Франс развёў рукамі.
— Відаць, досыць, — сказаў ён. — Давайце бярвенні, людзі.
— Не рабі гэтага, — сказаў Алесь. — Не рабі таго, аб чым пашкадуеш. Я люблю цябе, браце. Ты сапраўды цяпер мой брат. Не я завёў тую свару. Я заўсёды хацеў, каб быў мір. Нам абрыдла, што з-за дурной спрэчкі гінуць лепшыя нашы гады. І таму я вымушаны быў пайсці на гэта, хоць я вельмі шкадую, Франс. І я прашу твайго даравання.
Раўбіч, здаецца, не ведаў, што яму казаць.
— Бач, запяяў, — сказаў, — сказаў Ілля Хаданскі.
— Я не баязлiвец, Франс, ты ведаеш. Я проста хачу мiру. Не крыўдзь сваёй сястры, а маёй жонкi.
— Досыць, Франс, — сказаў стары Хаданскі. — Ты можаш ісці. За крыўды адплацім мы.
— Як? — спытаў Франс.
— Яна зробіцца ўдавой Загорскага, не паспеўшы зрабіцца жонкай.
Алесь змрочна кінуў:
— Я не хачу і тваёй крыві. А ты, Франс, запамятай: што б ні здарылася, я ніколі не стану страляць у цябе. Мне дарагая мая жонка.
— А калі стрэлю я? — спытаў Франс.
Алесь паціснуў плячыма.
— Не прыніжайся, — раўнуў раптам Мсціслаў.
— Я не прыніжаюся, ты бачыш.
— Мы яму не дамо расстрэльваць цябе, — пачырванеў Паўлюк. — Я буду страляць. Чуеш, я?!
— Чуеш, Франс? — сказаў Алесь. — Магчыма, яны. Але не я.
— Адчыні, — сказаў Раўбіч, — не заўдавай сабе ганьбы.
— Я не магу гэтага зрабіць, — спакойна сказаў Алесь. — Я не веру вунь тым. Я схіліў на гэтую справу сяброў і адказваю за іхняе жыццё і бяспеку.
Франс адышоў прэч ад царквы. Нешта горача казаў яму Ілля Хаданскі. Раўбіч ашчаперыў рукамі галаву. Хаданскі казаў далей. Франс ківаў галавою. Потым глыбока ўздыхнуў і агледзеў вежы і гульбішча царквы.
— Франс, — сказаў Алесь, — адумайся, пакуль не позна.
Замест адказу пралунаў стрэл з купкі дваран ля старога Хаданскага. Паляцела грубая жоўтая атынкоўка
ля галавы Алеся.
У адказ галерэя залапатала нягучнымі стрэламі.
— Людзі! Людзі! Адумайцеся! — гарлаў Алесь. — Што вы робіце? Людзі!
Замалаціла свінцовым бобам па свінцовых чарапіцах над галавой.
Мсціслаў сунуў у Алесевы рукі стрэльбу.
— Бі! Бі і не крычы! Яны гэта не так зразумеюць!
І тады Загорскі, захлынаючыся гневам і роспаччу, прыпаў да прыклада.
Стрэльба была новая, пістонная. Яна нечакана зручна лягла да пляча. Алесь убачыў на канцы рулі галаву Іллюка Хаданскага і націснуў курок.
Ілля схапіўся за галаву і павольна заваліўся назад, на рукі сябрам.
— Няўжо забіў?
— Ну і чорт з ім, хоць і забіў, — прахрыпеў з правага боку мурын.
— Не забіў! — раптам амаль з радасцю крыкнуў Андрэй Кагут. — Не! Бач, устае. Аглушыў, відаць, толькі.
Ра-та-та, — сыпанула па чарапіцах. — Ра-та-та.
— Бач ты, — сыпануў Кандрат. — Гэтак вельмі проста і забіць могуць.
Стрэлы з галерэі нібы паступова апаясвалі царкву.
Янка Клейна, першы з закранутых, сядзеў на каменных плітах падлогі і, лаючыся, накладаў корпію на прастрэлены мускул прадплечча.
— Глядзі, — сказаў Кандрат. — Чырвоная.
— Яна, браце, ва ўсіх чырвоная ды аднолькавая, — сказаў Андрэй. — Ва ўсіх людцаў, колькі іх чыста ёсць на зямлі… Сволачы… Навалач, прама сказаць… Што, Янка, кусь?
— Кусь, — усміхнуўся той. — Нічога, неяк зажыве.
Мсціслаў прыглядаўся, што робіцца ўнізе.
— Глядзі, — сказаў ён. — Вось нягоднікі.
Людзі ўсталёўвалі наводдаль дзве гарматы. Парадныя. З Раўбічавага ганка.
Алесь адчуў холад у пазваночніку. Холад пракаціўся некуды ўніз і знік у нагах.
— Гэта, калі і не пацэліўшы, у галаву патрапіць, — сказаў Кірдун. — То пэўна дзірка будзе з палац пана
Вежы.
Запанавала маўчанне. Потым стары Кандраці павольна перажагнаўся.
— Гарматы, — сказаў адзін з палясоўшчыкаў.
Кандрат Кагут абвёў усіх вачыма.
— Мы народ сур'ёзны, — сказаў ён. — Жартаваць не любім.
Са свістам хвастанула па балюстрадзе і даху карцеч.
— До жартаў, хлопцы, — сказаў Мсціслаў. — Біце па гарматах, іначай жывыя не выйдзем.
Алесь высунуў галаву. Ілля Хаданскі падносіў шматок зыркага пакулля да запальніка. На галаве ў Іллі
бялела павязка.
І раптам нешта здарылася. Чыясьці рука выхапіла кнот з рукі ў графа. Той паспрабаваў быў перахапіць яго назад. І тады тая самая рука гучна прыпячаталася да шчакі маладога чалавека.
— Чакайце, хлопцы, — непаразумела сказаў Мсціслаў. — Не страляць. Баба.
Сапраўды, між людзей, што трымалі абдогу, рухаліся дзве жаночыя постаці.
— Дамоў, — сказала жанчына голасам Надзеі Клейны.
— Я раіў бы ісці дамоў вам, пані Надзея.
— Ідзі дамоў, Франс, — паўтарыла Клейна. — Там зараз адна Ядвінька. Яна баіцца. Нават лекара яшчэ няма. Паслалі ў Вежу.
Читать дальше