Той гадзіннік ведаем і мы з Санькам, хоць былі ў горадзе два разы. Да вайны з бацькамі ездзілі на калгасных конях прадаваць восенню бульбу. Ён круглы і такі вялікі, што за сто крокаў убачыш, каторая гадзіна. Сёлетняй вясной мы насілі шчаўе. Шкло на гадзінніку ўжо разбіта, і стрэлкі стаяць на месцы. Санька казаў — току няма.
— А ён што? — хвалюецца Косцік.— Хіба не прасіўся?
Скок плюнуў на цыгарку і стаптаным абцасам уціснуў яе ў пясок.
— Што толку прасіцца? Стаяў як каменны. Рукі вяроўкай звязаныя. Рускі якісь, што з немцамі быў, крычаў, маўляў, гэта партызан, бальшавіцкі бандыт і рознае такое. Страшыў, словам.
Я ўяўляю сабе, як там было. Партызан, як Максім Здор — ачалчэнцкі камандзір. Шырокія плечы, расхрыстаная кашуля, ільняным снопам спадаюць на лоб валасы. Адным словам, дужы і горды чалавек. Ён нічога не сказаў на допыце, нічога не сказаў і пад гадзіннікам.
— Чулі, як учора ў горадзе бухнула? — пытае між іншым дзядзька Скок.
— Ну?
— У нас аж шыбы зазвінелі,— улез у размову Міцька.
— Электрастанцыю ўзарвалі,— паведаміў сусед і давай зноў круціць качаргу.
Я сам чуў гэты выбух, толькі не звярнуў увагі: цяпер усюды бухае. 3 нашай вёскі некалькі такіх хлопцаў, як мы з Санькам, падарваліся: хто на міне, хто снарад разбіраючы, хто на чым іншым. Цяпер гэта не дзіва.
— Можа, сама?— сумняваецца нехта з кавалераў.
— Дурань! — асякае яго Косцік-гарманіст.— Буры гэта зрабіў, яго работа.
— Буры ці не Буры,— разважае дзядзька, ляпаючы абломкам рашпіля па крэмню,— а справа зроблена. Прыехала некалькі чалавек у нямецкай форме, і галоўны іхні гаворыць: «Гутэн таг, мы — камісія». Прымаць, словам, будзем вашу работу. Ну, усё як мае быць агледзелі. «Гут,— кажуць,— можна запускаць». А самі селі — і аўхвідзерзэй. I тут самая галоўная машына трах-бах — і бывайце здаровы. Немцы, мой татка, забегалі: васіс дас?
— Васіс дас — кіслы квас,— увярнуў я к слову, і ўсе засмяяліся, а Скок падхапіў:
— Кіслы квас у іх выйшаў потым, калі праз гадзіну сапраўдная камісія прыехала.
— Ну, вядома, гэта Буры! — зноў рашуча паўтарыў Косцік.
Пра нейкага Бурага ўжо даўно ходзяць самыя неверагодныя чуткі. Кажуць, да вайны ён быў настаўнікам нямецкай мовы, а цяпер, пераапрануўшыся ў афіцэрскую форму, ходзіць па горадзе, абедае ў нямецкіх сталовых, заходзіць у штабы — усё разведвае і перадае нашым. Адяойчы пагрузіў на машыны ўсё, што было ў нямецкім шпіталі, і адвёз да партызан у лес. Кажуць, яшчэ цэлы рэстаран з немцамі падарваў.
I вось сабралася нямецкае начальства і гаворыць:
— Хопіць нам важдацца з гэтым Бурым!
Прыдумала тое начальства хітры план, як злавіць Бурага, а ён сядзіць паміж немцаў і хваліць усё гэта: «Гут, гут». Вось які гэты Буры!
Мы з Санькам выцягваем шыі і ловім кожнае слова.
— Вы чулі, якая ў нашых зброя ёсць?
Мы круць галовы на голас — Косцік Буслікаў расказвае:
— Выязджае на поле бою танк. Браня — ні адзін снарад не возьме. I раптам адчыняюцца ў ім спецыяльныя дзверцы, а адтуль танкетак штук дзесяць...
«Во,— думаю я,— добра нашы зрабілі. Немцы лічаць, што танк адзін, і сядзяць сабе, у вус не дзьмуць, а калі схопяцца — позна. Што і казаць, хітра зроблена. Няхай паскачуць цяпер нямецкія морды!»
Дарослыя дзядзькі недаверліва хмыкаюць — байкі. Толькі адзін Скок пускае дым у два струмяні і ківае галавой:
— Можа быць...
Толькі гэта яшчэ не ўсё. У нашых гармата такая ёсць — прывязуць воз снарадаў, а яна адным махам — бабах іх немцам на галовы. Снарады разрываюцца, а з іх вылятаюць другія снарады, а з другіх — трэція. Праўда, крыху меншыя.
— Выдумкі.
— Чаго там выдумкі? — падтрымаў Косціка Скок.— «Кацюша» называецца.
— I адкуль ты ўсё ведаеш? — здзіўляюцца мужыкі.
— Ад людзей чуў, мой татка, на базары...
Нам з Санькам таксама карціць расказаць, што мы ад людзей чулі. Кажуць, што нашых нямецкія кулі не бяруць. Смаляць фашысты з кулямётаў, а нашым хоць бы хны. Кулі ад іх, як гарох, адскакваюць.
— Яны бранявыя шчыты на грудзях носяць,— заканчвае расказ Санька.
Тут, праўда, Скок нічога ў нашу падтрымку не сказаў, але мы ўсё роўна і ў гэтую чутку верым. Верым і будзем верыць, таму што не можа таго быць, каб у нашых нічога такога не было. I радасна робіцца на душы. Няхай папомняць фашысцкія морды. Яны яшчэ паскачуць.
Сыплюцца на зямлю зоркі, вычэрчваюць па чорным небе агністыя дугі. На траву кладзецца раса. Бабуля даўно падаіла карову — можна смела ісці дамоў. Ногі сырадоем не памажа.
Читать дальше