Але горды сівы Кейстут, які зведаў і смак вялікакняскай улады, і чалавечую спрыяльнасць, і хітрыкі міжусобнай барацьбы, не паддаваўся на ўгаворы. І тады адбылося страшнае. Адны кажуць, што сам Ягайла, іншыя даводзяць, што пастараліся крыжакі, так ці інакш але паступіў загад знішчыць непакорнага князя. Гэта таемна зрабілі князевы ахоўнікі-памочнікі. Яны задушылі Кейстута залатым матузом ад ягонага ж урачыстага ўбору.
Вось як пра гэта паведамляе Супрасльскі летапіс: «Князя великого Кестутия, дяду своего, оковав, ко Креву послали и всадили во вежю, а князя великого оставили Витовта еще во Вилни. И тамо во Креиве пятои нощи князя великого Кестутия удавили коморникы князя великога Ягайлавы: Прокша, што воду давал ему, а были ины, Мостев брат а Кучюк а Лисица Жыбентяи. Таков конец стался князю великому Кестутию».
А людзі адразу ж назвалі Княскую вежу вежай Кейстута. Ды гэтае злачынства не было ў замкавых лёхах адзіным і апошнім.
Прывід жа гэтай непатрэбнай ахвяры часта з’яўляўся на сценах і вежах, у палацавых пакоях, палохаючы насельнікаў і нагадваючы ахвотнікам несправядлівых і злосных дзеянняў пра абавязковую адплату за злачынства.
Вітаўт шчыра аплакваў горкі лёс бацькі і паплечніка па змаганні супраць Ягайлы. Аднак ён не кінуўся на калені, не папрасіў літасці ў Ягайлы. Вітаўт выношваў план уцёкаў з вязніцы.
Тады і з’явіўся на замкавай сцяне не прывід Кейстута, а жывы прывід – сам Вітаўт. Пра гэта з рознай ступенню дэталізацыі згадваюць практычна ўсе важнейшыя тагачасныя летапісы. Як сведчанне вынаходлівасці Вітаўтавай жонкі Ганны, якая прыдумала пераапрануць мужа ў адзенне служанкі і выбавіць яго з вязніцы (што сталася пасля з вернай Вітаўтавай служанкай, можна сабе ўявіць). Як доказ намеру Вітаўта помсціць Ягайлу за смерць бацькі і непаважлівыя адносіны да яго самога.
Адседзеўшы ў Княскай вежы, Вітаўт апынуўся за сценамі Крэўскага замка, а пасля і за межамі Вялікага княства. Падаўся шукаць падтрымкі ў крыжакоў. Сам вялікі магістр крыжацкага ордэна Конрад Валенрод быў гатовы аказваць яму дапамогу. Ведама – гэткая асоба прасіла спрыяння. Ды і ў планы Конрада па заваёве славянскіх зямель гэта клалася выгадным радком. Тым самым хітры крыжак чужымі рукамі распальваў агонь незадаволенасці і варожасці паміж уладнымі асобамі Вялікага княства, падкідваў паленцы ў вогнішча міжусобных сутычак.
Дарэчы, Вітаўт не аднойчы выпрабоўваў гэты шлях – звяртаўся ў цяжкія моманты да крыжакоў, нібыта не знаходзіў іншага выйсця. Але і падманваў іх не аднойчы, за што помслівыя рыцары мелі не толькі крыўду, нават дзяцей Вітаўта, узятых у заложнікі, забілі. Так ці інакш, але не схаўрусаваў Вітаўт з крыжакамі, застаўся верны сваёй зямлі і свайму прызначэнню – быць вялікім князем літоўскім і сапраўдным гаспадаром для сваіх падначаленых.
Аказваецца, гісторыя не можа абыходзіцца без загадак, таямніц і сваіх уласных легенд. Так здарылася і з Кейстутам. Шмат хто з пазнейшых даследчыкаў вылучаў розныя версіі, дапушчэнні і здагадкі адносна ягонай ролі ў гісторыі Вялікага княства, узаемаадносін з Ягайлам і прычын смерці. Свой падыход выявіў і польскі даследчык Стэфан Кучыньскі ў кнізе пра караля Ягайлу, выдадзенай у Варшаве ў 1987 годзе.
Ён ставіць пад сумненне тое, што Кейстут быў задушаны па загаду Ягайлы. Спасылаецца на крыніцы, адны з якіх лічаць, што ніхто не ведае, як памёр Кейстут, другія сведчаць, што адбылося самазабойства, трэція абвінавачваюць Ягайлу. Кучыньскі прытрымліваецца іншай версіі. Ён мяркуе, што віна Ягайлы не мае неабвержных доказаў. А калі дапусціць, што гэтае забойства нават мела месца, то адбылося альбо насуперак волі Ягайлы, альбо без яго ведама і тым больш без папярэдняй згоды.
Як адзін з доказаў гэтага Кучыньскі прыводзіць дапушчэнне, што калі б Ягайла захацеў пазбавіцца ад сапернікаў, то загадаў бы знішчыць абодвух: Кейстута і Вітаўта, а не аднаго састарэлага свайго дзядзьку, якому і так заставалася жыць нядоўга. Аднак жа Кучыньскі не згадвае, што шмат якія крыніцы менавіта так і лічаць: Ягайла намерваўся пазбавіцца ад абодвух. Іншая рэч, што Вітаўту ўдалося ўцячы з Крэўскага замка. І яшчэ польскі гісторык даводзіць, што Вітаўт, які павінен быў стаць зацятым ворагам Ягайлы з-за забойства бацькі, не чыніў варожых акцый супраць яго. Ён нібыта толькі прасіў Ягайлу праз крыжакоў, каб той аддаў бацькавы маёнткі і багацці, а сам намерваўся “лаяльна” яму служыць. Не баючыся помсты, Вітаўт вяртаецца ад крыжакоў у Княства і з 1392 года ажно 38 гадоў “верна і лаяльна” супрацоўнічае з Ягайлам.
Читать дальше