеліся. Ім новага пана, ды яшчэ з хамаў — не трэба.
— Што вярзеш? — спытаў ваўкаваты Юллян.
— А тое, што твая спіна, відаць, па новым сядле плача, Юллян. Не дай бог з хама — пан, а дзярма — пірог.
Паківач нечакана згадзіўся:
— Я табе гэта, Корчак, сем год назад казаў.
Корчак стрымаўся.
— Добра. Пагарачыўся я.
— I я кажу, — сказаў Кандрат. — А станеш гарачыцца — справы не будзе. Непамысна табе — нiхто не трымае. Адварочвай ды вяслуй ваду. А хочаш застацца — нас паважай. Мы табе сябры, а не парабкi. Прыгон — ён на ўсiх ляжыць. Таму i наважылiся бунтаваць.
Корчак засмяяўся.
— Ну, до, до. Сам разумею. Мужыкі-і. Адна мы кроў. На адной вадзе замешаныя. — І ён паказаў на бязмежную палавень: — На ягонай вось.
— Расказвай, — кінуў Кандрат.
— Я некаторым панкам пад Дошчыцай учыніў-такі, — сказаў Корчак. — Ноч на чыстую пятніцу. Два маёнткі спалілі хлопцы…
Читать дальше