Чырвань кінулася яму ў шчокі, вочы блішчэлі.
— Рыхтуйся, Халімон. Мы ім тут зараз дубоў наломім.
Стары Вежа яшчэ здалёк пачуў гоман і зразумеў: абышлося.
І ўсё ж ён звыкла стрымаўся і не выявіў сваіх пачуццяў. Паглыбіўся ў кнігу, а потым кінуў на Алеся такі позірк, нібы нічога і не здарылася, нібы толькі гадзіну назад яны разышліся.
— Чаго гэта крык і шум вялік, і рэчы многія ва ўсіх баярэх?
Алесь расказаў.
— Ну і што думаеш рабіць?
— Украду.
— Ты, братачка, раней чым красці, хоць апраніся. Як ты жаніхацца паедзеш такім Хрыстом. Тут табе не Палясціна і не Эмаус. — І ўсміхнуўся: — Дальбог, ачуняў. Бач ты, як адразу да дзейнасці яго павяло. Ідзеш на шлюб як на злом галавы… Ну, гэта ўсюды так. А яшчэ што?
— Таркайлу трэба правучыць.
— Як? — іранічна спытаў дзед.
— Двабой.
— З ім? Па-першае, гэта ўжо не двабой, а трыбой. Іх жа двое. А па-другое, не пойдзе ён з табою біцца. Ён гандляр, хоць і дваранін.
— Трэба, каб Ісленьеў ведаў.
— Нашто? І так яму з намі клопату. Рускія людзі блізка бяруць да сэрца чужыя беды. А яму іх хапала і сваіх, яшчэ з часоў мяцяжу… У справу з Таркайлам старога не цягні. — Падумаў. Затым сказаў: — На Таркайлу нельга глядзець як на роўнага. Загадай, каб запрэглі коней.
…Упершыню за ўвесь час дзед пераапрануўся ў парадную вопратку. Сядзеў побач з унукам велічны і строгі. Маўчаў усю дарогу да дома Таркайлаў. Калі фурманка спынілася, сказаў Алесю:
— Чакай мяне тут.
Пайшоў у дом. На парозе паспрабавала была ўтрымаць Сабіна.
— Брата няма дома. Толькі панскі брат.
— Ён мне і патрэбен.
І прайшоў паўз яе.
Тодар Таркайла ўбачыў Вежу і разгубіўся.
Па сполаху ў вачах Вежа ўпэўніўся: ён.
— То як панавы справы?
— Якія? — спытаў Таркайла.
— Пан ведае якія. Не мне іх яму нагадваць.
— Я, прабачце, не разумею…
— Дарма. А манастыр пан Тодар помніць?
— Дальбог жа, не…
— До, — кінуў Вежа. — Не будзем траціць часу. І ты ведаеш усё, і я. Не мне гэта ўсё ўдакладняць. І не мне, вядома, на цябе даносіць. Але папярэджваю, Тодар, каб ведаў, на што ўздымаеш руку. Хлопчык мой Алесь… Крыўдзіць яго і цару не дам, а табе і пагатоў.
— Вы забываецеся…
— Я — не. А вось ты забыўся. Ты ніколі не думаў, чаму твае вэксалі Платон Рылаў з Веткі на спагнанне не падае?.. А дарма. Падумай. Вэксалі тыя ў мяне. Не хацеў я ганьбы чалавеку адной зямлі, двараніну. Трэба табе прыйсці — да каго ўжо сам ведаеш — і прасіць дазволу tirer mon épingle du jeu [49] Выйсці з гульні (франц.)
.
— Я не разумею…
— Кінь. Кінь, кажу. Усё разумееш. З тваім розумам не ў палітыку лезці. Толькі ў гароху сядзець. І іншым скажы, Вежа іх таксама ведае. І не злітуецца. А таму, калі яшчэ нехта ў загорскім наваколлі хоць раз кугакне — я цябе жабраваць пушчу.
Памаўчаў.
— І гэта яшчэ не ўсё. На месцы манастыра — попел. Будзе ён і на месцы вашых дамоў — колькі іх ні ёсць. Цярпеў я. Дарма трываў. Больш не буду. На тым — бывай.
…Коні беглі мерна. Стары маўчаў. І толькі ля павароткі на Вежу раптам пачаў гаварыць, нібы сам сабе:
— Лесінг казаў, што трэба заўсёды выбіраць левую руку або імкненні, а не правую або даброты… Вось ты і кіраваўся б гэтым… Ды хіба вас пераканаеш хоць якой мудрасцю.
І нелагічна раззлаваўся.
— А ты — лабідуда. Хіба ў нас такія былі? Я б зараз на разведку паехаў — pour préparer et sonder le terrain, et pour que cette visite ne présent pas le pas le caractére peu satisfaisant de la premiére [50] Для падрыхтоўкі і зандавання глебы і дзеля таго, каб гэны візіт не быў такі самы малаздавальняючы, як першы (франц.)
.
Сціснуў кій.
— Я б Раўбічаву дачку жывою звёз. Павянчаўся. Царква мая. У Мілым. Гэтага смярдзючага племя, папоў, бліжэй чым на сем вёрст не цярплю, але на такі выпадак — нічога…
Сіні мяккі дзень ляжаў над паплавамі. Сонца ўжо хілілася на захад. Невялічкі лясны астравок над спакойнай і па-асенняму густа-сіняй Равекай здалёк здаваўся бязлюдным і ціхім. Пажоўклыя бярозы стаялі над плынню, гарэлі добрым і негарачым агнём, асыпалі часам на траву рэдкія жарынкі лісцяў.
Праз Равеку, ірвучы конскімі грудзьмі гарлачыкі, ехаў унаброд коннік. Праставаў да ляснога астраўка. На ўзлессі азірнуўся і знік між дрэў.
…Астравок быў поўны людзьмі. Прывязаўшы да хмызоў коней, яны чакалі.
— Што чуваць, Кандарт?
Кагут наблізіўся да Алеся, скочыў з каня.
— Пан Яраш гамоніць са старым Хаданскім. Зачыніліся з гадзіну таму, і не відаць, каб хутка скончылі. Тэкля, карыстаючыся выпадкам, збірае сякія-такія рэчы паненкі.
Читать дальше