Спачатку было страшнавата, а потым неяк прызвычаіліся. Нават бабуля прывыкла да баявой абстаноўкі і перастала божкаць пры кожным выбуху. Яна па гуку навучылася вызначаць, дзе ўзарвалася: далека ці блізка. Грымне так, што за каўнер сыплецца з бабульчынага накату пясок, а яна супакойвае нас:
— На Скокавым агародзе. Асколашны.
Заходзіць ходырам зямля, а бабка зноў:
— Бач ты... бонбу скінулі.
Я спачатку лез спрачацца — мне ж больш вядома,— толькі старая ў спрэчку не ўвязваецца:
— Ну, няхай міна.
Махне рукой, абы адчапіўся.
Калі страляніна крыху сціхае, мы з Глыжкам прабіраемся ў хату і пачынаем кухарыць: намываем у чыгункі бульбы, запальваем у печы агонь.
У вокнах ніводнай шыбы, па хаце гуляе вецер, завываюць снарады, праносяцца штурмавікі, а ў нас кіпіць бульба. Самае галоўнае — данесці яе ў бліндаж. Тэта не заўсёды ўдаецца. Аднойчы на суседнім агародзе метраў за сто ад нас упалі два снарады. Глыжка з перапуду ткнуўся носам у разору, і па зямлі пакаціўся гарачы чыгунок, рассыпалася бульба.
— Эх ты, салдат! — папракнуў я малога.— Табе толькі паклоны біць.
— А ты шалдат! — пакрыўдзіўся Глыжка, старанна падбіраючы бульбу.— Шам дык поўжаеш...
Але пасля гэтага выпадку пахрабрэў. Калі ўжо і падаў, то бярог чыгунок.
Толькі, нягледзячы на нашу з Глыжкам мужнасць, мы не заўсёды вярталіся ў бліндаж з ежай. Двойчы бульбу ў нас адбіралі немцы. Адзін проста высыпаў у крысо шыняля і пабег па агародах, а другі выхапіў чугунок і даў нам кожнаму па выспятку.
Неўзабаве бабуля і зусім забараніла такія вылазкі. Здарылася гэта пасля гібелі дзеда Мірона. Ён сядзеў у хаце з бабай Гапай і снедаў. Раптам забег немец, вывеў дзеда на агарод і загадаў легчы. Стары Мірон лёг.
— Не так,— паказаў яму фашыст рукамі.— Лажыся ніц.
Дзед лёг ніц. Немец стрэліў з пісталета ў патыліцу і пайшоў.
Выбегла баба Гапа на агарод, залямантавала на ўсю вуліцу, праклінаючы і гэтых нелюдзяў, і Гітлера, і ўсю Германію. Яна цяпер не баялася смерці, няхай заб'юць і яе. А той нават не азірнуўся, паціху пайшоў за агароды на гарадзішча, дзе былі іх траншэі.
Ноччу асабліва люта грымеў бой. Стралялі зусім блізка. 3 аўтаматаў. Мабыць, нашы ўварваліся ў вёску. Успыхваюць ракеты, заліваючы наваколле халодным сіняватым святлом, гараць хаты. Вось ужо настала і раніца, а наверсе робіцца пітосьці незразумелае. Страляніна то набліжаецца, то аддаляецца, то сціхае, то разгараецца з новай сілай.
Мне не сядзіцца. Бабуля сварыцца і ўвесь чась цягне за зашмальцаваны рукаў маёй світкі, але хіба ты вытрымаеш і не высунеш носа?
Ён быў далекавата, але я адразу зразумеў, што гэта наш баец.
— Баба, нашы! — радасна крычу я ў бліндаж.
— Сядзь, нячысцік! — цягне бабуля мяне за бурак. Баец пераскочыў агароджу і ўпаў у разору. Замерла сэрца — няўжо забілі. Але праз хвіліну адтуль абазваўся аўтамат. Баец страляе то ў адзін, то ў другі бок. Яго акружаюць.
Вось адзін з немцаў зялёнай яшчаркай паўзе па бульбе.
— Паглядзі, паглядзі сюды,— прашу я байца. Ён нібыта пачуў. Паглядзеў і даў кароткую чаргу. Яшчарка ўгаманілася.
Баец падхопліваецца з разоры і, кідаючыся то ў адзін, то ў другі бок, бяжыць на вуліцу. Хоча заскочыць у двор. Каля самых варотцаў пахіснуўся і, абдымаючы шула, асеў на зямлю.
Немцы асмялелі. Іх некалькі. Яны падняліся з зямлі і, прыгінаючыся, пачалі перабягаць да Міронавага двара. Вось зноў пападалі. Баец страляе з невялікага дашчанага хлеўчука.
Немцы ракетай падпалілі страху. Я размазваю па шчоках брудныя слёзы. Лютае, ненажэрнае полымя са звярынай радасцю ахапіла салому, затрашчала, зараўло, аблізваючы пачарнелыя галіны вербаў. Але і цяпер баец не дае немцам падняць галавы. То доўгія, то кароткія чэргі аўтамата прыгінаюць ворагаў да зямлі. Толькі тады, калі з грукатам праваліўся дах, узняўшы высокі слуп іскраў, аўтамат змоўк.
Я ціха споўз у бліндаж. Усё скончана. Загінуў.
— Нашы плыйшлі? — пытае мяне Глыжка. Я шморгнуў носам і кіўнуў галавой...
— I плаўда? — узрадаваўся ён.
Яго асадзіла бабуля:
— Праўда — крыўда. Памаўчы. Немцы ходзяць.
Яна як у ваду глядзела. Забразгалі жалезныя бляшанкі процівагазаў. Усё бліжэй і бліжэй. Спыніліся каля нашай нары. Відаць толькі дзве пары салдацкіх ботаў.
Адзін з фашыстаў нагнуўся, і я сустрэўся з ім позіркам. Гэта было рудое, даўно няголенае мурло, з нейкімі туманнымі, патухлымі вачыма. Ён махнуў рукой — вылазь.
Другі — чарнявы, худы. У каўняры салдацкага мундзіра змесцяцца дзве яго шыі. Ён пасвяціў у наш бліндаж кішэнным ліхтарыкам і, не знайшоўшы нічога падазронага, адышоў убок.
Читать дальше